Васьмігадовы хлопчык у Агаё ўзяў сямейны фургон і адвёз чатырохгадовую сястру ў бліжэйшы «Макдональдс». Дзеці вельмі моцна хацелі з'есці чызбургер. Дарэчы, хлопчык, чыё імя не называецца, здолеў праехаць на аўтамабілі так, што ў паліцэйскіх не засталося да яго ніякіх прэтэнзій.
Як паведамляе выданне Inside Edition, хлопчык засвоіў урокі кіравання з дапамогай навучальных відэа на ютубе. Вечарам у нядзелю, калі мама дзяцей заснула, яны ўзялі ў яе ключы ад аўтамабіля і адправіліся ў рэстаран хуткага харчавання. Каб купіць чызбургеры, хлопчык вырашыў ахвяраваць сваёй свіннёй-скарбонкай.
У паліцыю горада Іст Палестын, дзе жывуць брат і сястра, паступіла некалькі званкоў ад мінакоў, якія былі збянтэжаныя відам дзіцяці за рулём фургона. Калі паліцэйскія прыбылі да «Макдональдса», дзеці якраз тармазілі ля акна абслугоўвання кіроўцаў.
«Гэта дзіўна, — сказаў прадстаўнік паліцыі Іст Палестын Джейкаб Колер. — Яны з сястрой даехалі да «Макдональдса», выконваючы ўсе правілы руху».
Дзеці праехалі прыблізна мілю да бліжэйшага «Мака», пры гэтым 4 разы спыніліся на святлафорах і не знеслі па шляху ніводнай сметніцы або паштовай скрыні, чаго можна было б чакаць ад васьмігадовага дзіцяці. Праўда, каб дацягнуцца да педаляў, хлопчыку давялося ехаць стоячы.
Неўзабаве пасля прыбыцця паліцыі да «Макдональдса» прыехалі і бацькі уцекачоў. Яны адрэагавалі не вельмі стрымана на ўчынак дзяцей, таму Inside Edition іх каментароў не прыводзіць. Нягледзячы на інцыдэнт, у паліцыі няма прэтэнзій да дзіцяці або яго бацькоў, бо хлопчык не парушаў правілы падчас паездкі.