У Крычаве ноччу згарэў дом на вуліцы Піянерскай, загінулі шэсць чалавек, паведамілі TUT.BY відавочцы.
«Дом блочны, аднапавярховы, гарэў увесь, адкрытым полымем. Гэта было пасля паўночы, з суботы на нядзелю. Сям'я там выпівала», — распавёў сведка. Па словах суседзяў, у доме пражывала пенсіянерка і два яе сыны 45—50 гадоў.
«Там усё згарэла, перакрыцці праваліліся, тушылі каля гадзіны — нават суседні дом полымем крыху пашкодзіла», — распавядае сведка.
Паводле інфармацыі МНС, паведамленне пра пажар паступіла 24 красавіка ў 00:58.
«Пасля прыбыцця да месца выкліку будынак гарэў адкрытым полымем, дах і перакрыцце абваліліся. У доме пражывалі жанчына-пенсіянерка, два паўналетнія сыны, а таксама сужыцелька аднаго з сыноў. Пад абваленымі канструкцыямі ратавальнікі знайшлі целы шасці чалавек.
Пажар ліквідаваны, яго прычына усталёўваецца, адна з версій — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў нецвярозым стане.
Праверку праводзіць Следчы камітэт, на месцы працуюць спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз», — паведамляе МНС.