Сьвіслач

Сьвіслач

Дарога з Горадні ў Шурычы заняла менш за паўтары гадзіны. Паўтары гадзіны машынай, выходзіш у агароды вясковых гаспадароў, далей мэтраў сто ніколі не аранага ўзьлеску і — высачэзная сьцяна Белавескай пушчы. Гэтая цёмназялёная яловая сьцяна цягнецца ўправа і ўлева колькі хапае вока і стварае ўражаньне, быццам стаіш пад мурамі нейкага таемнага старажытнага гораду, куды людзей з нашага сьвету наагул не пускаюць.

Крыху нават боязна і дзіву даесься, як хутка перад такой магутнасьцю забываесься аб тым, што яшчэ зусім нядаўна ехаў тралейбусам па пыльных вуліцах вялікага гораду.

У Шурычах з часоў, калі тут у сям’і вядомага сталяра Яна Гадлеўскага нарадзіўся сын Вінцэнт, зьмянілася ня так і многа. Тая самая пушча за вокнамі, тая самая чыстая беларуская гаворка з крыху оканьнем на канцы (дзядзько) нават у нешматлікай моладзі... Праўда гумны ўжо не крыюць саломай на чатыры бакі без шчытоў, няма і той курнай хаты, дзе маленькі Вінцэнт, як ён сам пасьля пісаў, год пасьля нараджэньня качаўся ў дыме.

Родную хату Вінцэнта Гадлеўскага спалілі ў 1915 годзе казакі. Адступаючы перад немцамі, пакідалі пасьля сябе «выпаленую зямлю».

На яе месцы дзядзька ксендза (у Шурычах гавораць менавіта «ксендз» а ня «ксёндз») Адам Гадлеўскі яшчэ недзе ў пачатку 1920-х паставіў новую хатку. Менавіта яна, прыстасаваная зараз адным зь вяскоўцаў пад майстэрню, была для ксяндза прыстанішчам пад час яго прыездаў на Радзіму ў 1920—30-х.

Нікога з Гадлеўскіх у Шурычах зараз не засталося. Род выгас. Нашчадкі дзьвюх сясьцёр ксяндза жывуць па ўсёй Беларусі і, мабыць, мала хто зь іх ведае пра сваяцтва з адным зь лідэраў беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ ст.

У вёсцы добра памятаюць бязьдзетнага майстра па дрэву Адама, брата бацькі ксяндза, які памёр пасьля вайны і чыю магілу, таксама як магілу Яна Гадлеўскага, нам не ўдалося адшукаць на могілках у Поразаве. Аднак памяць пра сябе Гадлеўскія пакінулі ў Шурычах добрую: «Ксёндз быў надта здольны да навукі чалавек. Але ўсе Гадлеўскія былі здольныя да ўсяго, і да навукі да работы» — успамінае Анэля Дзямянчык, якой наступнай вясною споўніцца дзевяноста год. Гэта праўда, паколькі зробленымі дзядзькам ксяндза шафкамі і столікамі і зараз ганарацца многія шурычаўцы.

Зь цеплынёй і гонарам успамінае бабуля Анэля і ксяндза Вінцэнта: «Ксяндза Гадлеўскага помню добра. Помню як ксендз прыяжджаў у Шурычы і мы малыя на яго выходзілі глядзець. Быў высокага росту, хадзіў у сутане і калі ішоў па Шурычах, то вітаўся і размаўляў з усімі па-беларуску. Раней, калі зь вёскі быў ксендз, то лічылася надта добра, а калі ў каго з роду быў ксендз, то таму роду быў вялікі пачот».
Жыхары поразаўскай парафіі лічаць сябе палякамі і трымаюцца сваёй дэкляраванай польскасьці моцна. Шляхта, як ніяк. Помню як летам 2005 году адзін з кіраўнікоў сьвіслацкай вэртыкалі заломваў рукі ад гора, што ня можа выканаць заданьня — знайсьці двух дэлегатаў ад Поразава на «польскі» зьезд у Ваўкавыску, што плянаваўся тады да правядзеньня ўладамі. Тым ня менш сваю штодзённую беларускасьць прызнаюць без ваганьняў, чым адрозьніваюцца ад каталікоў з-пад Сапоцкіна, ці хоць бы Бераставіцы.
«Вінцэнты быў беларускі ксендз, — успамінае Анэля Дземянчык, паклаўшы рукі ў цэляфанавы пакунак, у якім трымае ружанец, — усё па-беларуску рабіў, а ў нас то ў Поразаве быў Рэўновіч, то ўсё было па-польску.
Тады ўсё — школа, гміна, касьцёл было па-польску. Але мы як выбежым на перапынак, то па-свойму, па-беларуску гаворым. Тады па-простаму называлася. А так у касьцёле ці ў гміне па-польску. Кніжак ад Вінцэнтага ня помню, але абразкі і мадлітвы ўсякія ён даваў і вучыў. Помню «Гожке жале» вучыў так: «Горкі жаль няхай прыбудзе, няхай сьцісьне сэрца грудзі…»

Шурычаўцы нешта ўжо чыталі пра свайго знакамітага аднавяскоўца, таму прымаюць выдадзеныя гэтым летам у Маладзечне паштоўкі з яго выявай безь зьдзіўленьня. Маўляў, так і павінна быць.

Увогуле цікава і радасна назіраць як нешматлікія цяпер землякі ксяндза ўспрымаюць яго асобу. Ён для іх не герой, а хутчэй напаўзабыты аднавясковец, якім, яны, тым ня менш ганарацца і з ахвотай паказваюць усё, што зьвязана зь яго жыцьцём. Маюць яны нават сваю ўласную вэрсію сьмерці ксяндза. Як кажа былы настаўнік матэматыкі сямідзесяцігадовы Эдуард Шчасюк: «Ксёндз Гадлеўскі быў за Беларусь. Калі прыйшлі немцы, то ён думаў Беларусь разам зь імі строіць, а пасьля як убачыў, што яны робяць, то сказаў ім: «Вы тут разьвялі цірор». Падпарцізаньваць пачаў. То яны яго і забілі».

Расказваюць яны аб сьмерці ксяндза, спасылаючыся на словы Марыі Гуштын, яго сваячкі па адной з бабуляў. Марыя Гуштын у якасьці санітаркі прымала ўдзел у Варшаўскім паўстаньні і пасьля яго падаўленьня была ў палоне аж у Ўроцлаве. Дажывала яна ў Польшчы, аднак падчас сваіх прыездаў на Радзіму расказвала, што бачыла, як напярэдані паўстаньня немцы расстралялі ксяндза Вінцэнта ў Варшаве. Быццам цела ксяндза некалькі дзён ляжала некранутым, пакуль яго ня выкралі польскія падпольшчыкі і таемна не пахавалі...

Ад Шурыч да Якушоўкі калі не заяжджаць у Сьвіслач, усяго кілямэтраў сямнаццаць.

Дарога ідзе ўскрайкам пушчы і Алег Сяргеевіч, сьвіслацкі інтэлігент, якога мы захапілі з сабою для трывальнейшага знаёмства з шурычаўцамі, расказвае як жыхары пушчанскіх вёсак часта знаходзяць на сваіх сотках... зуброў. Тыя качаюцца па зямлі і нікуды не адыходзяць нават убачыўшы людзей. Словам, адна пакута з гэтымі ляснымі гаспадарамі.

Якушоўка не захапляе нічым новым. Тыя самыя зарослыя шыпшынай і верасам падмуркі сядзібы Каліноўскіх, адно толькі надвор’е крыху весялейшае, чым звычайна ў кастрычніку, калі прыходзіцца завітваць сюды разам зь іншымі гарадзенцамі.

Мы цяпер самі глухі вугал вобласьці, — кажа Алег Сяргеевіч, — на дваццаць восем тысяч жыхароў раёну ніводнага прамысловага прадпрыемства, нават харчовага. Пасьля мінулагодняй гісторыі з жоўтым фосфарам на Львоўшчыне Ўкраіна забараніла перавозіць гэтае рэчыва праз сваю мяжу і зараз уся плынь зь яго ідзе з Казахстану ў Эўропу праз нас.

Любяць гаварыць пра турызм, але рэальныя пэрспэктывы амаль нулявыя. Занадта шмат праблем для замежнікаў з візамі, ды і што ім паказаваць апроч пушчы, а і там трэба гасьцініцы, месцы для адпачынку... Цэнтральным аб’ектам інфраструктуры ў раёне канечне павінен быць музэй Кастуся Каліноўскага ў Якушоўцы, куды б народ пацёк ня толькі зь Беларусі, але і з-за мяжы. Але ж самі ведаеце, што пра яго цяпер пішуць. І ў нас пра яго стараюцца многа не гаварыць, адразу ахрысьцяць «бэнээфаўцам».

Яно і праўда, зараз галоўны прадмет экспарту са Сьвіслаччыны — знакамітая пушчанская самагонка, якую ледзь не цыстэрнамі ад малаказавозаў вараць мясцовыя спэцыялісты.
Усё быццам застыгла ў чаканьні чагосьці невядомага — напаўразбураны велізарны касьцёл у Вялікай Бераставіцы, царкоўка ў Алекшыцах, на званах якой дасюль бачны сьляды ад куляў польскіх паліцыянтаў, якія ў 1930-м годзе стралялі па мітынгуючых сялянах, усе абшары палёў і пералескаў паміж Горадняй і Сьвіслаччу, па якіх ноччу гуляюць прывіды зь сьвіслацкай «Алеі Герояў» — Каліноўскі і Траўгут у пары з Леніным і Сталіным.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?