«Наша Ніва» звязалася з Андрэем Мяцельскім — псіхолагам, які ў «расследаванні» БТ вешае на «Белы легіён» цэтлікі нацыстаў, грунтуючыся на відэа, якое яму «паказалі». 

«Карацей, гэта нацызм», — такая фраза, апроч іншых, належыць Мяцельскаму. 

Андрэй Мяцельскі. Фота econet.ru

Мы папрасілі яго больш доказана патлумачыць, якія менавіта факты спрыялі такой выснове. 

Праўда, Мяцельскі адмовіўся ад сваёй трактоўкі, сказаўшы, што не называў «легіянераў» наўпрост нацыстамі, а толькі што «нацысты так свае ідэі прапагандавалі». 

«Нацысты гэтаксама рабілі, адзін у адзін, — кажа псіхолаг. — Напрыклад, «Алаху Акбар» выклікае ў свядомасці агрэсію і замацоўвае яе ў паводзінах. Простае словазлучэнне. Гэтаксама ёсць музыка і відэашэраг, якія выклікаюць такія эмоцыі. Той ролік, які я паглядзеў, выклікае агрэсію, злосць, імкненне разбураць». 

Мяцельскі запэўніў, што не лічыць нацысцкай бел-чырвона-белую сімволіку, а калі так, маўляў, і можна падумаць, сыходзячы з відэа, то гэта «магчыма, журналісты прыплялі». 

«Я не прэтэндую на нейкага вялікага эксперта па розных нацыяналістычных справах. Але ідэя мусіць быць нейкая. Я ж не сказаў, што гэта нацызм-прапаганда, я сказаў, што з гэтага і нацысты пачыналі», — паўтарыў Мяцельскі. 

Пра сваё шэдэўральнае абгрунтаванне «хлусні» Някляева («Ён чухаецца. Калі я ў Маскве на вакзале шаурму купляю і пытаюся, ці не з коткі яна, а прадавец чухаецца і кажа «не», то я не купляю»), Мяцельскі сказаў так: 

«Трэба высвятляць у кантэксце, мне ж толькі відэа паказалі, мне гук не ўключалі».

Варта дадаць, што да паслугаў гэтага псіхолага дзяржаўныя тэлевізійшчыкі ўжо звярталіся раней — тады Мяцельскі спатрэбіўся ім для кампраметацыі тагачаснай старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной. Для БТ ён сказаў, што твар Літвіной «выказвае злосць, агіду, адрынанне і імкненне схаваць праўду». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?