7 жніўня актывіст беларускай апазыцыі Аляксей Шыдлоўскі паўторна папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі.

Першы раз Шыдлоўскі папрасіў палітычнага прытулку 5 лютага 2008 года. У сакавіку МЗС Чэхіі адказаў адмовай, спасылаючыся на Дублінскую дамову: займацца справай аб прадстаўленьні палітычнага прытулку павінная краіна, якая выдала візу на больш працяглы тэрмін (на той момант у А.Шыдлоўскага было дзьве візы — гадавая літоўская і трохдзённая чэская).

А.Шыдлоўскі пасьля высыланьня з Чэхіі не вяртаўся ў Беларусь, а пражываў ва Ўкраіне.

«Атрымаць візу мне дапамагла амбасада Чэхіі ва Ўкраіне. Акрамя таго, я папрасіў палітычны прытулак пры садзейнічаньні МЗС Чэхіі. Спадзяюся, у гэты раз адмовы не будзе. Усю працэдуру атрыманьня палітычнага прытулку прыйдзецца прайсьці спачатку, нягледзячы на тое, што ў пачатку года я знаходзіўся ў лягеры для ўцекачоў паўтара месяца», — паведаміў А.Шыдлоўскі.

Нагадаем, актывіст апазыцыі змушаны быў прасіць палітычны прытулак пасьля таго, як у Беларусі ў яго адносінах ў канцы 2007 года была ўзбуджаная справа па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 10 гадоў. Крымінальная справа было адкрытая пасьля бойкі ў краме, якая паўстала падчас сварак з прадаўцом з‑за партрэта Аляксандра Лукашэнкі. А.Шыдлоўскі заявіў, што бойка была справакаваная.

У лютым 1998 года А.Шыдлоўскі быў прысуджаны да паўтара году пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў злосным хуліганстве за нанясеньне антыпрэзыдэнцкага графіці на сьцены дамоў у Стоўбцах Менскай вобласьці. У 2001 годзе за ўдзел у дзейнасьці моладзевага руху «Зубр» быў прысуджаны да двух гадоў выпраўленчых прац і выключаны з Інстытуту сучасных ведаў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?