Намеснік старшыні КДБ Ігар Сергіенка падчас свайго выступу ў Палаце прадстаўнікоў 19 красавіка анансаваў шэраг зменаў, якія маюць унесці ў некаторыя законы па пытаннях барацьбы з тэрарызмам.
Ігар Сергіенка.
Так, заканадаўства плануецца дапоўніць тэрмінам «крытычна важныя аб'екты», пашкоджанне якіх можа прывесці да сур'ёзных наступстваў у арганізацыі жыццядзейнасці населеных пунктаў. Паводле папярэдніх падлікаў, такіх аб'ектаў у Беларусі — 865.
Таксама ў фармулёўку закона аб антытэрарыстычнай дзейнасці плануецца ўвесці адказнасць за фінасаванне праезду да месца навучання тэрарыстычнай дзейнасці.
Апроч таго — трохі зменяцца функцыі пагранічнікаў, якія змогуць аказваць дапамогу мытным органам у выяўленні небяспечных рэчываў.
Плануецца таксама змяніць крытэрыі, па якіх арганізацыя будзе прызнавацца тэрарыстычнай, але ўсе гэтыя крытэрыі не агучваліся.
Яшчэ з істотнага — змены ў заканадаўстве дазволяць прыцягваць узброеныя сілы ў зону правядзення контртэрарыстычнай аперацыі.
Паводле Сергіенкі, змены скіраваныя на папярэджанне тэрарызму і прывядзенне заканадаўства да міжнародных стандартаў.
Сергіенка пазбег размовы з журналістамі пасля свайго выступу.