Антон Астаповіч, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», атрымаў адказ ад мінскай пракуратуры.

Ліст прысвечаны вынікам праверкі правядзення аўкцыёна па зямельным участку ля Курапатаў, выдзеленым пад будаўніцтва офіснага цэнтра. Гэты ўчастак на момант правядзення аўкцыёна ўваходзіў у межы ахоўнай зоны Курапат, якія былі зацверджаны ў 2004-м годзе.

Зміцер Дашкевіч залез на трактар, пратэстуючы супраць будоўлі офіснага будынку па вуліцы Мірашнічэнкі, побач з Курапатамі

Зміцер Дашкевіч залез на трактар, пратэстуючы супраць будоўлі офіснага будынку па вуліцы Мірашнічэнкі, побач з Курапатамі

«Не буду шмат каментаваць. Хачу агучыць асноўнае, што з ліста вынікае, і пра што неаднаразова гаварылася і пісалася. Чарговы раз я ўпэўніўся, што ў Беларусі няма нармальнай, цэльнай дзяржаўнай сістэмы. Нягледзячы на велічэзную цэнтралізацыю, сістэма функцыянуе ў розных пласкасцях, якія ніколі не перасякаюцца адна з другой, — абураецца Астаповіч. — Яскравы факт, які адлюстраваны ў лісце — «Белдзіпразем», інстытут, які займаецца землеўладкаваннем у Беларусі, не меў інфармацыі пра межы ахоўных зон, як вынік, згодна з яго распрацоўкамі, зямельны ўчастак і быў уключаны ў пералік тых участкаў, якія, згодна з планам, павінны былі выстаўляцца на аўкцыён для рэалізацыі інвестпраектаў.

Гэты выпадак ну ніяк не з’яўляецца свядомым наступам на межы гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Курапатах. Гэта адмоўная практыка ў дачыненні практычна для ўсіх помнікаў і іх ахоўных зонаў.

Практычна ніводзін аб’ект, які мае статус помніка і мае зацверджаныя ахоўныя зоны, не нанесены на землеўладкавальныя карты, вельмі часта праектныя арганізацыі, нават буйныя дзяржаўныя, таксама не маюць у сваёй дакументацыі вызначаных межаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў і іх ахоўных зонаў».

На думку Антона Астаповіча, праблема не столькі ў Курапатах, колькі ў самой сістэме.

«Праблема не ў тым, што дрэнная ўлада хоча знішчыць памяць пра трагічныя падзеі савецкай эпохі. Праблема ў тым, што не працуюць у поўным аб’ёме механізмы па выкананні прававых нормаў, праблема ва няўзгодненасці дзеянняў шматлікіх дзяржаўных структураў. І, адпаведна, праблему трэба вырашаць комплексна, бо засяроджваючыся толькі на Курапатах, на тых жа Курапатах і дзяржава, і грамадства будуць наступаць на адныя і тыя ж граблі», - падкрэсліў Астаповіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?