Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп па выніках 100 дзён свайго знаходжання ва ўладзе даў інтэрв'ю агенцтву Reuters. Паводле Трампа, ён не чакаў, што праца прэзідэнтам ЗША будзе для яго настолькі цяжкай.

«Мне падабалася тое жыццё, якое ў мяне было раней. У ім так шмат усяго адбывалася, — сказаў Трамп. — А ў гэтым новым жыцці мне даводзіцца працаваць значна больш, чым раней. Я думаў, што будзе лягчэй».

Звычайна прэзідэнты, якія нядаўна заехалі ў Белы дом, больш за ўсё скардзяцца на тое, што ў іх няма ніякай магчымасці застацца адным, і што з іх жыцця знікла само паняцце «privacy». Трамп кажа, што да адсутнасці прыватнасці ён прывык даўно, «яшчэ ў мінулым жыцці» эксцэнтрычнага мільярдэра, жанатага з супэрмадэллю. Але ўсё роўна, паводле яго слоў, для яго стала сюрпрызам, наколькі мала прасторы для «асабістага жыцця» ў яго ёсць на пасадзе прэзідэнта.

Паводле Трампа, ён усё яшчэ прывыкае да таго, што яго 24 гадзіны ў суткі ахоўваюць супрацоўнікі спецслужбаў, і гэта накладае пэўныя абмежаванні на тое, што ён можа і не можа рабіць.

«Ты жывеш як у кокане, бо цябе так ахоўваюць, што ты наогул нікуды не можаш пайсці», — сказаў ён.

Трамп дадаў, што больш за ўсё сумуе па магчымасці самастойна кіраваць машынай. «Я хачу сам сесці за руль і кіраваць машынай, але мне больш не дазваляюць кіраваць», — паскардзіўся ён.

Тым не менш атачэнне Трампа заўважае, што ён, нягледзячы на сваю пасаду, па-ранейшаму працягвае мець зносіны з сябрамі і калегамі з «мінулага жыцця» і рэгулярна тэлефануе ім, калі яму патрэбна парада або пазітыўныя эмоцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?