Лідэр Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч збіраў подпісы за вылучэнне ў кандыдаты па Хойніцкай выбарчай акрузе дэмакратычнага прэтэндэнта Леаніда Судаленкі.

Каля хойніцкага рынку лідэра Руху за Свабоду мясцовыя дэмакратычныя актывісты сустрэлі вельмі ўрачыста: яму паднеслі каравай хлеба і кветкі.

Па словах сябра АГП, прэтэндэнта ў кандыдаты Леаніда Судаленкі, у людзей істотна выраслі пратэстныя настроі. Значная частка працаздольнага насельніцтва з’ехала шукаць лепшай долі ў Расею альбо ва Ўкраіну.

– Людзі падпісваюцца. Заходзіш у кватэру – там адны жанчыны. Скардзяцца на свой цяжкі лёс. Мужчыны паз’язджалі ў іншыя краіны, каб зарабіць грошы для сям’і, бо тут гэта зрабіць немагчыма. Амаль усё хойніцкае насельніцтва да 2008 года атрымлівала даплаты, бо тэрыторыя забруджана радыяцыяй. Цяпер гэтага няма. Людзі пакрыўджаныя, – кажа Леаніда Судаленка.

Прэтэндэнт ад дэмакратычных сілаў Леанід Судаленка ўжо сабраў 1200 подпісаў.

Да Аляксандра Мілінкевіча падыходзілі пераселеныя пасля Чарнобыля ў горад пенсіянеры, якія раней працавалі на вёсцы. Яны скардзіліся на вельмі нізкія вясковыя пенсіі. Людзі, якія бывалі ва Ўкраіне, пыталіся чаму там істотна падвысілі пенсіі, робяць выплаты яшчэ савецкіх зберажэнняў, а ў нас такога няма.

За пікетам з удзелам Аляксандра Мілінкевіча назіралі апранутыя ў цывільнае супрацоўнікі міліцыі і КДБ. На развітанне лідэр Руху за Свабоду падзякаваў афіцэру міліцыі за карэктныя паводзіны яго падначаленых, на што той са сціплай усмешкай адказаў: “Няма за што. Гэта ж наш абавязак – забяспечваць бяспеку такіх асобаў як Вы”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?