«З 12 гадоў хлопчыка павінен выхоўваць тата». У гэтым перакананы Леанід Заіка, вядомы эканаміст, якога нашы пастаянныя чытачы ведаюць не па чутках. Шмат гадоў ён даволі часта выступаў на старонках «Звязды» ў якасці эксперта. На днях мы завіталі дадому да вучонага, які адзін выхоўвае 13-гадовага сына Уладзіка. І распыталі, як ён спраўляецца адначасова з роляй мамы і таты.

Фота: Анатоль Кляшчук.

Фота: Анатоль Кляшчук.

Май­ку з жар­таў­лі­вым над­пі­сам Ле­а­ні­ду За­іку па­да­рыў сын.

— Лю­бі­це па­ля­жаць на ка­на­пе пе­рад тэ­ле­ві­за­рам, як і боль­шасць муж­чын? — пы­та­ю­ся. — Што вы? Гэ­та не муж­чы­на! Муж­чы­на заў­сё­ды па­ві­нен быць пры спра­ве, за­ня­ты, кла­па­ціц­ца пра бліз­кіх, за­бяс­печ­ваць псі­ха­ла­гіч­ны кам­форт у сям'і.

«Самым цяжкім было сказаць сыну, што мамы не стала»

— Заходзьце, разувайцеся. Можаце, вядома, і не разувацца, калі хочаце памыць падлогу (з самага пачатку размовы спадар Леанід шмат жартуе). Праходзім у гасціную. «Шпалеры ў мяне тут клеіла кандыдат псіхалагічных навук (мае на ўвазе другую жонку Жанну Грынюк, якая чатыры гады таму памерла ад раку).

— Леанід Фёдаравіч, апошнім часам павялічылася колькасць людзей, якія паміраюць ад раку ў росквіце сіл…

— Так, і мая жонка з іх ліку… Прайшло 4 гады… Жанна — моцны чалавек. Напрыканцы жыцця яна магутны акорд зрабіла. Уяўляеце, яе выпісваюць з бальніцы пасля курса хіміятэрапіі, а праз два тыдні яна праводзіць конкурс «Брэнд года». За месяц да смерці ў яе была вялікая камандзіроўка ў ЗША. Потым выступала на канферэнцыях у Швейцарыі і ў Славакіі, інтэрв'ю давала. Трымалася годна да апошняга.

— Як перажыць страту блізкага чалавека? Можа, у вас ёсць нейкі рэцэпт?

— Філасофскія адносіны да жыцця і смерці заключаюцца ў тым, што трэба ўсё ўспрымаць годна. Самае цяжкае — гэта было сказаць сыну, што мама памерла. Я сказаў, што яна проста перамясцілася ў іншую прастору, другое вымярэнне. Уладзік сказаў: «Я ведаю». Сыну было ўсяго 5 годзікаў, калі Жанне паставілі страшны дыягназ. Ён даглядаў маці, гэта ўсё прайшло на яго вачах. …Я не маю права раскісаць, апускаць рукі! Які ж прыклад сыну пакажу?! Я абавязаны пра яго паклапаціцца за дваіх. Жанна мяне перад смерцю праінструктавала.

— Думаю, што яшчэ пачуццё гумару вас выручае ў многіх сітуацыях?

— Смяяцца трэба, з сябе ў тым ліку. Чалавеку ў жыцці наогул неабходна толькі дзве якасці: высокі прафесіяналізм і пачуццё гумару.

— На вас у адзін момант столькі ўсяго звалілася. Як спраўляецеся, хтосьці дапамагае?

— Спачатку сваякі дапамагалі, бабуля.

З 12 ж гадоў, гэта не сакрэт, хлопчыка павінен выхоўваць тата. Уладзік, гэта ты прыйшоў? Ідзі сюды, у нас тут кансультацыя, ці лёгка цябе выхоўваць?

— О, дык ты сапраўдны джэнтльмен! Пастаянна ходзіш у школу ў касцюме ды ў гальштуку-бабачцы?

— А як жа ж! — каментуе маўклівы ківок галавой сына спадар Леанід. — Дрэс-код. Ён у гімназіі вучыцца. Гэтую бабачку, дарэчы, яму падарыў мой сябра, прафесар, таму яму прафесарам ужо няма сэнсу станавіцца (смяецца). …Добра, размовы размовамі, а мне сыну трэба перакусон пакласці (кіруецца на кухню). Ён жа гадзінку тут пабудзе і пойдзе ў музыкалку.

— Есці гатуеце самі ці наймаеце кагосьці? — цікаўлюся, пакуль Леанід Фёдаравіч перакладае з кантэйнера ў талерку «селядзец пад футрам».

— Самі. Я стаўлюся негатыўна, калі нехта чужы ў доме з'яўляецца. Вокны трэба памыць (кідае погляд на акно). Памыем, праўда, Уладзік, не праблема? Прыбіраемся, пыласосім па чарзе. Сам гатую і сына вучу. Мы супы разам робім, беляшы, пірагі з тварагом ды з мясам. З вечара планую меню на наступны дзень. У мяне шмат паездак, замежных камандзіровак. Праўда, зараз да мінімуму звёў. Але трэба, каб Улад без мяне спраўляўся з усім. Мужчына павінен быць самастойны. Мы — такія. Канешне, дрэнна, што адны засталіся…

«Які я вам дзядуля?..»

— Спадар Леанід, вам было за 50, калі нарадзіўся Уладзік. Кажуць, познія дзеці працягваюць маладосць сваіх бацькоў…

— Мы куплялі на днях туфлі Уладзіку ў краме. Прадавачкі да мяне звярталіся: «Дзядуля». Я ўжо прывык, не крыўджуся, з гумарам стаўлюся. «Які я вам дзядуля? — кажу. — Не зайздросціце!» Дзеці — заўсёды шчасце. Познія, раннія. У той жа Пугачовай маленькія дзеці. А паглядзіце на нашага прэзідэнта… Час памяняўся. Памяняліся стандарты жыцця. Цяпер людзі сталі жыць на 20 гадоў больш. Дарэчы, Мендзялееў быў апошнім, сямнаццатым дзіцем. І праславіўся на ўвесь свет. Таму, мілыя жанчыны, звярніце ўвагу, ад каго трэба нараджаць дзяцей.

— Чула, што вы вывелі формулу, якая дапамагае знайсці ідэальнага партнёра…

— Гэта не я. Мне яе прафесар адзін падказаў: x (узрост мужчыны) трэба падзяліць на 2 і дадаць 7. У нас з Жаннай розніца ва ўзросце пад 20 гадоў. Мне было 50, а ёй — 33. Ідэальны варыянт. Я ўжо быў самастойны, і яна. Дзве цікавыя асобы. Што такое каханне? Гэта бескарыслівая, самазабыўная цяга да індывідуальнасці.

— Як складваюцца адносіны паміж сынам і вашай старэйшай дачкой?

— Цудоўна. Маёй дачцэ 40. У яе самой трое дзяцей. Паміж маім старэйшым унукам і Уладзікам розніца ўсяго адзін год. Кажу яму: давай да пляменнікаў з'ездзім (смяецца). Яны яго заўсёды чакаюць.

— Леанід Фёдаравіч, не было жадання адпачыць на пенсіі?

— Якая пенсія! Калі я скажу некаму са сваіх замежных калег, што я пенсіянер, яны прытомнасць страцяць. Калі на цябе ёсць попыт, які ты пенсіянер? Ды і ў выкладчыка няма ўзросту. Ён альбо добры альбо дрэнны. На многіх людзей, якім па 30—40 гадоў, — няма попыту. Яны сабе не могуць знайсці працу… Гэта лёгка высветліць. Пасядзіце дома. За цэлы дзень ніхто не патэлефануе — значыць, вы нікому не патрэбны. У беларусаў наогул няма імкнення да канкурэнцыі.

— Ды і на адну пенсію сына на ногі нерэальна паставіць…

— Я сваім маладым калегам і знаёмым кажу: рабіце так, каб не жыць на пенсію. Альбо зарабляйце грошы раней, альбо памірайце раней. Зараз я ў асноўным выкладчыкам чытаю лекцыі, у тым ліку і за мяжой. Англійскую, французскую і нямецкую мовы засвоіў толькі пасля 30. Вучыцца трэба ўсё жыццё, незалежна ад узросту.

— Да таго ж вы цудоўна іграеце на раялі…

— І не толькі на раялі. Надакучыла пісаць — сеў пайграў. Як казалі ў савецкі час, гарманічная асоба. У студэнцкія часы мае аднагрупнікі падпрацоўвалі дворнікамі і вахцёрамі. А я іграў на вяселлях, у рэстаранах, працаваў у музычным аддзеле ўнівермага. Важна ўмець штосьці рабіць рукамі. У мяне ёсць план: летам выехаць у Вену і каля Венскай оперы пайграць на акардэоне. Зарплата будзе большай, чым у любога прафесара нашай кансерваторыі… Лішніх ведаў і ўменняў не бывае, як і лішніх грошай.

— А што датычыцца эканомікі, чаго б яшчэ хацелі дасягнуць?

— Хачу заснаваць унікальную школу і выкладаць там макраэканоміку для міністраў і дзяржаўных чыноўнікаў вышэйшага класа.

«Гэ­ты ра­яль для сы­на куп­ля­лі. Юрый Ан­то­наў ад­па­чы­ваў бы, ка­лі б у мя­не быў та­кі ў дзя­цін­стве». Фота: Анатоль Кляшчук.

«Гэ­ты ра­яль для сы­на куп­ля­лі. Юрый Ан­то­наў ад­па­чы­ваў бы, ка­лі б у мя­не быў та­кі ў дзя­цін­стве». Фота: Анатоль Кляшчук.

«Не разумею, як гэта мужчына без грошай ходзіць»

У рабочым кабінеце Леаніда Заікі шмат месца займае доўгі драўляны стол.

— Мы разам з Уладзікам за ім змяшчаемся. Я працую. А ён урокі вучыць.

— Гляджу, у вас на стале даволі шмат рэчаў…

— Гэта Уладзіка, у асноўным. Я не ўмешваюся. Ведаю, што чужыя рэчы перакладаць нельга. Бо памятаю, калі быў малы, і мама не дай бог рабіла прыборку, то пасля капут — нічога не знойдзеш.

Побач з рабочым сталом — кніжная шафа на ўсю сцяну.

— Вось тут кніжкі, якія я напісаў. А вось гэтую — «Германская ваенная думка» — Улад купіў.

— Ваш сын такія сур'ёзныя кнігі чытае?

— Дык кніга цікавая! Я і сам яе з задавальненнем у яго бяру. Мы нават не можам падзяліць, хто яе першы будзе чытаць.

— Вы даяце сыну грошы на кішэнныя расходы?

— Уладзік можа пісаць у сваёй біяграфіі, што пачаў працаваць у два гады. Здымаўся ў рэкламе. Віселі па ўсім горадзе білборды. А цяпер я яму аформіў банкаўскую картку, ён ужо сам расплачваецца. Крыху пазней навучу яго, як ствараць фінансавыя патокі, як ацэньваць сітуацыю, рызыкі і іншае. А як жа! З грашыма трэба ўмець працаваць.

— Хочаце, каб ён стаў таксама, як і вы, эканамістам?

— Ні ў якім разе. Навошта? Паглядзіце, у Алы Пугачовай дачка спявачка. Гэта ж тупіковы кірунак, калі дзеці паўтараюць шлях бацькоў. У ГДР у свой час гэта нават забаранялася. Толькі дзве сферы дзейнасці былі недатыкальныя: медыцына і выкладанне ў ВНУ.

— А калі яму захочацца?

— Не, яму не хочацца. У яго нармальнае мысленне. У Беларусі выпускаецца ў год 5000 эканамістаў. Каго вы з іх ведаеце? Паглядзіце, насупраць будынак стаіць, там рыхтуюць менеджараў-маркетолагаў. Не ведаю, дзе мы знойдзем столькі прадпрыемстваў для гэтых менеджараў. Мне трэба было паправіць вентыль. Патэлефанаваў, каб выклікаць сантэхніка. Кажуць, толькі праз тры дні прыйдзе. Праблема — няма сантэхнікаў. Менеджараў сотні, а сантэхнікаў няма.

— Я ў вас у доме налічыла ажно чатыры камп'ютары. Дазваляеце сыну карыстацца імі? Не раз чула насцярожанае: «Бяда цяпер, што дзеці сядзяць у гаджэтах…»

— Які дурань сказаў, што гэта бяда? Што казалі настаўнікі, калі я быў школьнікам? Таварышы бацькі, будзьце пільныя: дзеці сядзяць увесь час каля тэлевізара. Я ўдзячны сваім маці і тату, што не забаранялі. Бо тэлевізар для мяне быў на той час акном у свет. Цяпер дзеці глядзяць тэлевізар? Не. Праблема вырашылася. Дзеці заўсёды выбіраюць самыя тэхнічныя, высокаінтэлектуальныя штучкі. Інтэрнэт дапамагае мне ў выхаванні сына. У нас неяк узнікла дыскусія, які рост быў у Пятра І. Усе пішуць, што пад два метры. Я пачытаў у спецыялістаў, аказваецца недзе 160 сантыметраў. Дзякуючы інтэрнэту мы хутка можам знайсці адказы на ўсе свае пытанні. Змагацца з гэтым не трэба. Адзінае — вочы. Ва ўсім трэба ведаць меру.

— Вы разбіраецеся ў эканамічных працэсах. Як лічыце, хто павінен распараджацца сямейным бюджэтам — муж ці жонка?

— Грошы павінны быць у кожнага. Гэта ж сусветная практыка. Завядзіце проста асобную картку на агульныя расходы, пакупку прадуктаў і скідвайце туды частку сваіх грошай. Я не разумею, як гэта мужчына без грошай ходзіць. Гэта ж не мужчына, а дадатак да жанчыны. Ды ён нават, калі і захоча, сюрпрыз сваёй жонцы не зможа зрабіць. Наогул наяўных грошай у нармальнага чалавека не павінна быць. Яны могуць быць толькі ў карупцыянераў і ў злачынцаў. Калі вы ў Амерыцы за касцюм будзеце плаціць 500 долараў гатоўкай, гэта выкліча ва ўсіх да вас крайні недавер. Таму ў мяне ўсе грошы на картках.

— Калі я зараз у вас папрашу 60 капеек на метро, вы мне не дасце?

— Не, раней пастаянна прасілі ў двары мужыкі. Цяпер не просяць, бо ведаюць, што ў мяне картка. Камунальныя таксама аплачваю праз інтэрнэт. Гэта ж ганьба, калі я, вядомы эканаміст, буду на пошце з бабулькамі стаяць у чарзе.

***

— Шлях да сэрца мужчыны ляжыць…

— Кажуць, што праз страўнік. Але гэта ўсё абы-што. Выключна праз інтэлект.

— Дзяцей трэба песціць ці трымаць у строгасці?

— Дзяцей трэба любіць. І стымуляваць, каб яны самі развіваліся. І менш кантраляваць. Яны павінны быць самастойнымі: і чым раней, тым лепш. Пакуль маладыя, яны павінны «ўкалваць», ездзіць, глядзець свет.

— Ёсць чалавек, знаёмствам з якім вы ганарыцеся?

— Сяброўствам з Алегам Сарокіным, цудоўны быў музыка. А таксама знаёмствам з сантэхнікам. На днях прыйшоў, зрабіў невялікую работу. Кажа: мне плаціць нічога не трэба. Лепш патэлефануйце ў дзіцячы хоспіс, там некалькі рублёў за званок з вашага тэлефона спішуць. Вось ён, сапраўдны чалавек. Ні адзін багаты і паспяховы мне такога не прапаноўваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?