13.04.2017 / 16:26

Берасцейцы ствараюць унікальную мапу з любімымі месцамі: Хочам, каб да нас прыязджала больш турыстаў з Захаду 7

Яшчэ тры гады таму кіраўнік кансалтынгавага агенцтва «Propus» Яўген Скрабутан захацеў стварыць нешта, што б прыцягнула ў Беларусь замежнікаў, зрабіла б краіну больш прывабнай для турыстаў. Тады яму ў галаву і прыйшла наступная ідэя: падрыхтаваць для гасцей карту, дзе б былі пазначаны любімыя месцы беларусаў — прыгожыя храмы, утульныя паркі, кавярні са смачнымі стравамі.

«Калі прыязджаеш у Варшаву ці Львоў, напрыклад, там на кожным кроку можна ўзяць кучу карт і буклетаў, якія дапамогуць зарыентавацца ў новым горадзе. У Беларусі да гэтага часу нават Мінск якасна не падрыхтаваны да прыёму гасцей. Паўнавартаснага даведніка аб магчымасцях краіны няма ні ў нашых інфацэнтрах, ні на замежных сайтах», — каментуе Яўген.

Хлопец выношваў гэтую ідэю, шукаў аднадумцаў, якія б дапамаглі яму ўвасобіць праект. Нарэшце, летась яны сустрэліся. Падабралася каманда з гісторыкаў, экскурсаводаў і проста неабыякавых людзей. Стваральніцай візуальнай часткі карты стала вядомая ў Брэсце дызайнерка і ілюстратарка Ганна Яцкевіч. Зараз працэс стварэння мапы наблізіўся да фінальнага этапа: на яе наносяць кавярні, месцы адпачынку і клубы, якія вельмі любяць мясцовыя жыхары і таму гасцінна прапануюць наведаць іх прыезджым. Скончыць справу плануюць у канцы красавіка, акурат перад травеньскімі святамі.

«У першую чаргу, мы скіраваны на турыстаў з Захаду, таму робім карту на польскай і англійскай мовах. Мы спадзяемся, што інфармацыя пра тое, што Брэст можа стаць бязвізавым горадам для замежнікаў, не толькі чуткі. У будучыні, можа быць, падрыхтуем і беларускамоўную версію для тых, хто любіць вандраваць па роднай краіне», — тлумачыць Яўген Скрабутан.

Распаўсюджваць папяровы тыраж карты будуць бясплатна ў гатэлях, кавярнях і іншых папулярных месцах Брэста, а таксама ў дыпламатычных установах Польшчы. Акрамя іншага, інфармацыя стане даступная ў інтэрнэце. Стваральнікі мапы ўлічылі, што наваколле хутка змяняецца, таму будуць аднаўляць яе змест раз на некалькі месяцаў. Калі з брэсцкім гайдам усё пойдзе, як трэба, далей энтузіясты возьмуцца маляваць дапаможнік па вандроўках у Гродна.

Кацярына Карпіцкая

3
хамса / Адказаць
13.04.2017 / 16:41
узнавіць бы горад..
калі першы раз ехала ў Брэст (у 4 класе), была ў такім прадчуванні: 'ух ты! я ж убачу новы горад, новыя будынкіі'.. і якое ж было вялікае расчараванне па прыездзе: бо ўбачыла другі Мінск.. тыя ж шэрыя панэлькі
а зараз даводзіцца бачыць велізарныя цэрквы з асабліва нейкай велічэзнай пазалотай.. нейкую такую маскву.. і гэта ў адным з самых заходніх гарадоў Беларусі.. неяк асабліва крыўдна
13
Pryhun / Адказаць
13.04.2017 / 16:44
Нашы назвы пішуцца НАШАЙ лацінкай, нават па-польску. Калі ўжо ў беларусаў з’явіцца павага да сябе? Ані грошыка не дам на гэтую польскую бздуру!
1
Jeż Jerzy / Адказаць
13.04.2017 / 16:46
ну нарэшце хоць хтосці пачаў - не забудзьце пра іншыя гарады таксама!
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру