Расейскія танкі перайшлі мяжу Грузіі

Расейскія танкі перайшлі мяжу Грузіі

Афіцыйная Масква называе гэта «апэрацыяй па прымусе да міру».

Усю ноч у Цхінвалі працягваліся баі між грузінскімі і расейскімі войскамі. Расія падцягнула ў Цхінвалі калёну бранятэхнікі і перакінула туды 76-ю дывізію Паветрана-дэсантных войскаў.

За ноч Расея нанесла таксама бомбавыя ўдары па грузінскім порце Поці, чыгуначным вузьле Сэнакі, аэрапорце Кутаісі, горадзе Горы, Кадорскай цясьніне і — паўторна — па вайсковай базе Вазіяні пад Тбілісі. Агульная колькасьць ахвяраў невядомая. Вядома, што толькі ў Сэнакі, дзе ўдар быў нанесены па чыгуначным вузьле і вайсковай частцы, загінула 12 чалавек.

Тбілісі зьвярнуўся да сьвету з драматычным заклікам абараніць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.

Жорсткія сутыкненьні працягваюцца на паўднёвай ускраіне Цхінвалі. Баі ўзнавіліся пасьля зацішша, якое працягвалася ў пятніцу ўдзень некалькі гадзінаў.

Расея спыніла паветраныя зносіны з Грузіяй. А Грузія спыніла вяшчаньне расейскіх тэлеканалаў.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў учора ўвечары, што Паўднёвая Асеція знаходзіцца пад кантролем грузінскіх войскаў і што яна цалкам ачышчаная ад банфармаваньняў.

Паводле Саакашвілі, Цхінвалі быў «цалкам ачышчаны ад асяцінскіх сэпаратыстаў і бандфармаваньняў», хаця моцна пацярпеў ад авіяцыйных удараў расейскіх паветраных сілаў. Страты грузінскага боку складаюць 30 чалавек, сказаў Саакашвілі.

Расейскія вайскоўцы паведамілі пра больш як 10 забітых і 30 параненых байцоў міратворчых сіл. Назіральнікі на месцах паведамляюць, што страты расейскіх войскаў могуць быць вышэйшымі.

Прарасейскі лідэр Асеціі Эдуард Какойты заявіў, што колькасьць забітых складае 1 400 чалавек. Можна меркаваць, што большасьць зь іх — мірныя жыхары.

Пасьля начных бомбавых удараў па чатырох гарадах Грузіі СМІ паведамілі, што каўкаская краіна рыхтуе ўвядзеньне ваеннага становішча.

Паводле міністра замежных справаў Грузіі Экі Ткешэлашвілі, Грузія заклікала сусьветных лідэраў учыніць ціск на Маскву, каб спыніць, як яна зазначыла, «адкрытую ваенную агрэсію» супраць Грузіі.

Кіраўнік прагрузінскага ўраду Асеціі Дзьмітры Санакоеў учора зьвярнуўся да грузінскага і асяцінскага насельніцтва рэгіёну з заклікам дапамагаць законным уладам. Як вядома, у заціснутым у гарах рэгіёне жыве каля 80 тысяч чалавек, зь іх каля 45 тысяч асяцінаў і 30 тысячаў грузінаў.

Дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс заклікала Расею вывесьці войскі з Грузіі і спыніць авіяналёты ў зоне канфлікту. «Мы просім Маскву не бамбіць Грузію, паважаць яе тэрытарыяльную цэласнасьць і адклікаць войскі з краіны», — гаворыць яе пятнічнае паведамленьне.

Гэта першы выпадак у постсавецкай гісторыі, калі Расея адкрыта ўводзіць свае войскі на тэрыторыю суседняй дзяржавы без фармальнай згоды яе ўраду. Афіцыйная Масква называе гэта «апэрацыяй па прымусе да міру».

Паколькі міжнароднае права не прадугледжвае падставаў для ўводу войскаў на тэрыторыю суседняй дзяржавы, Масква падае гэта ўсё як гуманітарную апэрацыю, а ня спробу захапіць частку тэрыторыю суседняй дзяржавы.

Варта адзначыць, што

Расея мае гіганцкую перавагу над Грузіяй ва ўзброенай сіле і тэхніцы.

Войскі Паўночна-Каўкаскае вайсковае акругі налічваюць 100 тысячаў чалавек. На ўзбраеньні яны маюць каля 620 танкаў, 200 БМП і 875 артылерыйскіх сыстэмаў, у тым ліку рэактыўных сыстэмаў залпавага агню. Да таго ж, Расія ўзброіла і фінансуе асяцінскія і абхаскія ўзброеныя часткі. У той жа уся армія Грузіі складаецца з 35 тысяч чалавек і мае на ўзбраеньні 123 танкі. Каб аказаць больш сур'ёзны супраціў Расеі, Грузія абвесьціла пра вывад свайго двухтысячнага кантынгенту з Іраку і зьвярнулася да ЗША з просьбай аб транспартаваньні вайскоўцаў на радзіму.

Дыпляматы і экспэрты вагаюцца ў сваіх прагнозах далейшага разьвіцьця сытуацыі, але можна з пэўнасьцю сказаць, што гэты канфлікт адтэрмінуе прыняцьце Грузіі ў НАТО, якога краіна так дабівалася.

Уначы з чацьвярга на пятніцу грузінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыі, што ад 1992 году не падпарадкоўваліся Тбілісі. Гэтаму папярэднічаў тыдзень узаемных абстрэлаў і абвінавачваньняў.

Напярэдадні апэрацыі прэзыдэнт Грузіі Міхаэл Саакашвілі выступіў з поўным драматызму заклікам да спыненьня канфлікту і аднаўленьня цэласнасьці Грузіі.

У тэлезвароце ён прапанаваў лідэрам Паўднёвай Асеціі «неадкладна спыніць агонь і распачаць перамовы». Ён паабяцаў ім аўтаномію ў складзе Грузіі і сказаў, што Расея магла б выступіць гарантам такой аўтаноміі.

Ніякага адказу з Цхінвалі, вядома, не было — асяціны ўжо 16 гадоў настойваюць на аддзяленьні ад Грузіі і пераходзе ў склад Расеі.

За некалькі хвілінаў да поўначы Грузінскае ТВ абвесьціла аб пачатку «апэрацыі па аднаўленьні канстытуцыйнага парадку».

Войскі Грузіі рыўком занялі 11 сёлаў іЦхінвалі.

Асяцінскія пазыцыі былі зьмятыя. Зацяты бой разгарэўся ў паўднёвай частцы гораду, дзе супраць грузінскіх войскаў адкрыта выступілі расейскія міратворцы. Ужываліся танкі і артылерыя.

Інфармацыя з поля баёў даходзіла супярэчлівая. Мяркуючы па ўсім, грузінскія вайскоўцы сваім агнём цалкам зьнішчылі абарончую інфраструктуру Паўднёвай Асеціі. Грузінскія войскі паказалі, што іх баяздольнасьць рэзка вырасла за апошнія гады.

У Цхінвалі жыве каля 30 тысяч чалавек — прыкладна як у райцэнтры памерам з нашу Бярозу.

Прэм'ер Расеі Пуцін заявіў уранку ў пятніцу, што «агрэсія Грузіі атрымае адказ».

Пад абед з боку мяжы да Цхінвалі рушыла калёна расейскай бранятэхнікі ў складзе ста адзінак. Спачатку Пуціным было заяўлена, што на танках і бронемашынах на падмогу асяцінам рухаюцца «добраахвотнікі». Аднак пасьля Паўночнакаўкаская вайсковая акруга абвесьціла, што гэта групіроўка расейскіх войскаў, выпраўленая на падмацаваньне міратворчых сілаў.

Пры набліжэньні расейскае калёны грузінскія часткі адышлі ад Цхінвалі на вышыні вакол гораду.

Сам горад палыхае, пажары ніхто ня гасіць. У жорсткіх баях разбураная большая частка жылога фонду.

Расейскія самалёты бамбілі пазыцыі грузінскіх войскаў у Горы і вайсковую базу Вазіяні пад Тбілісі — на якой базуюцца таксама амэрыканскія вайсковыя інструктары. Грузія заявіла аб зьбіцьці двух расейскіх самалётаў, аднак інфармацыя не была пацьверджаная дакумэнтальна. Пад вечар зьявілася інфармацыя, што

расейскія самалёты нанесьлі новы ўдар па вайсковай базе ў горадзе Марнэулі на поўдзень ад Тбілісі. 4 чалавекі загінулі.

Расія пайшла на беспрэцэдэнтны крок — паслала войскі ў суседнюю краіну, пасьля таго як дыпляматычныя крокі Крамля сустрэлі халодную рэакцыю Захаду. Рада бясьпекі ААН не прыняла ніякага рашэньня па сытуацыі ў Паўднёвай Асеціі. Тэрміновае паседжаньне было скліканае сёньня ўначы на просьбу Расеі, але іншыя сябры Рады не падтрымалі расейскіх прапановаў.

На паседжаньні Грузія цалкам усклала віну за абстрэлы на паўднёваасяцінскі бок. Гэта заявіў на Радзе Бясьпекі ААН сталы прадстаўнік Грузіі пры ААН Іраклі Аласанія. «Мы заклікаем лідэраў сэпаратыстаў спыніць ваенныя дзеяньні», — заявіў ён. Ён таксама заклікаў Расею спыніць правакацыі і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Грузіі.

Асяцінская армія складаецца зь мясцовых людзей, але таксама з добраахвотнікаў з Расеі. У Цхінвалі прыбыў таксама кіраўнік расейскай аўтаноміі Паўночная Асеція Таймураз Мамсураў.

Прадстаўнік Паўднёвай Асеціі ў Маскве запрасіў сёньня ў Расеі тэрміновай вайсковай дапамогі. Пасьля гэтага Пуцін у Пэкіне заявіў: «пачалася вайна».

Як вядома, Асеція раней прасілася ў склад Расеі. Гэта дало Тбілісі дадатковыя падставы лічыць, што яно мае справу не з аўтанамісцкім рухам, а з закамуфляваным расейскім умяшаньнем.

ЗША і Эўрасаюз заклікалі неадкладна спыніць баявыя дзеяньні.

Па атрыманьні навіны аб бамбёжцы базы Вазіяні і ўступленьні расейскай бранятанкавае калёны ў Асецію Міхаэл Саакашвілі зьвярнуўся да ЗША з просьбай аб падтрымцы.

«Хачу зьвярнуцца да міжнароднай супольнасьці і да Расійскай Фэдэрацыі з заклікам — неадкладна спыніць бамбёжку Грузіі. Грузія не была ініцыятарам гэтай канфрантацыі, але Грузія не адступіцца сваёй тэрыторыі, — заявіў у чарговым тэлезвароце Саакашвілі. Ён аб'явіў таксама мабілізацыю рэзэрвістаў. — Мы баронім Грузію і нашу будучыню», — заявіў ён. «Тое, што адбылося, гэта вынік гістэрычнае мілітарысцкае прапаганды, разгорнутае расейскімі тэлеканаламі», — заявіў прэзыдэнт Грузіі, заклікаўшы Расею «супольнымі намаганьнямі спыніць гэтае шаленства».

СМІ Расіі і Грузіі поўняцца прапагандысцкімі матэрыяламі на тэму канфлікту.

Так на нашых вачах яшчэ адзін рэгіён споўз да крывавага канфлікту. Пытаньне «каму гэта выгадна» застаецца без адказу.

Беларусь захоўвае нэйтралітэт у ацэнках сытуацыі. Старшыня камісіі па міжнародных справах савету рэспублікі нацыянальнага сходу Мікалай Чаргінец сёньня заявіў, што канфлікт можа быць вырашаны толькі праз скліканьне саміту СНД. Ён ня стаў ускладаць адказнасьць за праліцьцё крыві на якісьці адзін бок. МЗС Беларусі заклікаў да неадкладнага спыненьня агню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?