Арганізатар «Еўрабачання» Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС) паведаміў, што Расія не зможа ўдзельнічаць у конкурсе ў 2017 годзе. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве ЕВС.

У заяве гаворыцца, што пасля пацверджання забароны на ўезд расійскай спявачкі Юліі Самойлавай ва Украіну, ЕВС прапанаваў Расіі два варыянты. Першы — удзельнічаць у конкурсе дыстанцыйна, другі — выбраць іншую кандыдатуру для ўдзелу. Як адзначыў ЕВС, абедзве прапановы «Першы канал» адхіліў і адмовіўся трансляваць конкурс.

«На жаль, гэта азначае, што Расія больш не зможа прыняць удзел у конкурсе ў гэтым годзе. Мы вельмі хацелі, каб усе 43 краіны змаглі прыняць удзел, і зрабілі ўсё магчымае для дасягнення гэтай мэты», — напісана ў заяве ЕВС.

Па словах старшыні назіральнай рады ЕВС Франка-Дытэра Фрэйлінга, арганізатар «Еўрабачання» асуджае рашэнне ўкраінскіх уладаў аб забароне на ўдзел Самойлавай. Ён сказаў, што гэта ўдар па «непалітычным характары і місіі» конкурсу.

Раней Расія выбрала для ўдзелу ў конкурсе спявачку Юлію Самойлаву.

СБУ забараніла Самойлавай ўезд на Украіну на тры гады з-за таго, што спявачка наведвала Крым у 2015 годзе. Згодна з украінскім заканадаўствам, паўвостраў лічыцца «часова акупаванай тэрыторыяй», з якой дзейнічае адмысловы прававы рэжым наведвання. Украінскія ўлады дазваляюць уезд у Крым з іншых краін толькі пры атрыманні спецыяльнага дазволу ад Кіева. Крымінальны кодэкс Украіны прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі за парушэнне гэтага правіла.

Па словах міністэрства замежных спраў Расіі, забарона Самойлавай прыязджаць у краіну з'яўляецца «бесчалавечным актам».

Да гэтага ВГТРК таксама паведамляў, што ў Расіі не будуць трансляваць конкурс.

Фінал «Еўрабачання» пройдзе ў Кіеве 13 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?