09.08.2008 / 10:18

У Аўцюках фэстываль народнага гумару 2

Яго дэвіз «Хто гуляе i дурэе, той нiколi не старэе!». 8—9 жніўня, Калінкавіцкі раён. Сярод іншага, чакаецца дэгустацыя самагонаў і парасячыя скачкі.

Шосты ўсебеларускі фестываль народнага гумару праходзіць 8—9 жніўня ў вёсках Вялікія і Малыя Аўцюкі (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць).

У свяце бяруць удзел творчыя калектывы з усіх абласцей Беларусі, а таксама з рэгіёнаў Украіны. Мерапрыемства праходзіць пад дэвізам

«Хто гуляе i дурэе, той нiколi не старэе!»
.

8 жніўня ў вёсцы Малыя Аўцюкі адкрыўся помнік Каласку і Калінцы (так тут называюць мясцовых жыхароў). Вітаючы дэлегацыі, якія прыбылі на фестываль, вядучыя назвалі галоўнымі Каласкамі гомельскай зямлі старшыню Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Якабсона і намесніка міністра культуры Віктара Кураша, а галоўнай Калінкай — дэпутатку палаты прадстаўнікоў Раісу Ціханскую.

На адкрыцці свята прадстаўнікам уладаў прапанавалі распілаваць бервяно — як залог таго, што праз два гады ў Аўцюках будзе пабудаваны і адкрыты музей народнага гумару. Бервяно распілавалі піламі пад назвай «Цешчын язык». Плануецца, што музей народнага гумару будзе пабудаваны пры ўдзеле ўкраінскіх спонсараў.

Вядучыя фестывалю прапанавалі ўсім, хто ўдзельнічае ў свяце ўпершыню, стаць у круг, загадаць жаданне, заплюшчыць вочы і чакаць, калі яно збудзецца. У выніку пажарныя аблілі ўсіх вадой.

Удзельнікі фестывалю прайшлі па падвор'ях жыхароў Вялікіх і Малых Аўцюкоў, увечары будзе вызначаны лепшы з двароў. На полі паміж вёскамі пройдуць святочны канцэрт, конкурсы, забаўляльныя праграмы і карнавал. Завершыць вечар падвядзенне вынікаў конкурсаў, феерверк і начная дыскатэка.

У райцэнтры адбудзецца футбольны турнір паміж мужчынскай і жаночай камандай Аўцюкоў, конкурс на найлепшую юшку, якую прапануюць пакаштаваць кухары з розных раёнаў Гомельскай вобласці. Пройдзе дэгустацыя самагону «Аўцюкоўскія бульбулятары», а таксама конкурсы дзіцячага, студэнцкага і армейскага гумару.

Будуць арганізаваны парасячыя скачкі і бой пеўняў.

Усебеларускі фестываль гумару праводзіцца ў Аўцюках з 1995 года па ініцыятыве старшыні Беларускага дзіцячага фонду пісьменніка Ўладзіміра Ліпскага. Асаблівасць гэтых вёсак у тым, што Вялікія Аўцюкі па тэрыторыі і насельніцтве меншыя за Малыя Аўцюкі.

Алена Германовіч, БелаПАН

0
Галіна / Адказаць
10.08.2008 / 08:30
Шаноўнае спадарства, калі ласка, не рэкламуйце ворагаў беларускага народу. Калі б вы ведалі, што з сябе прадстаўляе Раіса Цеханская, вы б гэтым іменем пужалі дзяцей. Гэты чалавек настолькі ненавідзіць усё беларускае, што вам не снілася. Сама яна па нацыянальнасці руская, заўсёды працавала ў арганізацыйна-інструктарскім аддзелу, спачатку ў Гомельскім гарвыканкаме, а потым ў аблвыканкаме, мастар фальсіфікацыі усіх выбараў. Гэта яна арганізуе правядзенне выбараў, кантроль за ходам выбарчай кампаніі і падлік галасоў. І будзьце упэўнены. пакуль яна стаіць на стражы гэтага участку, ні адзін з вас не стане дэпутатам. Вельмі амаральная асоба, як ў плане грамадскім, так і ў прыватным. Беларускае прозвішча атрымала ад мужа, які з'яўляецца беларусам. Гэта другі Сувораў на беларускай зямлі.
0
n / Адказаць
11.08.2008 / 16:21
Юля Дарашкевiч! Давай фота!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру