Паводле праваабаронцаў, 14 судзьдзяў, якія раней былі ў чорным сьпісе Эўразьвязу за ўдзел у палітычным перасьледзе апанэнтаў уладаў, працягваюць караць актывістаў грамадзянскай супольнасьці, незалежных журналістаў, удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту.

Ілюстрацыйнае фота. Судзьдзя Валеры Есьман

Ілюстрацыйнае фота. Судзьдзя Валеры Есьман

Прозьвішчы судзьдзяў, якія беспадстаўна каралі за «лаянку», «непадпарадкаваньне міліцыі», «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», прыведзеныя ў табліцы, падрыхтаванай праваабаронцамі «Вясны».

Сярод іншага ў базе «Вясны» значыцца 17 прысудаў, вынесеных у пэрыяд паміж 1 студзеня 2016 году і 14 сакавіка 2017-га Валерам Есьманам. Летась у кастрычніку ён асудзіў да 2 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду Зьмітра Паліенку. 7 красавіка ў сувязі з адміністрацыйнымі выракамі актывіста прысуд яму быў заменены рэальным тэрмінам у калёніі.

Зафіксавана таксама 19 палітычных прысудаў, вынесеных судзьдзём Віктарам Казаком у пэрыяд паміж 1 студзеня 2016 году і 17 лютага 2017-га. Ён, у прыватнасьці, прысудзіў актывісту Паўлу Вінаградаву штраф за акцыю пратэсту 17 лютага 2017 году. Пасьля Казак выносіў выракі за акцыі 25 і 26 сакавіка ў Менску, у тым ліку палітыку Алесю Лагвінцу, які быў прэвэнтыўна затрыманы напярэдадні масавых мерапрыемстваў.

Але рэкардсмэнка ў гэтым пераліку судзьдзя Тацяна Матыль, якая ў пэрыяд паміж 1 студзеня 2016 году і 10 сакавіка 2017-га вынесла 31 прысуд з палітычных матываў. Яна судзіла затрыманых 25 і 26 сакавіка, у тым ліку журналіста тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенку, які асьвятляў акцыю на Дзень Волі ў Менску.

31 ліпеня 2015 году Рада Эўразьвязу выключыла з санкцыйнага сьпісу беларускіх судзьдзяў, датычных да палітычнага перасьледу грамадзянаў у 2010-2012 гадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?