«Наша Ніва» працягвае цыкл матэрыялаў пра жыхароў «Драздоў-2» — элітнага пасёлка на ўскрайку Мінска.

Як нам стала вядома, права пабудаваць катэдж атрымаў чарговы чыноўнік — сакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась.

Чытайце таксама: Дзяржсакратаром Рады бяспекі стаў Станіслаў Зась — пяць фактаў

15 сотак зямлі ў водаахоўнай зоне «Драздоў-2» дасталіся яму паводле рашэння Мінгарвыканкама №923 (для службовага карыстання) ад 16 сакавіка 2017 года.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фармальным уласнікам зямлі застаецца дзяржава, але Зась атрымлівае надзел у пажыццёвае спадчыннае валоданне — г.зн. пакіне яго дзецям і унукам.

Цікава, што частка надзелу, які дастаўся сілавіку, да нядаўняга часу выкарыстоўваўся ў якасці будаўнічай пляцоўкі тэніснага цэнтра. Яго ўзводзіць наваполацкая кампанія «Інтэрсэрвіс», падкантрольная мільянерам Аляксандру Шакуціну і Мікалаю Вараб’ю. Паводле таго самага рашэння для службовага карыстання, зямлю інвестарам падрэзалі, каб памясціць катэдж Зася.

Чытайце таксама. Сакратар Рады бяспекі: На Дзень Волі ніводны міліцыянт у Мінску не дастаў дубінкі

Каб пачаць будаўніцтва дома, Засю давядзецца пасунуць пабудовы Шакуціна. Фота Сяргея Гудзіліна.

Каб пачаць будаўніцтва дома, Засю давядзецца пасунуць пабудовы Шакуціна. Фота Сяргея Гудзіліна.

Паколькі сакратар Рады бяспекі не паспеў на асноўную раздачу ўчасткаў чыноўнікам у «Драздах-2», якая адбывалася на працягу 2013—2014 гадоў, яму дасталася зямля з «другой чаргі».

Найбліжэйшай суседкай Зася стане кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. А з вокнаў будзе відаць амфітэатр, які будуе спявак Анатоль Ярмоленка, а таксама катэджы адстаўнікоў — колішняга віцэ-спікера Савета рэспублікі Міхаіла Матусевіча і экс-старшыні «Белнафтахіма» Аляксандра Бароўскага.

Нагадаем, што зямля пад будаўніцтва катэджаў у Мінску размяркоўваецца наступным чынам: спачатку яе мусяць прапанаваць шматдзетным сем’ям з чаргі. Калі ахвотных няма, надзел выстаўляецца на аўкцыён. Зась атрымаў зямлю па-за гэтымі правіламі.

Ва ўласнасці сям’і Зася застаецца трохпакаёўка плошчай больш за 80 м2 на вуліцы Панамарова ў Мінску.

Дом на вуліцы Панамарова.

Дом на вуліцы Панамарова.

Жонка сакратара Рады бяспекі Інэса Зась выкладае на кафедры замежных моваў Педуніверсітэта.

* * *

Станіслаў Зась

Нарадзіўся 18 жніўня 1964 года ў Чарнігаўскай вобласці Украіны. Скончыў Бакінскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню, Вайсковую акадэмію Беларусі, Вайсковую акадэмію Генштаба Узброеных сілаў Расіі. Служыў ва Узброеных сілах, МУС, КДБ, Памежных войсках. З 2008 — намеснік генсакратара Рады бяспекі.

Чытайце таксама: Ад Абельскай да Ярмошынай: уладальнікі катэджаў у Драздах, поўны спіс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?