06.05.2017 / 08:11

Моцная, слабая, усё сабе даравала: жанчына з-пад Любані жыве ў Варшаве і вядзе фантастычны дзённік па-беларуску 37

Жыццё Святланы Курс мела нямала ліхіх паваротаў. Менск 90-х, гарачыя пачаткі незалежнасці. Розныя работы. Каб урэшце прызямліцца ў Варшаве, дзе Святлана працуе. А ў сваім фэйсбуку вядзе свайго роду дзённік. Быццам бы звычайны — але ёсць магічнае ў ім. І тую Варшаву бачыш, і як яна, у той Варшаве будучы, жыве жыццём Беларусі. Пранікаеш у жыццё жанчыны, што жыве ў Еўрасаюзе, вучыць сына Фелікса ў польскай школе, жыве праблемамі вялікага свету, а душа часам адлятае на радзіму пад Любанню, на край Палесся. Роўнасць жанчын моцна хвалюе Святлану. Палітыка хвалюе, і вечнасць. Гранічна шчыры дзённік. 

Ну і мова — мова ў яе фантастычная. 

Прапануем вашай увазе запісы і фоты з яе вэб-дзённіка за пачатак гэтага года. На маю думку, гэта вялікая літаратура ў фэйсбук-фармаце. Калі вам палюбіўся Андрусь Горват, вы будзеце ў захапленні і ад гэтага дзённіка-свету.

Андрэй Дынько

2 студзеня

От, расстройства з гэтымі вечнымі гульнямі з часам. Час няўмольна выйграе. Пайшла ў краму па звычайны, базавы набор — сялянскі хлеб, малако, яйкі, тварог. Вярнулася, адкрыла хлебніцу — і выпусціла адтуль водар навагодняга хлеба з маслінамі, як водар свята, лятучы, імгненны. Востры момант невяртальнага, ледзь не заплакала.

3 студзеня

Не любіць палякаў немагчыма, бяруць цябе голымі рукамі. Выходжу я сёння з крамы, ганаруся ўласнай гаспадарлівасцю: 44 злотых гатоўкі было, і я патраціла 39,89, не выкарыстоўваючы карткі. Трасу кулаком з жоўтымі капейкамі над вухам, рада-шчасліва. І тут чалавек з пшанічнымі вусамі адрываецца ад ліхтара і просіць на папраўку здароўя. Я ў адказ: «Ой, мне няёмка пану такую драбязу даваць». А ён кажа: «Клянуся, проша пані, я гэтых бедных маленькіх сіротак не пакрыўджу!» Ссыпала яму са жмені ў жменю.

8 студзеня

Я заўсёды хацела ведаць, як жывуць, што любяць і адчуваюць іншыя. І маю ўражанне, што ўся сусветная літаратура ад Гамера пачынаючы сказала мне меней, чым фэйсбук Цукерберга.

14 студзеня

Пазнаёмілі з Юркам Асеннікам [рокер-беларус з Беластока], маю альбом. Глыбокі, страшнаваты. Коміксы ў ім рэзкія. Асабліва той, дзе брат ідзе на брата з сякераю. Юрка кажа: гэта вельмі беларуская тэма, але яе распрацоўваў яшчэ Дзюрэр.

А я памятаю старое нашае павер’е, што плямы на месяцы — гэта брат засякае брата.

Я вельмі люблю Асенніка.

15 студзеня

Трохі нядзельнай слодычы:

16 студзеня

Іду з супермаркета, бачу — Каралева:

17 студзеня

Я ўвесь час думаю пра цячэнне часу, і думаю ўхвальна. Але якім жа адкрыццём для мяне было тое, што за маім жыццём у маім лесе дрэвы змяніліся двойчы — вольхі павінны жыць і да 80 год, але жывуць па 20, а вераб’і змяніліся ў саракавым пакаленні. 

18 студзеня

«Я люблю Беларусь, мне добра ў Беларусі». Новая кампанія «Нашай Нівы» своечасовая, правільная і шчырая. Стагоддзямі з нашай зямлі вымывалася яе соль,і ніхто не мог гэтаму паставіць крэс, бо не было сваёй дзяржаўнасці. А цяпер, хоць крывая, касая, каравая, як мая доля, але дзяржаўнасць ёсць. І з'явіўся нейкі гістарычны шанец эвалюцыйным шляхам перарабіць яе на нешта добрае. Наш вечны вораг слабее, і хутка яму будзе не да нас.

* * *

Нябожчык Віктар Івашкевіч [рабочы з Мінска, які стаў адным з пачынальнікаў падпольнага руху за незалежнасць у 1980-я] лічыў, што беларускае адраджэнне мае спіральную структуру. Ён быў вельмі пераканаўчы, падмацоўваў сваю тэорыю нейкімі прыкладамі, якія за даўнасцю я забыла, але памятаю, што там вялося пра спіральнасць альбома «Пінк Флойд» «Сцяна».

* * *

Галоўны набытак майго ад’езду — у іншых краінах, па-за Беларуссю, ёсць воля, свабода. І гэтую волю-свабоду кепска ці добра, але абараняе нада мною польская, чэшская, амерыканская дзяржава. Яны як парасонік, часамі нязграбны, і цяжкі, і ломкі. А наша дзяржавухна — як гранітная пліта, якая бароніць мяне ад дажджу.

19 студзеня

Зараз зраблю вельмі інтымнае прызнанне, каб вас здзівіць. Сёння ўначы я прачнулася ад таго, што ўсё сабе даравала. Пачуццё было такім моцным і цудоўным, што я прыняла яго за сон, махнула рукой і зноў заснула. Але прачнуўшыся раніцай, я не адчула вечных смутку, трывогі і віны. Фактычна гэта быў першы добры ранак майго жыцця. Я і не ведала, што жыву ў такой турме, якую сама сабе збудавала. Мне 45 гадоў, я дастаткова адседзела і цяпер ні ў чым не вінаватая, свабодная і абыякавая. Так бывае, і без псіхатэрапіі. Ура.

* * *

А ў маладосці мяне палохалі, што пасля сарака кепска жыць! Усё падманвалі.

* * *

У мяне ёсць унутранае імя, але яго не возьмеш — яно нахабнае і нехарошае. Я называю сябе Чычаліна. Гляну, бывае, у люстра раніцай, і нешта ўнутры мне гавора: ну, здарова, Чычаліна.

* * *

Баюся сурочыць, але змены каласальныя. Мне больш нічога не трэба заядаць, заліваць алка. Я нават перастала баяцца чынавенства і дзяржустаноў, паліклінік і інш. Прачынаюся з даверам і надзеяй і не думаю, што за гэта давядзецца заплаціць непрыемнасцямі.

Гэта, бадай, усё, пара ўжо і завяршыць шчыраванні. Усім зычу добрага года.

24 студзеня

У мяне два любімыя краявіды. Адзін «умазрыцельны». Туды я спакойна і доўга збіраюся, можа, і не даеду, а можа, даеду нямоглай сівенькай бабулькай. Гэта ірландскія адхоны над акіянам:

Другі пейзаж — мой райскі сад. Ён існуе сапраўды. Гэта нашае селішча стаіць проста вочы ў вочы з лесам, па начох да нас праз дарогу адтуль ходзяць і лятаюць жыхары, і наш сабака, і нашыя каты бесяцца ад узбуджэння. Над сцежкай днём лятаюць каляровыя матылькі, а днём — бескалёрныя мятлікі, і каты (уначы таксама бескалёрныя) палююць на іх з зарасцяў мацыёлы. І пах маціёлы, ліпы, травы, зямлі…

29 студзеня

Згадваю свой пост за 19 студзеня штодня. Як усё стала на месцы 19 студзеня. Былі ўжо і непрыемнасці, і мегапаскудствейка адно маё ўскрылася, і надакучыла я сама сабе й людзям надмерным словавывяржэннем. І яшчэ ад даўжэзнай пісьмовай працы баліць плячо і шыя. Аднак гэта зусім іншая якасць жыцця. Я цяпер адпаведная сама сабе і сувымерная сама сабе, і ўсё, што са мной здараецца, ёсць спакоем і нормай.

Вось сёння паехала глянуць на ваду і лес у Белыя Берагі, даехала да краю Варшавы, палезла даплаціць, а кашалька— ёк! Вылезла і пайшла дахаты. Так і ішла са спакоем, ловячы пах кебаба, і чорныя малюнкі голля ды быльнягу на небе і снезе, і простых людзей з простымі вераб’ямі сузірала, як і замерзлыя дамы раёна Жалібаж. Мабыць, пайду ў школу скрыпкі ці акварэльнага малюнку.

30 студзеня

Абажаю простыя класічныя дэтэктывы. Нідзе няма такіх дасканалых апісанняў чалавечага побыту, у якім адбіваецца сірая чалавечая душа, псіхалогія і лёс. «На пяцьдзясят чацвёртай заходняй вуліцы я ўбачыў пабляклы брунатны дамок з высахлым брунатным газонам. Адзіная пальма ўпарта змагалася за жыццё. Паўднёвы ветрык драпаў патрэсканыя сцены адрослымі парасткамі леташняга калядніку. Збоку, на паржавелым рыпучым дроце, калыхалася недамытае пажоўклае хусце». Як вы думаеце, хто тут жыве, хто выйдзе да дэтэктыва Філіпа Марлоу?

Удава-алкагалічка сталага веку. Адсюль гэтыя парэшткі ілюзій кшталту пакупкі калядніку на святы і абы-якое, але пранне. Удавец бы меў крэсла-ківайку і пляшкі па піве на вэрандзе, мусіць.

* * *

Гэта капітан украінскай арміі Андрэй Кізіла, які загінуў пад Аўдзееўкай:

1 лютага

Новы, вішнёвы акт сандалеманіі:

* * *

Па знаку я Свіння, і гэта надае чароўнасць кожнай фразе гараскопа.

«Сёлета Свінню чакаюць высокія мілосныя ўзнясенні», — прарочыць мне польскі гараскоп.

І далей: «Свіння, якая мае прафесійныя амбіцыі, павінна ўвесь год выкарыстоўваць свае здольнасці глыбокага даследавання». Мо труфелі капаць?

* * *

Як пісаў Тэкерэй: і над тлустай таліяй можа біцца гарачае сэрца!

2 лютага

Людзі такога складу, як Трамп, Пуцін, і цэлая плойма ім падобных, ніколі не стаяць за цаной. За Трампа палка перажываюць мужчыны складу «інтэнсіўнік», «разрубацель гордзіевых вузлоў», «незважальнік на трэскі, якія ляцяць, калі сякуць лес».

3 лютага

Па ўсёй стужцы гэтыя Фліп і Флап. Пра аднаго ўначы расказваюць, пра другога ўдзень.

10 лютага

Фэйсбук замучыў рэкламай партыі Гі Фэрхофстада [бельгійскі палітык]. Я яе і так хаваю, і гэтак, а Гі як усміхаўся мне абаяльным шчарбатым ротам, так і ўсміхаецца. І вось учора «ён прыйшоў ка мне ў сне».

Нібыта мяне не пускалі жыць у лепшую частку горада для разумных, бо я не мела панятку, як утвараюцца світанкі і захады. Я ім на КПП кажу: Зямля віецца вакол Сонца, а таксама вакол уласнае восі, адтуль вашыя світанкі. Іржуць і не пускаюць. І тут падыходзіць сп. Фэрхофстад і кажа: хадзі, я цябе навучу. Бярэ нейкі планшэт і малюе на небе: вось ёсць агнявы леў, калі ён павернецца і гляне ў люстэрка, на зямлі світанак, ясна? І на цёмным небе сапраўды з’яўляецца чорнае люстэрка ў зорах, а насупраць яго — цяністы леў, дупаю да люстэрка. І раптам гэты леў адварочваецца і — усміхаецца ў люстэрка: агнявая пыса і агнявая грыва, і яго руды і залаты адбітак ад вялізнага люстэрка асвятляе зямлю. «Во!» — кажу я ахоўнікам і праходжу ў лепшую частку горада. Думаю, ALDE Group — Liberals and Democrats in the European Parliament першыя запусцілі мазгавую атаку ў фэйсбуку дзеля палітычнае рэкламы. А значыць, за імі будучыня. Галасуйця за ALDE!

11 лютага

Я цяпер гляджу Westworld і Taboo, а там сцэнарысты гоняць Шэкспіра, Сафокла, Дантэ, Біблію, Дастаеўскага, Мэры Шэлі, Сымону дэ Бавуар і многа-многа Дыкенса. Вось табе і серыялы. Вось табе й мыльныя оперы.

* * *

Якая файная фатаграфія маці і сына:

16 лютага

Я еду дадому. Нарэшце еду дадому, у сваю пустату.

* * *

Аж млею ад хвалявання і прадчування. Калі мне ніхто не перашкодзіць, то ў суботу я апынуся там. Мяне туды не давязуць, і 9 км я буду ісці ў поўнай цішы. Дарога раскладзецца на палоскі — шэры асфальт, белы пясок, чорны торф, зялёнае ўстраўе, белае абснежжа, ліловы алешнік, блакітна-белае неба. Прасціця за ўсю гэту сентыментальнасць.

Краявіды з малой радзімы Святланы Курс.

* * *

Я не знаю, каму прызнацца ў гэтым каханні. Справа ў тым, што там культура канчаецца. Гэта патройнае памежжа Меншчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны, і дарогі там завіваюцца ракушкай і нікуды не вядуць, я ездзіла роварам, торкалася. І я сябе там адчуваю, як у матцы, як у ракушцы, як у доміку. Мой брат, Віктар, пранікся гэтаё маёй тэорыяй і падарыў апошнім летам праездку па дзікіх забытых вёсках Любаншчыны, Глушчыны і Рудабельшчыны.

23 лютага

Дома зімішча, вецер б’ецца ў сцены, як шалёны бык. Начныя снегапады. Усё чорна-белае, апрача чыстацелу, папараці, скочак і праклятай амялы, якая распаўсюдзілася, як чартапалох у сабачай поўсці. Адкуль гэта навала? Раней яе столькі не было.

* * *

«Радзіва «Прудок» [кніга пра тое, як 32-гадовы мінчук пераехаў на глухое Палессе ў дзедаву хату] дачытала. Ад самага пачатку баялася свае рэакцыі. Блізкасць, рэўнасць, зайздрасць — праз гэта заўжды вельмі цяжка прадрацца. Гэта маё, роднае. Раней, да Горвата, я думала, што яно памерла і належыць толькі мне, і я ляжала на ім, як сабака на сене альбо Смаўг на раскошах [герой рамана Толкіена «Хобіт»]. Аднак інтарэс жыцця палягае ў чэснай гульні. Я прызнаю: пра гэта пісаў раней Андрэй Федарэнка (і панёс паразу), потым Андрэй Горват (невядома што ён панёс, паразу альбо перамогу). Мая праўда палягае ў беларускай вёсцы, я ўсіх да яе раўную. Прасціця (напісала, скрыгічучы зубамі).

* * *

Аднойчы я не магла заснуць да 5 раніцы, хаця ехаць мне было а 7. Чытала Федарэнку [беларускі пісьменнік, выхадзец з беднай сям’і з Гомельшчыны]. Той таксама гомельскі і вельмі моцны.

4 сакавіка

Што за цудоўная вясна, спадарства! Змена паравін года, коладзён — самая пекная рэч на зямлі. Я так прывязаная да гэтага. Ніякі космас мяне ніколі не маніў, я радая, шчаслівая і спакойная, што ніколі не пакіну зямлі і заўжды буду ўключаная ў гэты коладзён любым удзельнікам — сабой, травой, кузуркамі ці прахам.

* * *

Ура! Ура! Сонца, шпакі, глеба паруе!

* * *

А вось цяпер я хаджу ўначы па парках, адчуваю гэты пах і кліч глебы, нібыта мірыяды траваў, цел і лістоў адтуль са мной гавораць, і думаю: ой, каб не накаркаць толькі. Вось прыляціць талерка з космасу, украдуць мяне на досведы, як сабаку Стрэлку, і любая кніга Рэя Брэдбэры падасца каляднай гісторыяй.

* * *

З Варшавы вяшчаю, але з адбіткам Беларусі на «ўнутранай паверхні павек» (Набокаў, здаецца).

* * *

Гераіня Рут Рэндэл [брытанская пісьменніца] у такі дзень лічыла:

мне сорак, значыць, я ўбачу квітненне вішні максімум яшчэ сорак разоў, таму ўпускаць нельга.

11 сакавіка

Цэлы дзень правяла ў прыліве закаханасці ў свой народ

[людзі ў гэты дзень выйшлі на плошчы ў Пінску, Оршы, Бабруйску і Рагачове].

Звычайна ў мяне шмат крыўдаў на сваіх, вядома за што. Але ў самыя важныя моманты беларусы праяўляюць свае найлепшыя якасці: шчырасць, чалавечнасць, сціплую, але высокую годнасць.

Годнасць гэтая не скіраваная супраць кагосьці, яна сапраўдная, унутраная. Многія выйшлі не за сябе, а за іншых: за моладзь, дзяцей, унукаў. Бабуленькі, якія жывуць «на курыных спінках», цярпелі да апошняга, абы дзецям было добра. Але будучыню забралі і ў дзяцей, і ўсё для чыіхсьці непамерна раз’етых эга і дупы. Мая віна, што я не дома.

17 сакавіка

Памятаю пабоішча 1996-га. Памятаю, як касманаўты дубіналам збівалі [кінарэжысёра] Уладзіміра Халіпа, прыціснуўшы да нейкай прыгожай кратаванай брамы, і як яго закрывала сабой [дачка] Ірына. Памятаю Жыгамонта, які біўся з мянтамі, як леў, толькі шалік павяваў. Жанчыну, якая трапіла на акцыю з авоськай буракоў і кідала імі ў міліцыянтаў, а потым тыя буракі скакалі па асфальце. Ну, і як мы з незнаёмцамі трохі пагайдалі міліцэйскае аўто, а потым я праз 20 год пабачыла здымкі і пазнала ў хаўрусніках пару славутых беларусаў. 21 год мінуў, а ўсё тое ж.

21 сакавіка

У Варшаве з раніцы таксама было, я раззлавалася. Неба як у труне, нізкае, цёмнае, бязрадаснае, тэмпература ні туды ні сюды. Мала таго, цяпло трымаецца тры тыдні, а трава і лісты не адгукаюцца. Але па абедзе ўсё змянілася. Палезла я ў зашаф’е па ўпакоўку вясновых празрыстых шкарпэтак (час на іх!) і наткнулася на пляшку добрага віна, якую сама ад сябе заначыла. Праўда, пра якую пішуць у «Хроніках Нарніі» і ведаюць многія дзеці — шафы бясконцыя і вядуць у іншасветы. Вось, пайшла купіла браткоў і нарцысаў, саджаю на ветрыку на сваёй галерэі, а збоку на падваконні келіх Riddle Creek [аўстралійскае віно]. Прыхлёбваю за здароўе кожнай кветкі. З вясной!

* * *

Раптам так папразрысцела і высахла паветра і зямля! Гэта той момант. Нарэшце на сорак пяты раз я магу ўлавіць кожнае адценне прышэсця вясны.

* * *

Такая вясна, і мы жывыя.

Вось такія браткі мне нагадваюць Мункаў «Крык»

23 сакавіка

У такой сітуацыі неабходныя ўнутраная засяроджанасць і спакой. А збор дапамогі — файная магчымасць дапамагчы нашым вязням і іх сем’ям. Не плакаць, не баяцца, а рабіць — адразу стане лягчэй. Добрая магчымасць для беларусаў за мяжой віртуальна стаць за краіну.

24 сакавіка

Кіраванне Аляксандра Лукашэнкі застанецца ў гісторыі як правал і ганьба ад першага да апошняга дня.

25 сакавіка

Калі Еўропа гэта пракаўтне, то мне не патрэбна такая Еўропа.

* * *

Еўропа і Амерыка памагалі і памагаюць. Але цяпер я хачу ад іх простай справядлівасці і звычайнай біялагічнай чалавечай гідлівасці. Не прымаць, не ездзіць, не лгаць. Гэта як бы я пайшла есці торцік у дом, дзе гвалцяць і б’юць. А потым такая: «Ах! Што вы! Я нічога не заўважыла».

* * *

Што ж тут напісаць пра іх? Гэта нежыць, нелюдзі. Але ў адрозненне ад іншай нежыц і— нячысцікаў, напрыклад,— шуняўкі нецікавыя, плоскія. Нуль канфлікту, нуль агню. Каб там нейкая іскра была, чалавек не стаў бы служыць гаўном.

Я гляджу ў іх твары і не адчуваю ніякага інтарэсу. Мая бабка называла такіх «пакідзішча». Прапашчы, пусты чалавек. Сіла, прага ўлады, мілітарызм, адміранне пачуццяў і падпарадкаванне галоўнай малпе.

* * *

Ты ж не раўняй пратэсты ў вольным і нявольным краі. Гэта параўнаць няможна.

27 сакавіка

Столькі нянавісці ўва мне цяпер. А мне гэта шкодна. Неабходна кудысьці нырнуць і вынырнуць кімсьці іншым.

27 сакавіка

Я гадоў 20 хацела задаць пытанне, але саромелася. Скажыце, калі ласка: чаму «махаў рукамі» ў нашай краіне заносіцца ў пратакол і караецца суткамі? Ці ж гэта не нармальная жэстыкуляцыя ўсхваляванага чалавека? Чым, каму можа зашкодзіць маханне рукамі? Для чаго ж іншага дадзены чалавеку рукі? Працаваць і выражаць эмоцыі.

* * *

Мы шукаем свае адметнасці, каб прыцягнуць турыстаў. Дык вось жа яна: «Беларусь — краіна, дзе нельга махаць рукамі». У нейкім штаце ЗША, я чула, нельга ўсцягваць кавадла на званіцу і кідаць уніз. У іншым — забаронена займацца пэўнымі відамі сэксу ў матэлях. І ў нас ёсць свая нацыянальная адметнасць!

30 сакавіка

Вялікдзень я святкавала ад нараджэння. Ён так і зваўся ў нас — Вялікдзень. Не Пасха, не. Яшчэ, праўда, ад бабак я чула слова Васкрашэнне. Мы малымі думалі, гэта намёк на крашаныя ў цыбулі яйкі.

Нават калі маіх бацькоў пасялілі ў двухпавярховік без печкі, яны ўдваіх, як насілкі, цягалі начоўкі з цестам праз чатыры вуліцы да кумы ў печ пячы пірагі. А потым гарачыя пірагі клалі пад велікодны белы абрус, давалі нам крывабокі паскрэбышак і казалі: «Света, Віця, спаць, пірагоў не красці, бо Бог загневаецца!» І везлі бабу на ўсяночную. І раз-такі мы з братам, дачакаўшыся ўсяночнае, паламалі ўсе тыя пірагі на друзачкі, паелі разамлелыя разынкі, а кавалкі склалі кучкамі. Мы думалі, што розніцы ніякай, смак пірагоў усё адно захоўваецца, і невядома чаго так раўлі бацькі і бабка. І вось гэтай вясной я ўпершыню згадала пра гэта.

1 красавіка

Вясна. Купка прышчавых юнакоў з гусінымі шыямі ідзе праз двор. З пад’езда выходзіць рудая дзяўчынка-мара, дасканалая з ног да галавы. Як яны змоўклі, як яны глядзелі, бедныя, мілыя. Я ўзнесла падзяку нябёсам, што мне не 15. Пякельным бывае першае юнацтва. А яны, мусіць, маглі б пашкадаваць нудную цётку, якая цвітучай вясной нясе дахаты сетку картопель, крышку ад унітаза і каціны жвір. Але цёткі ім нябачныя.

2 красавіка

Краявід з варшаўскай кватэры Святланы Курс.

Штосвятой нядзелькі мой бедны, вясёлы, п’юшчы раён — Блізка Воля Роботніча — прычапурваецца і валам валіць на кірмаш. Закінуты стадыён «Алімпія», дух 90-х, гандаль з раскідушак, бусікаў і проста са шчырае зямелькі.

Паў-Украіны і паў-Беларусі тут, а палякі прадаюць старое рыззё з хаты. Я выправілася, каб упаляваць сабе цукарніцу з 1950-х. Ну і гародніны прыкупіць за капейкі кіло. 

Cыры, хлябы, кілбасы і кіндзюкі з Літвы, зборы свежамолатых прыпраў, вясковыя куры, яйкі і мёд, вяленая, вэнджаная і сушаная рыба, самаціснутыя алеі, авакада па паўтары залатоўкі, 400 г клубніц за 2, маладая бульба за 3 зл, арэхавае печыва за 8/кг. Зеляніна і радыска па залатоўцы. На ўсё 25 баксаў пайшло. 

[1 злоты = прыкладна 50 капеек].

А на прамоцыю ці на кірмашы можна шмат чаго купіць. Зеляніна, пончык, малая канапка са шмальцам і гурком, шкляначка ёгурту, палова цёмнага хлеба, абястлушчанае малако. І за 1,49 — кіло яблык. 89 грошаў— кіло нямытай бульбы. 

Ярка-пунсовая карункавая бялізна для распусніц (10 злотых — і ў дамках!), парцаляна і крышталь са старых сервантаў (бедныя нашы продкі, набілі некалі серванты, даставалі-мучыліся, а цяпер гэта ідзе па пары злотых), стары акардэон, афіцэрскія боты, скураныя тапкі, брыдкія, але жыццесцвярджальныя сукенкі — ух, чаго там толькі не было! Не было толькі мае цукарніцы. Дакладней, была — добрая ангельская парцаляна, але без крышачкі. У такіх цукар злежваецца.

6 красавіка

Сёння прыходзіў мой піцерскі дзядзька-нябожчык, высокі, самавіты, пузаты, у новым аранжавым швэдры і светлым пінжаку. Я яго павіншавала па-ангельску чамусьці. «Хэпі бёздэй, — кажу, — дзядзя Ваня». Ён моўчкі прыціснуў мяне да аранжавага пуза. Так я прачнулася з адчуваннем воўны на шчацэ. Мабыць, у сне мне было гадоў 10, я сягала яму грудзей. Прачнулася і зразумела, што мой дзядзька сапраўды нарадзіўся ў красавіку 1944-га. Па віншаванні прыходзіў.

* * *

Эдуард Дубянецкі кінуў мне выклік: надрукаваць верш беларускага паэта і перадаць эстафету далей. Друкую «Запавет» Алега Мінкіна. Эстафету перадаю ўсім.

Паэзія пераадольвае жыццё.
Каханне, грошы, славы сверб — мана:
Гарэза-час завабiць iмi сэрца,
Памучае, а потым насмяецца —
Не здраджвае Радзiма нам адна.
Так у рацэ сплывае хлуд сухi,
Цяжкiя бёрны i ашмоцце пены,
I толькi адбiваюцца нязменна
У хуткабежнай плынi — берагi.

7 красавіка

Сёння ў 6.30 мне пазваніў кур’ер. У 6.30. І кажа такі: «А што гэта ў вас такі дзіўны нумар дома? Ці правільны ён? Я пасля шаснаццаці буду». Я хацела адаспацца, а цяпер ляжу і думаю: куды б я ўжыла такое вялікае і прастадушнае нахабства?

* * *

Лепшай навіны і не прыдумаеш. Я пра 59 лятучых ракет. Брава, Амерыка.

8 красавіка

Сонца, вецер. Браткі мае цвітуць сямю колерамі, залатыя нарцысы пусцілі стрэлы да Вялікадня, пайду цяпер пасаджу мяты, кропу і базілік, каб усё лета паядаць. Заадно абгойсаю вакольныя блышыныя кірмашы ў пошуках цудаў за капейкі: «Часамі жыццё цвіце як ружа», казала Шарлота Брантэ. Добрага ўікэнду добрым людзям, палёгкі тым, хто ў вязніцах.

10 красавіка

Ну, даждалі: Скотланд-Ярд упершыню ўзначаліць жанчына:

* * *

Калі мне адказваюць груба, я, бывае, цярплю. Адзін чалавек у дзень — яшчэ нічога. Але бываюць дні, калі атрымліваеш адлупы з усіх бакоў. От, думаеш, бедны я надламаны цвяточак. А нараніцу падымаешся і разумееш, што не цвяточак ты, а тая кучаравая траўка, што расце на бітых дарогах— з мікраскапічнымі суквеццямі, незаўважная мяккая траўка.

10 красавіка 

Spotkajmy się pod koniec sierpnia
Mam ci tyle do powiedzenia
Prawie wcale cię nie znam
To nie powinno mieć znaczenia.

Chodźmy na spacer
w wysokich trawach
niedaleko miejsca,
w którym mieszkasz
Spotkajmy się pod koniec sierpnia.

Anteny wyłapują
sygnały z całego świata
Opowiedz mi o wszystkich
miejscach, w których byłaś
Spotkajmy się pod koniec sierpnia.

От проста так. Песня гурту Komety:

12 красавіка

Ноччу мяне часта пераследуе вельмі карысная і разумная думка: пра што я буду шкадаваць на Божай пасцелі і што б мне ўтварыць, каб потым не шкадаваць ні пра што, а ляжаць і мерці спакойна. І я надумала-такі,

пра што шкадавацьму найбольш: што так доўга дазваляла сабе ўзірацца ў нікчэмныя абліччы правадыра і ягонага шумецця. Гэта дзесяцігоддзямі рэзала мне вочы і вушы, разбурала пачуцце прыгожага, разумнага і справядлівага. І я буду шкадаваць: мала адварочвалася, мала пераводзіла позірк на добрых людзей і прыгожыя явы. А самае кепскае — мала змагалася. Ох, і сорамна мне будзе.

13 красавіка

Упершыню бачыла ДТЗ у рэальным часе. На шчасце, усе жывыя. Але які страшны гэты міг незваротнасці, які ён кароткі і адначасна працяглы. Страшна.

14 красавіка

А цалкам жа магчыма, што гэты вылюдак, дыстыляваны ў трох пакаленнях [Кім Чэн Ын], і распачне вайну. Каінаў грэх ён зрабіў не маргнуўшы вокам. Вось купіла я сабе ліловыя туліпаны, абрус, Юлін падарунак, пасцяліла, а ў панядзелак — цюцю! Прахам пойдуць і я, і туліпаны, і вясёлкавы пекны абрус.

* * *

Напісаў стары сябра з дакорам: як я магла ўзяць у фрэнды Юлію Чарняўскую, якая не тая Юлія Чарняўская. Што падвяргаю небяспецы сваіх сяброў на фэйсе. Хачу папярэдзіць і патлумачыць: я бяру ўсіх, хто на першы погляд не мярзотнік(ца). Мне цікава, да таго ж працуе прэзумпцыя, што бальшыня людзей ОК. На новых фрэндоў стаўлю падпіску і гляджу, напішуць паскудства — выдаляю ці блакую. Дзякуючы такой палітыцы я пазнаёмілася з людзьмі, якія далі мне шмат дабра.

Шчасце прыватнага, вольнага чалавека ў тым і складаецца, што ён можа гуляць бяспечна і гаварыць з усімі.

Пакуль яму не скажуць нешта непрымальнае. А чаго я гэта ўсё пішу? А каб вы зналі, што ў мяне слабыя налады бяспекі, мае акаўнты час ад часу церпяць ад узломаў. Буду прасіць грошай — не давайце. 

17 красавіка

Знайшла чужую карту ў білетамаце. Адчула нехарошае хваляванне.

18 красавіка

Сябры са стужкі бавяцца новым калейдаскопам: размяшчаюць свае фотачкі старымі, юнымі, іншапольнымі. Гляджу, і ўсе чатыры здымкі складваюцца ў адзіны твар вечнага, індывідуальнага чалавека. «Дык вось ты які(ая)», — думаю. Файная гульня. Дарэчы,

усё ясней бачу пранізлівае хараство старасці, мабыць, з узростам мне выдаюць усё новую і новую оптыку.

* * *

«Мы на НН часам друкуем лісты арыштаваных па справе «Белага легіёна» да сваіх родных. Дундукова, Лазоўскага, Данілава. Гэта самае моцнае чытво, якое мне траплялася апошнім часам. Якія гэта глыбокія людзі, якая ўнутраная светліня і стрыжань. І галоўнае, што па-беларуску. Гэта людзі, якімі трэба ганарыцца, якія павінны быць на кіруючых пасадах у сілавых органах. А замест гэтага яны сядзяць у турме. Патрыёт — не злачынца, калі гэта ўжо дойдзе і наверсе?» — піша Зміцер Панкавец. Гэта дайшло наверсе. Менавіта таму яны ў турме.

22 красавіка

Я ведаю мора прымавак дэфекатыўнай тэматыкі. Ужываю выключна дома, бо яны… проста немагчымыя. А я іх люблю — не магу.

Мая цётачка пра сквапнага чалавека кажа: «А гэты і з гаўна плеўкі дзярэ». Пра амбітную паездку мая бабка казала: «У жопу носам, назад калёсам». А найбольш незразумелую прымаўку мне расказаў дрывасек Аскольд: «Сяры ды маж, і будзеш чорт наш». Паняцця не маю, што гэта азначае. Але Аскольд гэта ўжываў, калі яму прапаноўвалі замалыя грошы за клетку дроваў.

25 красавіка

Параўноўваючы сябе з іншымі людзьмі (найчасцей, жанчынамі), прыўважыла, што я тормаз. Пазнюся на кожным жыццёвым этапе. Дзяўчаты, скажам, ужо кінулі пячы кулічыкі з пяску, а я пяку. Дзяўчаты кінулі гуляць у класікі і скакалкі, а я толькі ў смак уваходжу. Дзяўчаты пачалі фарбавацца і хадзіць на дзіскацекі, а я пнём пень. Ну і так далей — інфантыльнае завісанне. І вось сёння ўначы мяне азарыла, што я — жанчына сярэдніх год, маці маладога чалавека! І што мой сын хутка мяне пакіне. Аказваецца, адна думка пра яго адыход невыносная.

Святлана Курс

4
Маргарыта / Адказаць
04.05.2017 / 23:52
Света цудоўная! Яна не толькі піша так, яна насамрэч такая, як піша.
2
Заходні Беларус / Адказаць
04.05.2017 / 23:55
..."А наша дзяржавухна — як гранітная пліта, якая бароніць мяне ад дажджу"... а можна яшчы дадаць - цісне ў глебу што дзень мацней і мацней.

http://nn.by/?c=ar&i=190106
7
Юры з-пад Дворышча / Адказаць
05.05.2017 / 00:19
А мова спадарыні курс падабаецца Вам, паважаная Рэдакцыя, таму, што яна не сароміцца карыстацца агульнымі з палякамі слоўцамі, і ўсякай такой экзотыкаю. У адрозьненьні ад сучаснай НН :)
Паказаць усе каментары/ 37 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру