13 красавіка памёр гісторык Юры Бохан — доктар гістарычных навук. Яму быў 51 год. Даследаваў урбаністычнае развіццё, узбраенне і арганізацыю войска, шляхецкі побыт у ВКЛ.

Развітанне пройдзе ў Чырвоным касцёле ад 11:30 да 13:30 у суботу, 15 красавіка. Юрыя Бохана пахаваюць побач з маці на Паўночных могілках.

Гісторык Аляксандр Краўцэвіч сказаў Свабодзе: «Апроч таго, што Юрась быў выбітны спецыяліст па вайсковай справе ВКЛ, ён яшчэ быў вельмі сумленным і прыстойным чалавекам. Ён ніколі не ішоў на службу ідэалогіі. Ён трымаўся чысціні навукі».

Мікола Волкаў, гісторык: «Юры Бохан — фактычна, заснавальнік гістарычнага збраязнаўства ў Беларусі. Ён стварыў цэлую школу. Я быў яго вучнем. Я практычна апошні, хто ў яго абараніў кандыдацкую дысертацыю. Гэта быў вельмі шляхотны чалавек, які, нягледзячы на свае рэгаліі, паводзіўся з усімі прыязна і адкрыта, без фанабэрыі. Гэтая смерць — вялікая страта для беларускай навукі».