14.04.2017 / 21:00

Памер страхавой выплаты пры афармленні ДТЗ без выкліку ДАІ можа ўзрасці з 400 да 600 еўра

Памер страхавой выплаты пры афармленні ДТЗ без выкліку супрацоўнікаў ДАІ можа ўзрасці з 400 да 600 еўра. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення страхавога нагляду Міністэрства фінансаў Наталля Новікава ў час круглага стала «Новая стратэгія развіцця фінансавага рынку: што зменіцца да 2020 года» ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Міністэрствам фінансаў падрыхтаваны і знаходзіцца на стадыі ўзгаднення праект указа, які накіраваны на рэалізацыю рэспубліканскай праграмы развіцця страхавой дзейнасці і стратэгіі развіцця фінансавага рынку. Дакумент змяшчае шмат прапаноў па масавых відах абавязковага страхавання.

«У прыватнасці, па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў плануецца павелічэнне памеру страхавой выплаты пры афармленні ДТЗ без выкліку супрацоўнікаў ДАІ з 400 да 600 еўра. Па абавязковым страхаванні будынкаў, што прыналежаць грамадзянам, прадугледжваецца зніжэнне страхавога тарыфу і пашырэнне пераліку страхавальнікаў, якія маюць ільготы па выплаце страхавых узносаў», — сказала Наталля Новікава. Прадугледжаны і іншыя навацыі, накіраваныя на ўзмацненне абароны маёмасных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.

У праекце ўказа закладзена шмат кірункаў па дэдалярызацыі страхавога рынку. «Мы прапануем адысці ад прывязкі да замежнай валюты, у прыватнасці, да еўра па асобных відах абавязковага страхавання, а таксама пры ўстанаўленні памеру мінімальнага статутнага фонду страхавых арганізацый і страхавых брокераў. Спадзяёмся, што гэтыя меры будуць станоўча ўспрынятыя як прафесійнымі ўдзельнікамі страхавога рынку, так і спажыўцамі страхавых паслуг, якім, несумненна, зручней ведаць памер страхавых узносаў у беларускіх рублях і не думаць аб змяненні курсаў», — дадала яна.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру