29.04.2017 / 23:09

«Дзецюкі» знялі ВІДЭА ў знак салідарнасці з абаронцамі Курапат 5

За паўгода да важнай для беларусаў даты, 80-годдзя з ночы расстрэлу нацыянальнай эліты ў Курапатах, «Дзецюкі» апублікавалі відэа з моцным пасылам.

Музыкі чытаюць верш «Курапаты» слонімскага паэта Рудольфа Пастухова. Пераклад з рускай мовы зрабіў Іван Сяргейчык.

«Ідэя зняць гэты ролік з'явілася ў знак салідарнасці з хлопцамі, што баранілі памяць Курапат і не давалі распачаць забудову на ахоўнай тэрыторыі мемарыяла, — напісалі «Дзецюкі». — Але пакуль мы ўсё арганізавалі, будоўля спынілася і хлопцы згарнулі свой лагер. І запіс нібыта стаў не актуальны, але, на жаль, падзеі апошніх месяцаў сведчаць, што гэтыя радкі яшчэ доўга будуць актуальнымі і шмат каму будзе патрэбна наша салідарнасць. Да таго моманту, пакуль нехта не адкажа за Курапаты, не прызнае і не пакаецца ў злачыннасці таталітарнага савецкага ладу».

Верш, які чытаюць «Дзецюкі»

Не Бухенвальд тут,
Не Хатынь,
а Курапаты.
Замшэлы лес —
куды ні кінь.
Ды скрып лапаты.
І сэрдца стук
на кожны гук
смяротна раніць,
жалобна б'е
паклон зямлі
людская памяць.
Галлё трашчыць —
ужо вядуць
пад крык зацяты.
Птушыны крык
не змоўкне тут —
тут Курапаты.
Ніхто не змог адсюль ўцячы.
Тут цемра суму.
Усяго сто крокаў уначы.
А колькі думак?…
Тут мора выліта крыві.
Тут —
сосны ў неба.
Пясок чырвоны,
ржавы жвір.
Тут — быль і небыль.
Куды ні кінешся — правал.
Вадаварот пясчаны.
Час расстраляны напавал,
і кліч адчайны,
і гістарычны той правал —
чарней за ночы.
А можа, ён,
як люты шквал,
фашызм прарочыў?!
Тут сталінізм
шалёна рваў —
як вецер века
храбат гісторыі ламаў
і чалавека…
Пляўком свінцовым са ствала —
ва ўпор ахвярам…
Крыж накрыж целы,
пах крыві
І жах на тварах.
Свідруюць кулі чарапы
ўначы без свісту:
і камсамольца,
й мужыка,
і камуніста…
І лёсы новыя шумацяць
ў стале Цанавы —
а целы зноў і зноў ляцяць
на дно канавы.
І на грудзях у Курапат —
на латцы лата
А смерці што да новых страт?
не вінавата…
Яе не клікалі сюды,
тут ўсё іначай.
Сцірае памяці сляды
дажджлівым плачам.
І ні крыжоў,
ні зорак тут —
гамоняць сосны,
і песні над табой пяюць
дразды галосна
ды цемра вышчарана п'е
світальны золак…
Вось сведка інтэрв'ю дае.
На твары — сполах…
Фасфарасцыруюць ствалы
гарой шкілетаў.
Як дзіркі ў чарапах
ад пісталетаў…
Ці не маёй матулі крык
слых рэжа з-пад лапаты?
павінен нехта адказаць
за Курапаты!

Аўтар гэтага верша Рудольф Пастухоў нарадзіўся ў 1936 годзе і выхоўваўся ў ГУЛАГУ. Яго бацькоў расстралялі ў 1937 годзе. У 1970-м ён перабраўся ў Слонім, дзе і пражыў да смерці ў 1997 годзе. 

* * *

Курапаты — месца, дзе саветы расстралялі дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі. Гэта была частка палітыкі, скіраванай на вынішчэнне нацыянальных эліт, здольных узначаліць супраціў паняволеных народаў. У Беларусі былі загубленыя практычна ўсе багатыя сяляне, большасць пісьменнікаў, міністраў, акадэмікаў, а пазней, у некалькі прыёмаў, самі чэкісты, якія ўдзельнічалі ў арыштах і расстрэлах.

nn.by

0
Абаронца / Адказаць
30.04.2017 / 00:54
Шчыры дзякуй! Моцна!
0
литвин / Адказаць
30.04.2017 / 01:46
А какова судьба тех,кто расстреливал ,ведь можно назвать их фамилии ,где и кем они работали...,если вспомнить пятидесятые годы,директоров школ,колхозов...их военную выправку....а сейчас во власти их сыновья и внуки...перевертыши...
0
Чорны Война / Адказаць
30.04.2017 / 01:50
Я не чапляюся, можа гэта вiдэа i кранальнае... Але па-мойму кранальнае - гэта нешта пяшчотнае, ласкавае. А тут... Не магу падабраць слова... Тут усё намнога мацней, сур'ёзней.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру