Канцлер Германіі Ангела Меркель заявіла, што ў ходзе перамоваў папрасіла прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аказаць уплыў для выканання правоў гомасэксуалаў у Чачні, піша ВВС.
AFP
«Я казала аб тым, што атрымала вельмі адмоўныя даклады пра тое, што адбываецца з гомасэксуаламі ў Чачні, папрасіла спадара прэзідэнта аб тым, каб ён аказаў свой уплыў, з тым каб забяспечыць захаванне правоў меншасцяў», — сказала Меркель.
Матэрыялы аб выкраданнях, катаваннях і забойствах гомасэксуалаў у Чачні з'явіліся ў СМІ ў мінулым месяцы. Чачэнскія ўлады адмаўляюць гэтыя абвінавачванні, Следчы камітэт і мясцовая пракуратура паведамілі аб пачатку расследавання.
Сярод тэм, закранутых Пуціным і Меркель на перамовах, таксама былі сітуацыя ў Сірыі, вайна ва Украіне, санкцыі супраць Расіі. Ніякіх прарываў па гэтых пытаннях не чакалася.
На сумеснай прэс-канферэнцыі Меркель выказала надзею на тое, што Расія выканае сваю частку мінскіх пагадненняў, што дазволіць Еўрасаюзу зняць з яе санкцыі. Пуцін у сваю чаргу заклікаў працягнуць мірнае ўрэгуляванне ў Сірыі і расследаваць хімічную атаку пад Ідлібам.
Меркель прыбыла ў Расію з першым візітам за апошнія два гады.
Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»