Паліцыя Германіі падазрае 28-гадовага выхадца з Расіі ў здзяйсненні нападу на футбалістаў клуба «Барусія», паведамляе Spiegel Online са спасылкай на свае крыніцы.

Выбухі каля аўтобуса, у якім знаходзіліся гульцы нямецкага футбольнага клуба «Borussia» (Дортмунд), адбыліся 11 красавіка. У той вечар каманда павінна была згуляць з «Манака» ў чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў. Пры выбуху пацярпеў абаронца «Барусіі» Марк Бартра і супрацоўнік паліцыі, які суправаджаў каманду.

Генпракуратура Германіі 12 красавіка назвала гэта тэрактам.

Па дадзеных Spiegel Online, падазраваны па імені Сяргей В. быў затрыманы ў Бадэн-Вюртэмберг раніцай у пятніцу.

Крыніцы газеты Bild распавялі, што супрацоўнікі размешчанай непадалёк ад месца выбухаў гасцініцы, дзе пражывалі і футбалісты, звярнулі ўвагу на дзіўнага рускага, які падчас эвакуацыі вырашыў не пакідаць гатэль, а пайшоў у рэстаран і замовіў сабе вячэру са стэйкам.

Пры засяленні ў гастініцы ён адмовіўся ад першага прапанаванага яму пакоя і папрасіў нумар з такім разлікам, каб з яго вокнаў ён мог назіраць за месцам здарэння.

Крыніцы Spigel Online і Bild паведамілі, што нагодай для арганізацыі выбухаў магла стаць «прага нажывы» - непасрэдна перад здзяйсненнем тэракту ён набыў праз інтэрнэт каштоўныя паперы «Барусіі». Следства мяркуе, што ён разлічваў зарабіць на курсе акцый пасля тэракту.

Дагэтуль газета Süddeutsche Zeitung паведамляла са спасылкай на свае крыніцы, што следчыя лічаць выбух у аўтобуса футбольнай каманды «Барусія» у Дортмундзе нетыповым для ісламістаў. Пра тое, што выбухоўка, якая выкарыстоўвалася ў самаробнай бомбе, магла належаць нямецкім узброеным сілам, паведамляла Die Welt.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?