Лідар расійскай апазіцыі Аляксей Навальны напісаў у сваім блогу, што яго правае вока, апечанае зялёнкай 27 красавіка, можа перастаць бачыць цалкам, паколькі лячэнне пакуль не дае вынікаў.

На яго думку, той факт, што хімічны апёк, дыягнаставаны ў яго пасля нападу невядомага, да гэтага часу не прайшоў, можа сведчыць аб тым, што да зялёнкі было падмяшяае нейкае іншае з'едлівае рэчыва.

Невядомы мужчына, не кажучы ні слова, абліў палітыка зялёнкай пасля выступу на форуме ў Маскве 27 красавіка. Гэта быў ужо другі напад на Навальнага з ужываннем гэтага антысептыку — першы раз яго аблілі зялёнкай у Барнауле 20 сакавіка. Навальны за апошнія месяцы не раз падвяргаўся і іншым нападам.

«У Барнауле мне пырснулі зялёнкай проста ў вочы з гумовай грушы — вельмі пякло і рэзала, але праз 10 хвілін я нармальна бачыў, вочы не апухалі, бялкі засталіся белымі», — параўнаў Навальны два напады.

Маскоўская паліцыя паведамляла, што па заяве Навальнага 27 красавіка праводзілася праверка. Сам пацярпелы паведаміў, што гэтая праверка ні да чаго не прывяла.

«Ніякага расследавання, вядома, не будзе. Вунь, крымінальную справу да гэтага часу не распачалі. Мяне нават не апытаў ніхто, хоць заява адразу напісаная была», — напісаў Навальны.

У арганізацыі нападу палітык абвінаваціў адміністрацыю прэзідэнта. «Так, непасрэдна са шкляначкамі зялёнкі бегаюць ўсякія НОДаўцы, але ў іх пастаянна дакладныя даныя аб маіх перасоўваннях, гасцініцах, квітках, адлётах/прылётах. […] Зразумела, што данымі з баз і данымі вонкавага назірання іх забяспечваюць спецслужбы», — напісаў Навальны.

Крэмль пакуль ніяк не каментаваў сцверджанні апазіцыянера.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?