У суполцы маладафронтаўцаў у фэйсбуку з'явіўся допіс ад імя актывіста Сяргея Пальчэўскага. Ён прызнаецца, што быў завербаваны КДБ пад псеўданімам «Артур». Пальчэўскага шантажавалі крымінальнай справай за ДТЗ, а таксама пагражалі апублікаваць падрабязнасці яго інтымнага жыцця.

«Сябры, хачу перад вамі паспавядацца. І судзіце мяне так, як хто палічыць патрэбным. Сёння я прызнаюся ў тым, што падпісаў супрацу з КДБ.

На першым жа допыце, на які мяне прывезлі ў цэнтральны апарат камітэта, я меў размову без адваката з двума гэбэшнікамі. Яны адразу пачалі патрабаваць, каб я распавядаў ім нешта па «справе патрыётаў». Я адмовіўся. Тады мяне пачалі шантажаваць.

Мне была выказана пагроза крымінальнага пераследу і дадатковага тэрміну за ДТЗ з маім удзелам. Справа ў тым, што сёлета ў лютым я, рухаючыся за стырном, збіў на пешаходным пераходзе жанчыну. Дзякуй Богу, ДТЗ абышлося без пераломаў, але пашкоджанні здароўю кваліфікаваныя як менш цяжкія і за гэта, пры жаданні пацярпелай, можа быць заведзеная крымінальная справа.

Таксама была агучана пагроза публікацыі нейкіх інтымных падрабязнасцяў аб маім асабістым жыцці. Па шчырасці сказаць, я і не вельмі зразумеў, пра што вядзецца гаворка. Цяпер узгадваю, што за некалькі дзён да арышту мне грукаліся ў сетцы Укантакце невядомыя людзі і казалі мне, што ведаюць аб тым, што я гей ды прапаноўвалі мне адкрыцца ў «шчырай размове». Гэтых людзей я заблакаваў, але калі вычварэнцам з КДБ цікава, сёння я прызнаюся: я не гей.

На завяршэнне мне пагражалі «петушатнямі» ў зоне.

Зважаючы на шантаж і тое, што я не вёў ніякай злачыннай дзейнасці, не ведаю ніякіх сакрэтаў — я вырашыў даваць паказанні. Пасля таго, як мы паразмаўлялі прыватна, гэбэшнікі загадалі паўтарыць усё гэта пры адвакаце і далі мне на подпіс падпіску аб супрацы. Пад псеўданімам «Артур» я падпісаў супрацу з КДБ, разважаючы аб тым, што па вызваленні прызнаюся аб гэтым маім сябрам. І сёння я каюся ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Калі нехта мяне асуджае за ўчыненае, я лічу, што кожны мае на тое поўнае права», — напісаў Сяргей Пальчэўскі.

Сяргей Пальчэўскі адразу пасля выхаду з турмы.

Сяргей Пальчэўскі адразу пасля выхаду з турмы.

Хто такі Сяргей Пальчэўскі? Маладафронтавец стаў вядомы пасля таго, як паклаўся пад колы грузавіка і прыкаваў сябе кайданкамі да бампера, каб спыніць будаўнічыя работы ў Зялёным Лузе каля Курапат.

Сяргей Пальчэўскі — мінчук, скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, а цяпер зарабляе цяслярствам. Раней ён працаваў майстрам на заводзе «Атлант».

У 2012 годзе ён прыйшоў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю, а крыху больш за год таму пазнаёміўся са Змітром Дашкевічам і стаў актывістам «Маладога фронту».

Для Пальчэўскага Курапаты не пусты гук. У 1937-м быў рэпрэсаваны яго прадзед — Волюсь Каралецкі. «Ён быў з Уздзенскага раёна. Вядома толькі, што яго трымалі ў турме пад Оршай, а дзе пахаваны — ніхто не ведае. Гэта быў бацька маёй бабулі па мячы. Пасля смерці Сталіна яго рэабілітавалі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?