На малой радзіме ў Асіповічах яны не карысталіся папулярнасцю, а дзякуючы фэйсбуку і артыкулу «НН» замовы на рукатворныя дыванкі хутка пачалі паступаць не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Швецыі і нават Галандыі.

Раней Тамара Паўлаўна мела магчымасць прадаваць сваё рукадзелле на асіповіцкім кірмашы, але з узростам рабіць гэта стала цяжка. Сядзець без справы — не ў правілах жыцця жанчыны, таму неўзабаве дома вырасла цэлая груда з некалькіх дзясяткаў рознакаляровых ходнікаў.

Тамара Паўлаўна Сідарэнка

Тамара Паўлаўна Сідарэнка

Трэба было нешта з гэтым рабіць, і тут унучка Надзя прыйшла на дапамогу разам з сучаснымі тэхналогіямі: «Я апублікавала аб'яву з міні-рэкламай ходнікаў ва ўкантакце, інстаграме і фэйсбуку, разлічваючы на сваіх сяброў і знаёмых. У першых дзвюх сацсетках на яе амаль што не адрэагавалі, а ў фэйсбуку пост нечакана сабраў сотні лайкаў і перапостаў».

Некаторыя людзі замаўлялі сабе адразу па некалькі ходнікаў, адзначаючы іх прафесійны каларыт і мастацкі густ, з якім яны зроблены. Хтосьці нават знайшоў у іх падабенства з працамі Надзеі, якая працуе мастаком. Цікава, што зараз шмат у якіх крамах можна знайсці вырабы з абрэзкаў тканіны прамысловага паходжання, але людзі падтрымалі менавіта ручную працу. Для кагосьці гэта паважлівы жэст, для іншых — напамін пра сваіх бабуль, якіх зараз, на жаль, няма побач.

Мы патэлефанавалі Тамары Паўлаўне і распыталі яе, колькі часу сыходзіць на такую прыгажосць.

Тамара Сідарэнка усё жыццё працавала бухгалтарам. Муж Мікалай, былы дырэктар музычнай школы, ужо шмат гадоў таму памёр. Дзеці і ўнукі раз’ехаліся, і паўзы, якія з’явіліся на пенсіі, жанчына запаўняе творчасцю.

Вязаць і шыць Тамара Паўлаўна любіла і раней, але, у асноўным, нешта класічнае: так, у хатніх запасах заўсёды былі шкарпэткі для ўсіх членаў сям’і. Ідэя рабіць ходнікі прыйшла ў галаву пасля таго, як у шафах назбіралася вялікая колькасць старых рэчаў. Матывавала думка «нельга даць ім прапасці». І вось ужо дзіцячыя сукенкі рэжуцца на невялікія абрэзкі і плятуцца ў дыванкі-сонейкі.

«Адзін ходнік робіцца дзесьці два дні. Зараз я якраз новы скончыла, размаўляю з вамі і гляджу на яго — налюбавацца не магу. Думаеце, я іх для грошай раблю? Мне яны непатрэбныя, я чалавек забяспечаны. Проста без справы сядзець не магу. Вось зараз наступны буду ўжо вязаць», — тлумачыць Тамара Паўлаўна. Здараецца, яна прачынаецца нават ноччу, каб хутчэй працягнуць любімую справу.

Апроч рукадзелля, жанчына закаханая ў кветкі: вырошчвае незвычайныя ружы на ўласным участку і імкнецца да таго, каб у кожным пакоі ўвесь час стаяла па букеце.

Без справы жанчыне, як яна і хацела, бліжэйшым часам сядзець не давядзецца: у Мінск яна перадала 53 гатовыя ходнікі, патрэбна яшчэ амаль столькі ж. Дарэчы, выкарыстоўваць іх можна не толькі ў якасці дыванкоў на падлозе, але і як сурвэткі для стала ці подсціл на крэсла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?