Хлапец нешта закруціў носам

Biełarus. Tydniowaja katalickaja hazeta. Nr. 18. Wilnia, 17 Czerwienia 1913 hodu.

Засьцен. Загорная, Мінск. губ., Барыс. пав., Зембінск. вол. 31 мая ў гэтым засьценку адна дзяўчына хацела атруціцца, глынуўшы добрую мерку вацтовых кропляў, але на шчасьце быў тутака на той раз доктар на дачы, дык так сяк адратаваў яе. А прычына была вось якая. Адзін хлапец любіўся з ёй і ўжо меліся жаніцца, а пасьля гэты самы хлапец нешта закруціў носам і маніўся ціхачом некуды драпануць. Даведаўшыся аб гэтым, дзяўчына і надумалася атруціцца.

Але не пошэнціла і хлапцу: суседзі абурыліся на яго за ашуканство, дый ня толькі што ня пусьцілі яго ўцекаць, але нават прымусілі ажаніцца. Адбыцца вясельле — адбылося, але якое будзе далей жыцьцё гэтых маладых — хто згадае?..

Swoj.

Як вол гаспадара паняньчыў на рагах 

Biełarus. Tydniowaja katalickaja hazeta. Nr. 28. Wilnia 3 Kastrycznika 1913 hoda.

В. Трасечэнята, Віл. губ. Ашмян. пав. Куцяўскай вол. З гэтай вёскі селянін Запрушынскі гонячы валы з пашы крыкнуў на вала, каб ня лез у шкоду, дык той адвярнуўся да гаспадара, ды так яго панянчыў на рагах, што той на чацьверты дзень пасьля гэтаго аддаў душу Богу.

Franuk Astramowicz.

Народная сьведамасьць расьце

Chryścijanskaja Dumka, №9, Вільня, 5 траўня 1937 г.

Табарышкі каля Вільні.

Асабліва цяжкім удаўся гэты год. Многія ад Каляд ня маюць ужо хлеба. А людзі вучыцца хочуць: ідзе саматужная асьветная праца ў роднай мове пры помачы беларускіх кніжак і газэт. Народная сьведамасьць расьце. Падчас Вялікаднага сьвята хадзілі ў гэтым годзе дзьве партыі беларускіх валоўнікаў. Адная з вёскі Пікцюн, арганізаваная ведамым у нас беларускім дзеячом, другая — гэта маладняк з вёскі Грыгоў. Гукі роднае песьні аб Хрыстовай перамозе над ворагам казалі і Беларускаму народу аб ніколі няўміраючай праўдзе і аб лепшым жыцьці.

W. J.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0