21 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Менску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы таксіста і актывіста барацьбы за грамадзянскія правы Леаніда Кулакова.

Як паведамляюць праваабаронцы, яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» — мітынгу па абароне тэрыторыі забудовы Курапатаў, які адбыўся 25 лютага.

Судзьдзя Дзьмітры Цыкал пастанавіў прызнаць Кулакова вінаватым у парушэньні ч.3 арт. 23.34 КоАП і пакараў штрафам у памеры 50 базавых велічынь — 1150 рублёў, або 600 даляраў у эквіваленце.

26 красавіка Кулакова чакае новы суд. У тым жа судзе Першамайскага раёну будзе разглядацца справа аб абмежаваньні Леаніда Кулакова ў праве кіраваньня транспартным сродкам. Такая магчымасьць у заканадаўстве прадугледжаная для тых, хто мае запазычанасьць па штрафах. Кулакоў працуе на таксі, гэта ягоны асноўны сродак заробку.

19 красавіка актывіст выйшаў на волю з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў пасьля 25 сутак арышту — самы вялікі арышт, прысуджаны затрыманым удзельнікам Дня Волі. Тым часам супрацоўнікі органаў прымусовага выкананьня канфіскавалі ягоны аўтамабіль за няпоўную сплату ранейшых штрафаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?