Выбуховае разьвіцьцё падзей на Каўказе можа надаць другое дыханьне ідэалягеме беларускай стабільнасьці, што паблякла пасьля выбуху ля стэлы 4 ліпеня. Акрамя таго, Менск можа тое-сёе выгадаць і ў торгу з Масквой.

На думку вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна,

Беларусь ня стане ўцягвацца ў новую каўкаскую вайну.

І нават калі Масква зноў запатрабуе, як некалі, усталяваць для грузінаў візавы рэжым, ня выключана, што беларускае кіраўніцтва зноў прапусьціць гэта міма вушэй.

«Апошнім часам у стасунках з Масквой Менск практыкуе большае дыстанцыяваньне і большы прагматызм», — кажа Алесін. І ў зьвязку з канфліктам вакол Паўдзённай Асеціі Лукашэнка наўрад ці захоча выразна дэманстраваць сатэлітнасьць, мяркуе экспэрт.

Палітоляг Андрэй Фёдараў таксама лічыць, што Беларусь устрымаецца ад нейкага ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Тым болей што Расея тут ня можа апэляваць да выкананьня дамовы пра калектыўную бясьпеку, бо мяцежны анкляў ня ёсьць ейнай тэрыторыяй.

Звыш таго, адзначае экспэрт, дачыненьні Менску з Тбілісі за апошні час значна ўлагодзіліся, у нас адчынілася грузінская амбасада. У айчынных уладаў няма зацікаўленасьці зноў распальваць жарсьці ў дачыненьні да Грузіі, як тое было падчас іхняй каляровай рэвалюцыі ды перад перад беларускімі выбарамі-2006 (памятаеце: лягеры, баевікі, дохлыя пацукі...).

Зрэшты, рыторыка Менска ў выпадку сур'ёзнай эскаляцыі вайны ўсё ж будзе, бадай, збольшага прарасейскай, мяркуе Фёдараў. Як-ніяк, саюзніцкі статус абавязвае хаця б да вэрбальных жэстаў…

Дадамо: на тле каўкаскай вайны, што стала для Масквы працягам ланцуга непрыемнасьцяў (пляны ЗША у галіне супрацьракетнай абароны, натаўскі трэнд Кіева)

Менск атрымлівае псыхалягічны бонус у пэрманэнтным палітычна-эканамічным торгу з Крамлём. Каму ж тады і даваць таннейшы газ, як не апошняму хаўрусьніку, гатоваму легчы пад танкі агульнага ворага?

Што ж да падзей на Каўказе, то падаецца, што ў дачыненьні да іх Менск будзе як мага долей выказавацца ў агульным пляне: глыбокая заклапочанасьць, заклікі да разважнага сэнсу і ўсё такое.

Не сакрэт, што за Саакашвілі стаіць Вашынгтон. Дык ці можа беларускае кіраўніцтва ў зьвязку з апошнімі падзеямі на Каўказе атрымаць нейкую падтрымку Масквы за свой антыамэрыканізм?

Тут усё ня так проста. Так, у гэтым канфлікце Расея фактычна ўваходзіць у клінч з Амэрыкай. Але менавіта ангажаванасьць дзьвюх ядзерных дзяржаў у гэтыя падзеі і дае спадзеў, што ў іхніх сталіцах спрацуе цьвярозы сэнс і вайне не дадуць разгарэцца.

Паказальна, што Пуцін у Пэкіне наўпрост абмяняўся меркаваньнямі пра каўкаскі канфлікт з Бушам. Беларускі афіцыйны лідэр таксама ў кітайскай сталіцы. Але, самі разумееце, у гэтым сюжэце ён па-за гульнёй.

ЗЫ. Як і прагназавалася, беларускі МЗС выказаў "глыбокую заклапочанасьць".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?