Работніка вагоннага дэпо станцыі Барысаў абвінавачваюць ва хабарах і махлярстве. Па версіі следства, супрацоўнік браў грошы з падначаленых за падаўжэнне кантракту, іх прагулы і іншыя правіны. Падрабязнасці паведамляе ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

Фігурант — майстар пункта тэхабслугоўвання Мінскага вагоннага дэпо станцыі Барысаў.

Следчыя мяркуюць, што на працягу некалькіх гадоў майстар падбухторваў работнікаў да дачы хабару нібыта вышэйстаячаму кіраўніцтву. За гэтыя грошы супрацоўнікі хацелі пазбегнуць магчымых праблем з-за прагулаў і іншых правін.

«Так, за непрыцягненне да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці падначаленага, які знаходзіўся на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап'янення, атрымаў у якасці хабару 200 даляраў ЗША», — распавядае афіцыйны прадстаўнік УСК вобласці Таццяна Беланог.

Ад яшчэ аднаго работніка, мяркуе следства, фігурант атрымаў 750 даляраў за падаўжэнне кантракту. Майстар і тут выстаўляў сябе нібыта пасярэднікам.

Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: махлярства, падбухторванне да дачы хабару, атрыманне хабару, службовы падлог.

Фігурант заключаны пад варту. Справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

«Следствам унесенае прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню карупцыйных злачынстваў на дзяржаўным прадпрыемстве», — распавялі ва УСК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0