У Гродне выбралі эскіз помніка легендарнаму палкаводцу і гарадзенскаму старасту Давыду Гарадзенскаму, паведамілі ў гарвыканкаме.

Конкурс эскізных праектаў помніка Давыду Гарадзенскаму, арганізаваны Гродзенскім гарвыканкамам, праводзіўся з мэтай пошуку найбольш выразнага вобраза палкаводца і дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, старасты і кашталяна гродзенскай крэпасці. Зыходзячы з таго, што не засталося ні партрэтаў, ні якіх-небудзь іншых апісанняў яго знешнасці, па ўмовах конкурсу помнік павінен увасабляць вобраз воіна той эпохі.

«На конкурс было прадстаўлена 13 работ. Пераможцу выбірала камісія ў складзе 17 чалавек. Кожны эскіз абмяркоўваўся асобна», — адзначылі ў гарвыканкаме. Там расказалі, што пераможцам стаў праект мінчука Сяргея Оганава. Пасля ўзгаднення з замоўцам — Гродзенскай епархіяй, дапрацоўкі эскіза і яго зацвярджэння аўтар прыступіць да вырабу помніка. Размесціцца ён на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага.

Давыд Гарадзенскі (каля 1283-1326), кашталян гарадзенскі, военачальнік і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, вядомы тым, што не пацярпеў ні аднаго паражэння ў бітвах з крыжакамі. Паводле адной з легенд, ён пахаваны ў Гродне ля муроў Каложскай царквы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0