Зьезд Партыі БНФ выйшаў не такім ужо гарачым, як многія думалі, а некаторыя хацелі. Алесю Міхалевічу не хапіла шасьці галасоў, каб вярнуцца на пасаду намесьніка старшыні.

Тое, што найбольшай інтрыгай жнівеньскага зьезду партыі БНФ будзе «пытаньне Міхалевіча», сумневаў не было. Усё ж вылучэньне чатырох кандыдатаў ад арганізацыі на парлямэнцкія выбары выглядала справай досыць руціннай і нецікавай.

Падтрымку Алесю Міхалевічу (дарэчы, ён крыху зьмяніў свой імідж — пагаліўся), якога выключылі з партыі 14 чэрвеня за інтэрвію «Салідарнасьці», выказалі абсалютна ўсе абласныя арганізацыі БНФ. Таму шанцы на ўзнаўленьні пасадзе таксама вырасталі. Але лёгкай барацьбы ніхто не чакаў.

І жарсьці насамрэч закіпелі ці не адразу пасьля харавога выкананьня гімну «Магутны Божа». Высьветлілася, што дэлегатамі зьезду не былі прызнаныя прадстаўнікі Віцебскай і Гомельскай абласьцей. На іхных сходах не было кворуму. Баршчэўскі не пайшоў на саступкі, сказаўшы, што за кожным крокам партыі назірае Міністэрства юстыцыі».

Старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі выступіў з 20-хвіліннай справаздачай. У прыватнасьці, лідэр партыі заклікаў да аб’ектыўнага расьсьледаваньня выбуху 4 ліпеня, а таксама спыненьня ўціску на сяброў партыі. У выпадку неспыненьня рэпрэсій БНФ можа пакінуць за сабой права зьняцца з парлямэнцкай кампаніі.

Відэа Яраслава Сьцешыка

Называліся канкрэтныя выпадкі, калі з працы звольнілі кобрынца Аляксандра Меха і Леаніда Аўтухова з Гарадку, прызыў у войска Віталя Каратыша з Кажан‑Гарадку, адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Зьмітра Вінаградава зь Мядзела. Баршчэўскі прызнаўся, што напярэдадні меў тэлефонную размову з Паўлам Якубовіча, які абяцаў разабрацца ў сытуацыі зь Мехам.

Старшыня БНФ сказаў, што партыі важна вылучыць свайго кандыдата на прэзыдэнцкія выбары ўпершыню ад 1994 году. Разам з тым, ён адзначыў, што ў любым выпадку, незалежна ад рашэньня АДС, на выбары зьбіраюцца ісьці Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін і Мікола Статкевіч. Кожны з гэтых кандыдатаў паспрабуе адарваць у сваёй каманды частку сяброў БНФ. Баршчэўскі прызнаўся, што меў перамовы з Андрэем Саньнікавым наконт прэзыдэнцкай кампаніі. На прапанову ўступіць у БНФ каардынатар «Хартыі‑97» так і ня даў адказу.

Намесьнік старшыні БНФ Юрась Губарэвіч палічыў, што кандыдат у прэзыдэнты ад БНФ не надасьць партыі асаблівага ўплыву і рэйтынгу. Ён назваў тых людзей, што заявілі ўнутры арганізацыі аб уступленьні ў прэзыдэнцкую кампанію «клюбам палітычных пэнсіянэраў».

Губарэвіч прывёў прыклад, што ў 2006 сябры БНФ змаглі сабраць за Мілінкевіча толькі 50‑60 тысяч подпісаў, што не дастаткова, каб заяўляць пра ўласную паўнавартасную кампанію. Губарэвіч заклікае не губляць той патэнцыял, што быў напрацаваны цягам мінулых гадоў. Ні для кога не сакрэт, што тут меўся на ўвазе Аляксандар Мілінкевіч, які больш вядомы ў грамадзтве.

Наконт вядомасьці Баршчэўскі зрабіў невялікую рэмарку, што ў беларускай энцыкляпэдыі ёсьць 40 артыкулаў пра сяброў БНФ, але няма пра Мілінкевіча.

Ну а ўжо потым пачаліся дэбаты па Міхалевічу. Сам палітык пацьвердзіў, што папрасіў прабачэньні ў абражаных ім асоб у газэце «Навіны БНФ». А сваё выключэньне Міхалевіч зьвязаў з сваімі ж прэзыдэнцкімі амбіцыямі.

Пытаньне пра аднаўленьня Алеся на пасадзе намесьніка старшыні было вырашана паставіць на патаемнае галасаваньне. А перад гэтым Лявон Баршчэўскі сказаў, што будзе расцэньваць гэтае галасаваньне як давер да партыйнага кіраўніцтва.

Вынік: супраць — 33 дэлегаты, за — 28, устрымаліся — 2. Не хапіла акурат тых самых шасьці віцебскіх і гомельскіх галасоў. Як і на мінулым зьезьдзе, галасы падзяліліся амаль папалам.

Лявон Баршчэўскі і Віктар Івашкевіч прапаноўвалі аднавіць Міхалевіча як шараговага сябра партыі. Аднак нават такая кампрамісная прапанова сустрэла вялікі пратэст найстарэйшых сяброў БНФ — Голубева, Хадыкі, Садоўскага. Голубеў нават паабяцаў выйсьці з партыі ў выпадку аднаўленьня.

Зрэшты, Міхалевіч сам адмовіўся ад падобнага галасаваньня. На сёньняшні момант зноў прыняць палітыка ў партыю можа любая раённая структура. Сам Міхалевіч пакуль ня вызначыўся, ці зробіць так.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?