Злучаныя Штаты Амэрыкі ня маюць намеру адмяняць эканамічныя санкцыі ў адносінах беларускіх прадпрыемстваў, калі на волю не выйдуць палітычныя зьняволеныя Аляксандр Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Аб гэтым на прэс‑канфэрэнцыі ў Менску заявіў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.

«Рашэньне аб увядзеньні эканамічных санкцый было прынятае ў канцы мінулага году. Гэта было прадвызначана часам і сытуацыяй у Беларусі. У цяперашні час мы назіраем за разьвіцьцём гэтага працэсу. У студзені‑лютым мы ўбачылі, што пяцёра палітвязьняў былі вызваленыя. Мы чакаем вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. І я не думаю, што будуць нейкія зьмены ў лепшы бок у пытаньні, датычным санкцый, калі сытуацыя з палітычнымі зьняволенымі не палепшыцца», — адзначыў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Амэрыканскі дыплямат падкрэсьліў, што «зараз у ЗША пэрыяд палітычных перамен. Сытуацыя ў Беларусі стала адной з тэм, якая абмяркоўваецца пад час перадвыбарчай кампаніі ў Амэрыцы. Крокі, якія былі распачатыя беларускім рэжымам, прыцягнулі ўвагу вельмі важных людзей у Злучаных Штатах, уключаючы кандыдатаў на пост прэзыдэнта ЗША».

Часовы Павераны ў справах ЗША сёньня на прэс‑канфэрэнцыі афіцыйна абвясьціў аб пераходзе на новую пасаду Надзвычайнага і Паўнаважнага пасла ЗША Карэн Ст’юарт, якая з’ехала зь Менску пасьля пачатку канфлікту з уладамі Беларусі, які ўзьнік у сувязі з увядзеньнем амэрыканцамі эканамічных санкцый у адносінах беларускіх прадпрыемстваў.

«Пасол Карэн Ст’юарт 4 жніўня афіцыйна прызначаная галоўным намесьнікам памочніка Дзяржсакратара ЗША па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы. Яна не вернецца ў Беларусь у якасьці пасла ЗША», — заявіў Дж.Мур.

Джонатан Мур выказаў сумнеў, што хуткім часам у Менску з’явіцца амбасадар ЗША, хаця «ў будучым гэта магчыма». Узначальваць дыпмісію ЗША, па словах Мура, будзе па‑ранейшаму ён ў пасадзе Часовага Паверанага.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, Джонатан Мур заўважыў, што «дадзенае прызначэньне не зьяўляецца спробай паўплываць на адносіны з Беларусьсю». «Гэтае рашэньне прынятае, каб выкарыстоўваць яе талент і здольнасьці. Яна галоўны намесьнік Дэвіда Крэмэра — памочніка Дзяржсакратара па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы. Гэта значыць, што ў Дзярждэпартамэнце як мінімум два чалавекі, якія добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі», — заўважыў Дж.Мур.

Ён таксама расказаў журналістам, што аднойчы сустрэўся ў Менску з паслом Беларусі ў ЗША Міхаілам Хвастовым — «выпадкова ў міністэрстве замежных спраў». «Я не думаю, што ён хутка вернецца ў Вашынгтон. Прымаючы ва ўвагу, што ён даволі доўга займаў высокія пазыцыі ў МЗС, яму будзе складана знайсьці прасоўваньне па службе», — заўважыў Дж.Мур.

Адказваючы на пытаньне, ці маюць ЗША намер распачаць нейкія крокі ў сувязі з тым, што ў Беларусі працуюць усяго 4 амэрыканскіх дыпляматы, Джонатан Мур адказаў: «Як я ўжо казаў, нас больш хвалюе колькасьць палітзьняволеных ў Беларусі, чым колькасьць дыпляматаў ЗША ў Менску».

Амэрыканскі дыплямат таксама закрануў тэму правядзеньня «парлямэнцкіх выбараў» у Беларусі. Ён падкрэсьліў, што пазыцыі ЗША і Эўрасаюзу па пытаньні «выбараў» у Беларусі супадаюць. Кіраўнік амэрыканскай дыпмісіі нагадаў, што ў Менску зь візытам знаходзілася высокапастаўленая дэлегацыя з Брусэля. «Падчас гэтага візыту было заяўлена, што адзнака выбараў будзе залежаць не ад іх выніку, а ад іх ходу», — нагадаў Мур. Дыплямат падкрэсьліў важнасьць рэгістрацыі апазыцыйных актывістаў кандыдатамі ў дэпутаты, прадстаўленьне ім паўнавартаснага эфіру на тэлебачаньні і магчымасьці выказацца на старонках друкаваных дзяржаўных СМІ, а таксама допуск назіральнікаў да працэсу падліку вынікаў «выбараў». Джонатан Мур адзначыў, што яму вядомыя факты ціску на актывістаў апазыцыі, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі.

«Такія закулісныя паводзіны ўладаў выклікаюць зьдзіўленьне на фоне публічных заяваў аб тым, што выбары будуць празрыстымі», — адзначыў Часовы Павераны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?