Гатэль «Каліфорнія» ў мексіканскай Каліфорніі, Reuters.com
Рок-гурт Eagles падаў у суд на мексіканскі гатэль «Каліфорнія», чыя назва адсылае да песні і альбома гурта Hotel California.
Гасцініца ў пасёлку Тодас-Сантас у штаце Паўднёвая Ніжняя Каліфорнія ўводзіць наведвальнікаў у зман і эксплуатуе сваю ўяўную сувязь з музыкамі для прыбытку, сцвярджаюць пазоўнікі. Паводле іх інфармацыі, у холе 11-павярховага гатэля граюць песні Eagles і прадаюцца тэматычныя футболкі.
Eagles просяць суд Лос-Анджэлеса забараніць гасцініцы называцца «Каліфорніяй» і паведамляць пра якія-небудзь сувязі з творчасцю калектыву.
Hotel California з'яўляецца «імаверна, самай вядомай песняй групы і ў многіх адносінах увасабляе» яе «самую сутнасць», гаворыцца ў пазове.
Гатэль «Каліфорнія» у Тодас-Сантас адкрыўся ў 1950 годзе — за чвэрць стагоддзя да выхаду аднайменных альбома і сінгла Eagles. З тых часоў ён змяніў некалькі назваў.
У 2001 годзе ўстанову купіла сямейная пара з Канады і, як сцвярджаюць Eagles, пачала выкарыстоўваць яго гістарычнае найменне ў маркетынгавых мэтах.
«Па легендзе, гасцініца дала назву вядомай песні», — паведамляе сайт даведніка Lonely Planet.
Тым часам аўтары хіта кажуць, што яе тэкст не адсылае да ніякага пэўнага месца. Вокладка альбома Hotel California ёсць фатаграфіяй рэальна існуючага каліфарнійскага гатэля «Бэверлі-Хілз».
Кадр быў выкарыстаны групай без дазволу. Eagles знаходзіліся пад пагрозай судовага разбору, пакуль не высветлілася, што колькасць браніраванняў у «Бэверлі-Хілз» патроілася пасля поспеху альбома.
Два сінглы з пласцінкі — уласна Hotel California і New Kid in Town — занялі першыя радкі ў амерыканскіх і канадскіх чартах пасля яе выхаду ў 1976 годзе