Піша Віталь Тарас.

Напэўна, варта было б пачакаць, не сьпяшацца з высновамі й камэнтарамі на гэтую тэму. Тым больш, аб’ектыўнай інфармацыі пра вайну ў Грузіі пакуль катастрафічна не хапае. Але пішу не таму, што сьпяшаюся ўставіць слова ў распаленую дыскусію.

А таму, што ні на хвіліну не змаўкаюць рупары дзяржаўнай расейскай прапаганды — расейскія тэлеканалы. Дзяржаўныя беларускія адрозьніваюцца ў асьвятленьні падзеяў у Паўднёвай Асеціі ня вельмі моцна. Дый незалежныя дэмакратычныя сайты рунэту ня могуць як сьлед ачомацца ад патрыятычнага прыпадку высакароднага абурэньня, які ахапіў іх у першы дзень пасьля таго, як грузінскія войскі занялі Цхінвалі. Расейскамоўныя блогі поўныя водгукаў, самы мяккі зь якіх: «грузин = фашист». І ніхто з расейцаў ня ўспомніў, што і вайна ў Чачэніі называлася «навядзеньнем канстытуцыйнага парадку» — дакладна так, як назваў сваю вайсковую аперацыю ў Паўднёвай Асэтыі прэзыдэнт Грузіі.

Папулярная тэлевядоўца Ціна Кандзелакі ў сваім блогу на адным з самых лібэральных у Расеі сайтаў ва ўсім абвінавачвае Саакашвілі, які, маўляў, пачаў вайну ня толькі з Паўднёвай Асеціяй, але з уласным народам. Гэта справа грузінскага народу — даваць ацэнку свайму прэзыдэнту. Апазыцыя не аднойчы крытыкавала Саакашвілі, нават выходзіла супраць яго на дэманстрацыі, называла дыктатарам. Але сёньня, у момант цяжкага выпрабаваньня, лідэры апазыцыі прыпынілі канфрантацыю з уладай.

Наколькі Саакашвілі дзейнічаў слушна ў стасунках з Расеяй і дзьвюма самаабвешчанымі рэспублікамі на тэрыторыі Грузіі, наколькі была падрыхтаванай вайсковая апэрацыя ў Цхінвалі, ці былі прадуманыя ўсе яе наступствы, ці ёсьць у Саакашвілі ўвогуле нейкі рацыянальны плян дзеяньняў, альбо ён дзейнічаў паводле ленінскага прынцыпу: «галоўнае ўвязацца ў бойку, а там пабачым…» — на ўсе гэтыя пытаньні дасьць адказ гісторыя. А яшчэ перад тым прэзыдэнту Грузіі, напэўна, давядзецца адказаць і перад сваім народам.

Але гаворка цяпер не пра тое.

Масква ясна паказала, што стаіць за рыторыкай пра «ўставаньне Расеі з каленяў».
У гэтым, відавочна, яна бачыць сваё адраджэньне — у тым, каб іншыя народы й дзяржавы перад ёй укленчылі, як было за савецкім часам.

Ня мае ўжо значэньня, які з бакоў першым пачаў абстрэл, хто больш забіў салдатаў праціўніка і мірных жыхароў. Расейскія войскі, цынічна называныя «міратворчым кантынгентам» (як тут ня ўспомніць пра «абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў, часова ўведзены на тэрыторыю братэрскага Аўганістану»), распачалі вайну з Грузіяй на яе сувэрэннай тэрыторыі. Гэтага факту, дарэчы, расейскае кіраўніцтва не абвергла дый ня можа юрыдычна абвергнуць.

150-мільённая Расея з агромністым войскам супраць маленькай Грузіі з насельніцтвам крыху больш за 4,5 мільёна чалавек (114 месца ў сьвеце). І яшчэ невядома, што стане з грузінскай дыяспарай у РФ — дыяспарай, да якой належыць, між іншым, і Ціна Кандзелакі.

А якое гэта мае дачыненьне да нас, да Беларусі?

Якая-небудзь «Белорусская военная газета» , можна не сумнявацца, ужо рыхтуе чарговы матэрыял, у якім зноў будзе прыдумляць нешта пра трэніроўкі беларускіх апазыцыянэраў у грузінскіх спэцлягэрах з удзелам амэрыканскіх інструктараў у мэтах падрыхтоўкі тэрактаў і дзяржаўнага перавароту ў РБ.

Але Бог зь імі, з аглядальнікамі «БВГ» і ўсіх астатніх дзяржаўных газэт. Да чыноўнікаў і афіцыйных журналістаў, яшчэ, відаць, не дайшло, што

ілгаць пра раўнапраўны саюз з Расеяй пасьля гэтай вайны стане яшчэ цяжэй.
А галоўнае — небясьпечна для беларускай дзяржавы. Аўтар сэнтэнцыі пра «самую вялікую геапалітычную катастрофу ХХ стагодзьдзя» і ягоныя прыхільнікі-сілавікі ня спыняцца ў сваіх неабмежаваных амбіцыях ні перад чым і ні перад кім.

Украінскае кіраўніцтва гэта ўжо зразумела і ясна дало зразумець Крамлю, што гуляць у небясьпечныя геапалітычныя гульні, тым больш, з выкарыстаньнем базаў Чарнаморскага флёту на сваёй тэрыторыі, не дазволіць. Ці здольныя вынесьці ўрок з гэтай вайны ўлады Рэспублікі Беларусі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0