Аўтобус з больш як 40 беларускімі турыстамі трапіў у аварыю на аўтадарозе М2 паміж Варшавай і Лоддзю, ён вёз людзей у Гродна пасля экскурсіі ў Прагу. Паведамлялася аб 17 пацярпелых, якім спатрэбілася дапамога медыкаў. Турпаездку ажыццяўляла гродзенская турыстычная кампанія, для чаго скарысталася паслугамі пасажырскіх перавозак ПДУП «ІвАнТур».

«Як толькі паступіла інфармацыя аб ДТЗ, мы адразу ж адправілі ў Польшчу яшчэ адзін аўтобус, на дадзены момант збіраем пасажыраў, каб прывезці іх дадому. Практычна ўсе ўжо знаходзяцца ў аўтобусе, у Варшаве забярэм і тых гродзенцаў, якія былі дастаўлены ў бальніцы, іх стан ацэньваецца як здавальняючы, траўмы не сур'ёзныя. Такім чынам сёння ў Гродна прывязем усіх удзельнікаў турпаездкі, уключаючы жанчыну, якую перавозілі ў бальніцу Варшавы на верталёце, — у яе пералом ключыцы», - удакладніў прадстаўнік перавозчыка.

Паводле яго слоў, сярод удзельнікаў паездкі не было дзяцей. Па вяртанні ў Беларусь людзі атрымаюць грашовую кампенсацыю — аўтобус быў застрахаваны на такі выпадак.

Па паведамленні польскіх СМІ са спасылкай на інфармацыю мясцовай паліцыі, ДТЗ адбылося каля 4 раніцы. Аўтобус, які рухаўся ў напрамку Варшавы, з'ехаў у кювет і перакуліўся. Прычына ДТЗ высвятляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?