Надмагільную пліту з выявай герба вядомага беларускага роду Валовічаў адшукалі ў Магілёве на мясцовых Усьпенскіх могілках.

Паводле знаўцаў даўніны, знойдзенае пахаваньне —найстаражытнейшае ў Магілёве. Надмагільле датуецца канцом XVI стагодзьдзя.

Надмагільная пліта з выявай герба Валовічаў

Надмагільная пліта з выявай герба Валовічаў.

«Гэта надмагільная пліта, на якой герб Астафея Валовіча, альбо прадстаўніка роду Валовічаў, які меў такі ж герб, самая старажытная ў Магілёве. Яна на адных з самых старажытных могілак гораду — Усьпенскіх», — казаў дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Паводле яго Астафей Валовіч — падканцлер Вялікага Княства Літоўскага, магнат, магілёўскі стараста. Пахаваньні роду Валовічаў знаходзяцца пераважна на Гарадзеншчыне.

Талакоўцы парадкуюць пахаваньні Валовіча

Талакоўцы парадкуюць пахаваньне Валовіча.

«Астафей Валовіч, магчыма, адзін з ініцыятараў і суаўтар статуту ВКЛ. Сябар і можа настаўнік Льва Сапегі, — даводзіў Аляксей Бацюкоў, — Ёсьць вэрсія, што Валовіч і ініцыяваў выданьне статуту, заклаў ідэі для яго, а потым Сапега сабраў статут у адно цэлае».

Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін мяркуе, што знойдзенае пахаваньне аднаго з прадстаўнікоў Валовічаў. Паводле навукоўца пра гэта кажа складаная выява герба, у якой праглядаецца дзьве часткі: жаночая і мужчынская.

Ігар Пушкін адзначае, што на пліту наткнуўся яшчэ на пачатку 1990-х гадоў менскі археоляг Мікола Бычкоў. Тады ж мясцовая газэта «Ратуша» дала апісаньне гэтага надмагільля. Да нашага часу надмагільная пліта заставалася расколатай і ўрослай у зямлю.

З ініцыятывы Пушкіна Музэй гісторыі Магілёва склікаў талаку, якою ўпарадкавалі пахаваньне.

Так магіла выглядае пасьля талакі

Так магіла выглядае пасьля талакі.

«Сёньня, дзякуючы географу Ігару Шаруху, мы вызначыліся, што надмагільная пліта вырабленая зь пясчаніку. А гэта характэрна для канца 16-га — пачатку 17 стагодзьдзя. Гэта пацьвярджае і выява гэрбу. Ранейшых геральдычных выяваў у Магілёве няма. У гэтым і каштоўнасьць гэтай пліты», — казаў Ігар Пушкін.

Тры гады таму вакол пліты была драўляная агароджа, якой цяпер няма. Паводле ўдзельнікаў талакі ўпарадкаваньне — гэта тое, што ў сілах грамадзкасьці.

На Ўсьпенскіх могілках пахаваныя пераважна прадстаўнікі гарадзкой праваслаўнай знаці. Тут магілы вядомага магілёўскага роду Гартынскіх. Ёсьць і пахаваньні пратэстантаў.

Магілы роду Гартынскіх

Магілы роду Гартынскіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?