У буйных гарадах такія былі ледзь не ў кожным мікрараёне. Дома, калі інтэрнэт і быў, то вельмі павольны і дарагі дыял-ап. Пазней пачалася іншая праблема: пасля прагляду карцінак мегабайты хутка заканчваліся…

А што ж цяпер?

Сталіца: «клуб мёртвых паэтаў»

Вечарам у двух пакойчыках інтэрнэт-клуба «V3», што месціцца на вуліцы Камуністычнай, душна і не праціснуцца. З-за кампоў віднеюцца профілі і спіны як дарослых мужыкоў, так і зусім юнцоў, што рубяцца ў «Доту», «Свет танкаў», «Варкрафт» ды іншыя гульні. Сюды прыходзяць і прадпрымальнікі, і дактары, і нават супрацоўнікі «Варгеймінга», якім патрэбны крыху больш вольны, чым у працоўны час, фармат камунікавання з разумнай машынай. Школьнікі нярэдка прагульваюць тут фізкультуру, але, калі ласка, не расказвайце іх бацькам.

Гэты інтэрнэт-клуб адзін з нямногіх, што захаваўся у горадзе і трымаецца на плаву. Фінансава шмат у чым дапамагла крама з віртуальным абсталяваннем, што адкрылася ў гэтым жа будынку. Самы выразны рух тут пачынаецца пасля 18.00, калі людзі заканчваюць з працай, студэнцкімі лекцыямі ці хатнімі абавязкамі.

Ігару Гоцману крыху больш за 20 гадоў. Некалькі месяцаў таму ён пачаў працаваць адміністратарам. V3-клаб для яго не быў чужым месцам: яшчэ з 12 гадоў ён збягаў сюды за іншай рэальнасцю. Ён памятае час, калі тут адбываліся жорсткія бойкі і адзначае, што ў асноўным бачыць адных і тых ж асоб. Залётныя людзі ў «V3» — рэдкасць. «Хлопцы прыходзяць па атмасферу. Так сказаць, згадаць былыя часы, ударыцца ў настальгію», — тлумачыць адміністратар.

Сярод наведвальнікаў ёсць фанатыкі, якія аплачваюць адразу гадзін шэсць знаходжання за кампом. Але не трэба думаць, што ўвесь гэты час яны не адрываюцца ад манітораў. Хлопцы выходзяць на вуліцу, кураць, гутараць адзін з адным, абмяркоўваюць апошнія навіны… «Гэта як гурток па інтарэсах, ці, калі хочаце — суполка мёртвых паэтаў», — знаходзіць для клуба добрае азначэнне адзін з яго сталых кліентаў Валерый. Хлопцу 26, ён працуе аўтамаляром і некалькі разоў на тыдзень завітвае сюды.

«У мяне дома таксама ўсталяваны нядрэнны комп, падключаны хуткі інтэрнэт, але я вырашыў гульні перанесці менавіта сюды: у кожнага месца павінна быць сваё прызначэнне. Танцамі вось таксама можна дома займацца, так? Але людзі чамусьці запісваюцца на заняткі ў спецыяльныя студыі».

За некалькі гадоў на такое хобі хлопец выдаткаваў больш за тысячу даляраў. Для іншых геймераў падобная сума — норма выдаткаў усяго толькі на сезон.

Але да страт яны адносяцца спакойна: «гэта ж проста яшчэ адзін артыкул расходаў на баўленне вольнага часу».

Да нас падыходзіць Саша. Ён яшчэ студэнт, будучы юрыст. Саша адзначае, што за час наведвання гэтага будынку знайшоў калі не сяброў, дык таварышаў дакладна. Кожны з іх у пэўных жыццёвых абставінах абавязкова дапаможа, згодна са сваім прызваннем: доктар Захар не адмовіць у медыцынскім абслугоўванні, а аўтамаляр Валера паспрабуе палепшыць стан аўтамабіля.

Выдыхаючы цыгарэтны дым на вуліцы, хлопцы ўслых мараць, што калі-небудзь у Беларусі адчыніцца нешта падобнае на «Кіеў Кіберспорт Арэну» — вялікі камп’ютарны цэнтр, на базе якога зараз не проста забаўляюцца, а ўдзельнічаюць у спаборніцтвах вышэйшага ўзроўню. Таго, што засталося ў Беларусі, лічаць яны, недастаткова: падрастае новае, больш прасунутае пакаленне геймераў, якім трэба будзе недзе збірацца, каб камунікаваць і абменьвацца вопытам.

Правінцыя: месца, вольнае ад наглядчыкаў

У Горках, што ў Магілёўскай вобласці, маштабы дзеючага інтэрнэт-клуба яшчэ больш сціплыя: былую прасторную геймерскую пляцоўку без назвы пакрыху выцясняе крама адзення. У распараджэнні сённяшніх аматараў камп’ютарных гульняў застаюцца шэсць працоўных «машын», і тое толькі да 17.00. Адміністратарка Кацярына Багачова згадвае, як раней мясцовыя жыхары маглі набраць піва (праз дзверы тут месціцца кавярня) і завісаць тут амаль да поўначы, сячыся па сетцы. Людзей было — не прабіцца, цэлая кампанія магла гуртавацца каля аднаго кампа.

Наплыў кліентаў, час ад часу, назіраецца і зараз: карцінку масавасці калі-некалі ствараюць школьнікі. Аплачвае гульню самы «багаты», астатнія назіраюць побач і гучна фанацеюць.

«Часцей за ўсё тут сядзяць школьнікі, нават зусім маленькія. Для іх класна сабрацца разам, без бацькоў, гуляць і перакрыквацца між сабой. Завітваюць да нас таксама студэнты-завочнікі з сельгасакадэміі. Але самыя верныя кліенты — вольныя пасяленцы з выпраўленчай калоніі №16, калі ў іх атрымліваецца вырвацца. Ёсць нават мужчына, які загадзя браніруе адзін і тый жа камп’ютар на некалькі гадзін, бо толькі ён цягне «танчыкі».

«Людзей стала прыходзіць менш, і тут не толькі ў тым прычына, што ва ўсіх дома кампы з’явіліся. Эканамічны фактар таксама мае значэнне: хай гадзіна ў нас і каштуе ўсяго толькі 1 рубель 40 капеек, але для маленькага горада гэта таксама грошы», — тлумачыць уладальнік мясцовага інтэрнэт-клуба Раман Кірыленка, які займаецца гэтым бізнэсам больш 10 гадоў.

Каб неяк выжываць, Раман плануе рухаць свой «стартап» у бок віртуальнай рэальнасці: «Фэйсбук днямі абвясціў пра запуск сацыяльнай сеткі «Facebook Spaces», дзе з дапамогай шлемаў можна існаваць у сацыяльнай сетцы ў фармаце 360 градусаў. Вось калі з’явіцца больш даступных гульняў і магчымасцяў у гэтым плане, я таксама набуду шлемы ці акуляры і буду развіваць гэту тэму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?