ЮНЭЙДС разлічвае, што Беларусь стане першай краінай, якая пераможа эпідэмію ВІЧ. Пра гэта заявіў сёння журналістам намеснік Генеральнага сакратара ААН — выканаўчы дырэктар Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДзе (ЮНЭЙДС) Мішэль Сідзібэ, перадае БЕЛТА.

Мішэль Сідзібэ адзначыў, што Беларусь у ліку першых дабілася істотных вынікаў у прадухіленні перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці дзіцяці. «Мы таксама спадзяёмся, што Беларусь стане першай у свеце краінай, якая зможа перамагчы эпідэмію віруса ў цэлым», — падкрэсліў ён.

Намеснік Генеральнага сакратара ААН сустрэўся сёння з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Бакі абмеркавалі дасягненні беларускай аховы здароўя, а таксама перспектывы ўзаемаадносін Беларусі і афрыканскіх краін. На думку Мішэля Сідзібэ, беларускія ноу-хау, тэхналогіі ў такіх сферах, як адукацыя і ахова здароўя, укаранёныя ў дзяржавах Афрыкі, зменяць іх жыццё да лепшага.

Мішэль Сідзібэ таксама звярнуў увагу, што Беларусь дабілася важкіх вынікаў у ахове здароўя маці і дзяцей. У цэлым палітыка беларускай дзяржавы мае сацыяльна арыентаваны характар, яна накіравана на роўны доступ усіх слаёў насельніцтва да паслуг адукацыі і аховы здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0