Нобелеўскаму лаўрэату па літаратуры Святлане Алексіевіч патэлефанавалі з прэзідэнцкай адміністрацыі і прапанавалі ўзначаліць камісію па вызначэнні варыянта помніка ў Курапатах.

— Я не хачу гэта абмяркоўваць. У нас адбылася складаная размова, сказала Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю Радыё Свабода.

— Але што вы скажаце пра абвешчаны конкурс эскізаў памятнага знаку ў Курапатах?

— Я нават не вельмі добра была падрыхтаваная да гэтай размовы, я не вельмі добра ведаю. Там ужо нейкія канфлікты. Мне спрабавалі распавесці. Але паколькі я гэтым не думала займацца, я адзінае сказала, што там павінны быць людзі, для якіх Курапаты былі справай жыцця. І ўзначальваць такую камісію меў бы права толькі Пазняк. І там павінна быць больш людзей, якія насамрэч зрабілі Курапаты Курапатамі.

— Зянон Пазняк звярнуўся да мастакоў, архітэктараў і скульптараў, каб яны не ўдзельнічалі ў гэтым конкурсе, у гэтай прафанацыі, як ён сказаў…

— Я не ведаю. Магчыма, яны і шукалі такую прымірэнчую фігуру. Я не зусім у курсе гэтай справы. Але Пазняк, я думаю, таксама не мае рацыі. Там павінен стаяць помнік. Шкада, што без яго, але гэты помнік павінен там быць.

— Значыць, вы адмовіліся ад прапановы прэзідэнцкай адміністрацыі…

— Ну, зыходзячы з таго, што я дрэнна сабе ўяўляла… Людзі сядзяць у турмах, столькі арыштаў было на Дні Волі, такая нянавісць, з такой нянавісцю білі людзей. Таму неяк дзіўна было б мне ўдзельнічаць ва ўсім гэтым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0