Масква і Мінск знайшлі рашэнні ў газавай сферы, якія задавальняюць абодва бакі, і разгледзяць пакет дакументаў, які мінімізуе рызыкі цэнавых спрэчак, заявіў расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

Раней беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам накіравалася ў Маскву для перамоў па нафце і газе, паведамляе ria.ru.

«Сёння мы прыйшлі да рашэнняў, якія задавальняюць абодва бакі, і важна, што яны ў цэлым зразумелыя і празрыстыя. Першы пратакол вызначае аб'ёмы паставак расійскай сырой нафты ў перыяд з 2017 па 2024 год у памеры 24 мільёнаў тон у год трубаправодным транспартам. Другі устанаўлівае парадак вызначэння цаны на газ для Беларусі ў перыяд да 31 снежня 2019 года і прадугледжвае распрацоўку ў тэрмін да 1 студзеня 2018 года прапаноў па праграме фарміравання агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 годзе», — сказаў Мядзведзеў на пасяджэнні кабінета міністраў.

Ён таксама паведаміў, што Расія напярэдадні атрымала дадатковыя гарантыі ад Беларусі па газе. «Чакаем вяртання доўгу «Газпрому», пасля гэтага прыступім да рэалізацыі разгляданых сёння пагадненняў», — дадаў прэм'ер.

Масква і Мінск будуць паслядоўна рухацца да адзінага рынку газу, адзначыў кіраўнік расійскага урада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?