20.04.2017 / 21:10

Настрой бацькоў змяніўся: цяпер трапіць у беларускамоўную гімназію хочуць усе 25

Засталося крыху больш за месяц да пачатку прыёму дзяцей у першыя класы. Бацькі пачынаюць нервавацца: ці ўдасца трапіць туды, куды хочацца? Ахвотных прыстроіць дзіця ў добрую школу многа, а вольных месцаў — мала. Вось і ў беларускамоўную гімназію №23 ужо чарга, і пашанцуе зусім нямногім.

На сход для бацькоў будучых першаклашак сабралася больш за паўсотню чалавек. Хтосьці ўжо дакладна ведае, што хоча ў гімназію №23, і толькі сюды. Некаторыя пакуль што прыглядаюцца і ўзважваюць.

Многія размаўляюць па-руску, але ніякай праблемы ў гэтым не бачаць.

«Я сама тут вучылася, і для мяне беларуская мова не з’яўляецца нейкай прычынай, каб не аддаваць дзіця ў гэтую школу. Будзе ведаць яшчэ адну мову, сваю, родную», — кажа Наталля, якая адпраўляе ў першы клас дачку Марыю.

Побач з Наталляй — Алеся з дачкой Антанінай. Дзяўчынка сцвярджальна ківае ў адказ на пытанне, ці хоча яна ў школу. Яе старэйшая сястрычка Ксенія ўжо заканчвае пяты клас гэтай гімназіі.

«У нашай старэйшай дачкі вельмі добрыя настаўнікі, таму выбар не стаяў, — кажа Алеся. — Наадварот цікавей, што школа беларуская. Крыху складана, але…»

«Але гэта класна», — заканчвае думку Тоня.

«Будзем вучыцца, будзем старацца. Трэба ведаць дзве мовы: і рускую, і беларускую. Мы ж грамадзяне Рэспублікі Беларусь. У звычайных школах дзеці вучаць беларускую мову як замежную, не разумеюць яе. У нашай гімназіі дзеці размаўляюць па-беларуску, яны больш адаптаваныя», — дадае Алеся.

У гэтай сям’і таксама ўсе размаўляюць па-руску, аднак Алеся глядзіць на старэйшую дачку і разумее, што гэта ніякая не перашкода. Хіба на пачатку навучання ў школе Ксеніі давялося паднапружыцца, бо трэба было засвоіць шмат новых слоў, аднак цяпер усё выдатна. Алеся кажа, што паміж сабой у гімназіі дзеці размаўляюць як па-руску, так і па-беларуску, але ўсе разумеюць адно аднаго і сябруюць.

«Я беларус у шостым пакаленні, але ні я, ні мае бацькі, ні мой старэйшы сын не размаўляюць на беларускай мове», — распавядае Валерый, для сям’і якога гэты год гістарычны. Яго старэйшы сын Глеб паступае ў інстытут, а малодшы Сцяпан — ідзе ў школу.

«Мову разумеем, але размаўляем больш па-польску. А хацелася б вывучаць беларускую мову праз нашых дзяцей. Хачу, каб і ўнукі ведалі беларускую мову. Вось гэта асноўная прычына, чаму мы прыйшлі ў гэтую гімназію», — працягвае Валерый. Другой прычынай ён называе магчымасць вучыць у гімназіі кітайскую мову.

Дарэчы, і для гімназіі №23 гэты год гістарычны. Сёлета ўпершыню выпускаюцца дзеці, якія ад першага класа вывучалі кітайскую мову.

Для многіх бацькоў, што прыйшлі на сход у гімназію, размаўляць па-беларуску цалкам натуральна. Ім прынцыпова, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску.

«Калі ты ўвесь час працуеш з беларускай мовай, паўстае пытанне: калі не тваё дзіця будзе хадзіць у беларускамоўную школу, то чыё яшчэ? Я ў свой час скончыла беларускую школу і хачу, каб Рыгор таксама мог свабодна размаўляць па-беларуску», — кажа Маша Калеснікава і дадае, што яшчэ і дабірацца ім сюды вельмі зручна.

«Для мяне важна, каб маё дзіця навучалася на беларускай мове і атрымлівала якасную адукацыю. На гэтым усё», — кажа Кастусь Гарэцкі, які адпраўляе ў школу Марка.

А вось маці трох дачок Настасся вагаецца паміж класічным навучаннем і дыстанцыйным. Яе старэйшая дачка Міра ўжо адвучылася год дыстанцыйна, і цяпер бацькі думаюць, ці не паспрабаваць звярнуцца да звычайнага навучання.

«Бацькоўская супольнасць стварыла свой клас з нефармальным падыходам да навучання. Там не сядзяць за партамі, дзяцей ні да чаго не прымушаюць. Іх заахвочваюць не так, як у звычайных школах, — распавядае Настасся. — І збудаванае навучанне цікавей. Дзеці могуць сядзець на дрэвах і вучыць літары, шмат займаюцца на вуліцы».

Калі займаць чаргу?

Хіба гэтае пытанне найбольш хвалявала бацькоў, што прыйшлі на сход. Асабліва, калі праз няхітрыя матэматычныя аперацыі стала зразумела, што шчасліўчыкаў, якія патрапяць у першы клас пры гімназіі, будзе няшмат.

Набіраюць два класы: адзін з вывучэннем англійскай мовы, другі — з вывучэннем кітайскай. У кожным будзе навучацца па 25 чалавек. Адпаведна, сёлета чакаюць 50 першакласнікаў.

За 38 дзецьмі ўжо зарэзерваваныя месцы, бо яны пражываюць у мікрараёне, прывязаным да гімназіі. Іх прымаюць у першую чаргу.

Яшчэ 15 чалавек залічваюць аўтаматычна, бо яны хадзілі ў падрыхтоўчы клас «Маладзічок», што працуе пры гімназіі, і паказалі высокія здольнасці на выніковых тэстах.

Калі бацькі прыкінулі, што, выходзіць, 53 месцы з 50 ужо занятыя, па зале пракацілася хваля незадаволенасці. Праўда, дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч запэўніла, што вольныя месцы будуць.

Летась, напрыклад, таксама амаль 40 месцаў былі зарэзерваваныя за жыхарамі мікрараёна, аднак прыйшлі ў гімназію толькі 23 з іх. Тым не менш, наўрад ці сёлета ўдасца трапіць усім, хто хоча.

Бацькам застаецца запісвацца 2 чэрвеня ў чаргу ахвотных вучыцца ў малодшай школе пры гімназіі і спадзявацца на цуд. Дарэчы, запісацца можна будзе не толькі ў самой школе, але і па тэлефоне. Бацькоўская гонка пачнецца а 15-й гадзіне. Па досведзе папярэдніх гадоў, гэта іначай як гонкай і не назавеш: пазалетась чаргу займалі ў 5:30 раніцы, а летась — папросту ночылі на ганку гімназіі.

Сёлета бацькі таксама настроеныя рашуча, хоць адміністрацыя гімназіі і заклікае не ўтвараць натоўп ля будынка.

Прыём у першыя класы працягнецца да 29 жніўня. Толькі напрыканцы лета стане зразумела, хто дзе будзе вучыцца. Дырэктарка гімназіі паабяцала, што будзе ўдзельнічаць у размовах з бацькамі, якія запішуцца ў чаргу ахвотных трапіць у гэтую навучальную ўстанову.

«Раней такога ажыятажу не было»

«Раней настрой бацькоў быў больш спакойны, не было такога ажыятажу, — кажа дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч. — Найперш імкнуліся трапіць беларускамоўныя сем’і. Цяпер гімназія карыстаецца попытам ва ўсіх, а не толькі ў беларускамоўных.

Гэта цудоўна, аднак кожны з бацькоў павінен асэнсоўваць, што дзецям трэба дапамагаць. Пытанне ў тым, які сёння ёсць рэзерв у бацькоў, каб дапамагчы свайму дзіцяці пераадолець першыя цяжкасці, якія звычайна ўзнікаюць пры глыбокім вывучэнні беларускай мовы?»

Настасся Роўда

4
Юрась Беларус / Адказаць
20.04.2017 / 21:14
Мова - гэта існасць!Мова - гэта мы!А калі без мовы,Дык няма аб чым...
3
Мікола))) / Адказаць
20.04.2017 / 21:21
Вось і ў беларускамоўную гімназію №23 ужо чарга, і пашанцуе зусім нямногім

А агентура кажа, што беларусы ня хочуць аддаваць дзяцей у беларускія школы. А аказваецца, што бацькі аддаюць перавагу рускім школам, бо вельмі і вельмі мала беларускіх школ, хаця 24 гады таму большасьць школ была беларускай.
«Раней такога ажыятажу не было»

Мы напярэдадні Нацыянальнага Адраджэньня
3
Голас з цемры / Адказаць
20.04.2017 / 21:40
Юрась Беларус, маеш рацыю. Я сам працую у беларускамоунай школе i ганаруся гэтым.
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру