Дыпляматычныя ведамствы Беларусі і ЗША займаюцца пытаньнем вяртаньня на радзіму беларускай дзяўчынкі, якую ўтрымлівае сям’я з Сан-Францыска.

Пра гэта паведаміла ў сераду, 6 жніўня, намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.

Па дадзеных МЗС Беларусі, 5 жніўня група беларускіх дзцей у складзе 25 чалавек, што знаходзіліся на аздараўленьні ў ЗША, плянавала вылецець у Менск з Сан-Францыска. У вызначаны час у аэрапорт не зьявілася адна зь беларускіх дзяўчынак. У сувязі гэтым вылет групы беларускіх дзяцей адклалі. Прадстаўнікі амэрыканскай арганізацыі, што прымала дзяцей зь Беларусі, зьвярнуліся ў паліцыю.Як высьветлілася, дзяўчынка зьяўляецца жыхаркай Барысава, 1991 г.н., жыве ў апякунскай сям’і з бабуляй.

«Гэта першы выпадак за апошнія гады, калі з ЗША ў Беларусь не вярнулася дзіця, адпраўленае ў складзе групы на аздараўленьне», — адзначылі ў дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці ўпраўленьня справамі прэзыдэнта Беларусі.

«Прадстаўнікі дзярждэпу ЗША, пасольства ЗША ў Менску, МЗС Беларусі прыкладаюць намаганьні па вяртаньні на радзіму непаўналетняй грамадзянкі Беларусі, якая знаходзілася на адпачынку ў ЗША», — паведаміла Ваньшына.

Па яе словах, у Вашынгтоне ў дзярждэпартамэнце адбылася сустрэча часовага паверанага ў справах Беларусі ў ЗША Алега Краўчанкі, на якой амэрыканскаму боку была ўручаная адпаведная нота і заяўленае патрабаваньне забясьпечыць неадкладны вылет групы беларускіх дзяцей на радзіму ў поўным складзе.

У МЗС Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.

«Амэрыканскаму дыплямату перадалі патрабаваньне беларускага боку прыняць усе неабходныя для забесьпячэньня безумоўнага вяртаньня беларускай грамадзянкі на радзіму», — паведаміла прадстаўніца беларускага МЗС. «Дзярждэпартамэнт ЗША таксама заявіў, што лічыць неправамернымі дзеяньні сям’і з Сан-Францыска, якая ўтрымлівае беларускую дзяўчынку», — дадала Ваньшына.

Нагадаем, што некалькі год таму падобная сытуацыя адбылася зь беларускай сіратой Вікай Мароз. Выхаванку вілейскага інтэрнату тры тыдні хавала сям’я з Італіі, якая неаднакроць прымала дзяўчынку ў сябе.

Паводле newsru.com

***

Міністар Радзькоў: Беларусі неабходна разьвіваць практыку падпісаньня дамоў аб аздараўленьні дзяцей з ЗША.

Беларусі неабходна разьвіваць практыку падпісаньня дамоў аб аздараўленьні дзяцей з ЗША і іншымі краінамі, заявіў на прэс-канфэрэнцыі міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў. Ён нагадаў, што цяпер дзейнічае адмыслова падпісаная паміж Беларусьсю ды Італіяй дамова аб аздараўленьні дзяцей, і, па ягоным меркаваньні, падобнай практыкі неабходна прытрымлівацца і ў адносінах зь іншымі краінамі. Паводле словаў міністра,

Беларуская дзяўчынка, якая не далучылася да асноўнай групы дзяцей, што вярталіся з адпачынку ў Сан-Францыска, ужо была ў амэрыканскай сям’і каля 8 разоў, і праблемаў зь яе вяртаньнем у Беларусь раней не ўзьнікала. Астатнія дзеці, вылет якіх на радзіму быў адкладзены ў сувязі зь інцыдэнтам, разьмеркаваныя па сем’ях, у якіх яны адпачывалі. Яны чакаюць рашэньня тэхнічнага пытаньня вяртаньня іх у Беларусь, бо неабходна ўзгадніць рэйсы і маршруты, якімі група прыбудзе ў сваю краіну.

Міністар таксама дадаў, што ў ЗША штогод па лініі розных фондаў гасьцююць больш за тысячу беларускіх дзяцей. Акрамя таго, па розных адукацыйных праграмах за мяжу выяжджае паўтары тысячы студэнтаў.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0