У Рэдакцыю «Нашай Нівы» прыйшоў дыскусійны ліст ад чытачкі. Публікуем яго ў скароце.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.

«Я мама паўтарагадовага сыночка ў дэкрэце. Сёння ў чарговы раз трапіла ў гісторыю…

Усё банальна і штодзённа: пайшлі гуляць на вуліцу, пад прыпякаючае сонейка зайшлі далёка ад дома. Нагуляліся. Надвор'е сапсавалася, і пачаўся вецер, а нам час дадому есці і ўкладвацца на дзённы сон. Вырашыла пад'ехаць пару прыпынкаў на аўтобусе. Зайшлі, сталі ў праходзе і талон яшчэ не купілі, быў цэлы аўтобус народу і да кіроўцы з каляскай было дабрацца складана. Праехалі адзін прыпынак, на прыпыначным пункце былі кандуктары і паў-аўтобуса сабралася выходзіць, што мяне ўзрадавала, і я вырашыла перасадзіць сына на вызваленае сядзенне.

Зайшлі два мужчыны-кантралёры гадоў 45-50. Адзін падышоў да мяне, спытаў ці ёсць білет. Я шчыра сказала, што білета няма, і я толькі праехала адзін прыпынак з маленькім дзіцем, таму што на вуліцы вецер. Талон яшчэ не купіла. І мне сталі распавядаць, што праз такіх як я, у краіне да канца года паменшаць колькасць транспарту, таму што ён не акупляецца, і цяпер аўтобусы будуць хадзіць не кожныя 10 хвілін, а кожныя 20.

Я сядзела з вялізнымі вачыма, лыпала вачыма і не разумела: «Гэта ўвогуле мне кажуць???» Побач жанчына заступілася і сказала, што не да мам з маленькімі дзецьмі трэба прыставаць, а да алкашоў, якія ездзяць бясплатна пастаянна і перашкаджаюць іншым пасажырам. Але мужчына быў непахісны. Прасіў пашпарт і збіраўся выпісваць штраф. Калі я сказала, што пашпарта з сабой на вуліцу для прагулкі з дзіцем не нашу, ён падышоў да кіроўцы і трымаў аўтобус пакуль я не выйшла….

Пытанне ж не ў грошах, я і талончык збіралася купіць, і на штраф у мяне грошы былі. Пытанне ў чалавеку. Пытанне ў стаўленні.

Я была настолькі абураная і пакрыўджаная, што выйшла і расплакалася. Прайшла адзін прыпынак пешшу і ўбачыла «майго дабрадзея». Не змагла стрымацца, падышла і спытала: «Вам не сорамна?» Ён сказаў, што не. Я спыталася ў яго імя і прозвішча, сказала, што хачу падзяку напісаць. Пасля чаго ён сказаў, што тады складае пратакол.

Спытаў мае прозвішча, імя. Я адразу не адказала, і ён пачаў тэлефанаваць у міліцыю! Я стаяла з каляскай і паўтарагадавалым дзіцем на прыпынку, дзе было холадна і дзьмуў вецер, а ён выклікаў на мяне міліцыю. І казаў: «Не трэба прыкрывацца дзіцем!» Уключыў відэа-запіс. А я пыталася: «У вас што, няма дзяцей, вы што не разумееце? І шмат вы заробіце на мне? Вам праўда не сорамна???»

А ён «рабіў сваю працу». Я сказала свае дадзеныя, таму што я-та думала пра дзіця, і стаяць і марозіць яго не хацела (хоць нас і так хвілін на 20 затрымалі). А яшчэ я плакала. Вось такая вось 28-гадовая цётка, мама…. Я ўсё ніяк не магла зразумець, як ён так можа? Няўжо ён так і не зразумее? Няўжо не спыніцца? Я да апошняга спадзявалася, што чалавек у ім пераможа. І памылілася.

Не ў першы раз са мной адбываюцца такія вясёлыя гісторыі (і гэта я не пра кандуктараў). Але вера ў людзей чамусьці застаецца… Хоць кожны раз яе абразаюць. І я разумею, што побач з намі заўсёды ёсць вось такія людзі-машыны, якія без разбору, тупа «робяць сваю працу». А яшчэ ёсць такія людзі, як яго напарнік, якія глядзяць, што адбываецца нейкая несправядлівасьць, але маўчаць…

Мяне выхоўвалі па-іншаму. І я — гэта тая наіўная дзяўчына, якая будзе стаяць на вуліцы каля чыіхсьці страчаных ключоў з каляскай, у надзеі, што гаспадар зараз вернецца… Ці будзе бегаць па суседзях і шукаць, з якой кватэры пахне дымам… Або бегчы і спыняць транспарт, калі дзядуля з палачкай пераходзіць дарогу і не паспявае на аўтобус… І я таксама працавала, але заўсёды быць чалавекам заставалася самым важным. Не для кагосьці. Для сябе. Я не магу па-іншаму.

Жадаю ўсім нам, каб побач былі іншыя людзі, якія ў першую чаргу насілі ганаровае званне «чалавек»!

* * *

Што вы думаеце пра гісторыю? Хто меў рацыю, мама з дзіцём ці кантралёр? Выказвайцеся ў каментарах!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?