На старой каралеўскай дарозе з Беластока ў Менск, вёрстаў дванаццаць не даязджаючы да Свіслачы, разлеглася старадаўняе мястэчка Ялоўка. Колісь яно належала да Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. Цяпер гэта тэрыторыя Польшчы. Але да сучаснай беларускай мяжы тут лічаныя кіламетры.

Траецкі касцёл у Струбніцы. Так мог выглядаць і ялоўскі касцёл. Фота А. Дыбоўскага

Траецкі касцёл у Струбніцы. Так мог выглядаць і ялоўскі касцёл. Фота А. Дыбоўскага

Выгаднае транзітнае размяшчэнне спрыяла хуткаму росту паселішча. Прызнаннем яго значнасці і дадатковым штуршком да далейшага развіцця стала наданне Ялоўцы ў 1545 Магдэбургскага права.

Аднак праз стагоддзі стары каралеўскі шлях страціў былое значэнне. Будаўніцтва чыгункі і шашы прывяло да яго паступовага заняпаду. Канчаткова ён абязлюдзеў, калі быў перарэзаны дзяржаўнай мяжой. Гэта не магло не адбіцца на лёсе Ялоўкі. Сёння гэта ціхае мястэчка з багатай лакальнай гісторыяй, у якой адбілася ўся супярэчлівая мінуўшчына беларуска-польскага памежжа.

Але для беларусаў Ялоўка адметная не толькі гэтым.

6 лютага 1838 менавіта тут, у мясцовым парафіяльным касцёле, ксёндз Францішак Каранеўскі ахрысціў немаўлятка, сына ўласніка недалёкага маёнтка Мастаўляны. Хлопчык атрымаў імя Вінцэнт. Праз два месяцы, 4 красавіка, быў праведзены паўторны абрад хросту, і да першага імя было дададзена другое — Канстанцін, пад якім сыну Сымона і Веранікі Каліноўскіх і было суджана ўвайсці ў гісторыю.

Сённяшні ялоўскі мураваны касцёл Божага Перамянення многімі якраз і лічыцца месцам хрышчэння Кастуся Каліноўскага. Аднак гісторыя храма сведчыць, што яго пачалі будаваць толькі ў 1859-м, і прыняць хрост у ім будучы кіраўнік беларуска-літоўскіх паўстанцаў ніяк не мог.

Тым больш не мог ён хрысціцца ў касцёле Св. Антонія, руіны якога захаваліся ва ўсходняй частцы мястэчка, бо гэты храм узводзіўся яшчэ пазней — у 1910—1915 гг.

Дык дзе ж хрысцілі Каліноўскага? Адказ на гэтае пытанне дае «Хроніка парафіяльнага касцёла ў мястэчку Ялоўка», складзеная ў 1849 мясцовым ксяндзом Віктарам Кулешам. Дарэчы, у 1841 г. ён быў капеланам Свіслацкай гімназіі, у якую праз шэсць гадоў паступіць вучыцца Кастусь Каліноўскі. Калі айцец Віктар быў пераведзены ў Ялоўку — дакладных звестак няма. Вядома, што праз нейкі час яго выслалі ў Сібір, дзе сляды Віктара Кулешы губляюцца.

Ялоўская «Хроніка» не была арыгінальным творам у звыклым нам разуменні. І ініцыятыва яе складання не належала мясцоваму каталіцкаму святару. Звесткі пра парафіяльныя касцёлы ў сярэдзіне XIX ст. збіраліся цэнтралізавана біскупскай курыяй. З Вільні па парафіях рассылаўся друкаваны фармуляр-апытальнік «Хронікі». Ён утрымліваў 10 пытанняў, якія тычыліся гісторыі касцёла, яго выгляду і ўнутранага аздаблення, легендаў, звязаных з храмам. Парафіяльныя ксяндзы мусілі даць на кожнае пытанне разгорнуты адказ і адаслаць фармуляр назад. Каштоўнасць кожнага такога дакумента наўпрост залежала ад таго, наколькі падрабязна той ці іншы святар адказваў на прысланыя з Вільні пытанні.

Такім чынам быў утвораны цэлы комплекс касцельных «Хронік», якія цяпер захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Сярод іх і ялоўская «Хроніка».

Запаўняючы фармуляр, Віктар Кулеша засведчыў, што ў 1747 у Ялоўцы на сродкі старасты Казіміра Сапегі замест старога драўлянага храма пабудавалі новы парафіяльны касцёл Міхала Арханёла. Гэта і быў той касцёл, у якім хрысцілі Кастуся Каліноўскага.

Новы храм узвялі з дрэва. Ён стаяў фасадам на поўдзень, звонку быў ашаляваны і меў прыблізна 27—29 м у даўжыню і 14—16 м ушыркі. Унутраная прастора касцёла бялілася. Падрабязных звестак пра выгляд будынка не захавалася, але ён, верагодна, меў пэўныя супольныя рысы з іншымі драўлянымі касцёламі Гродзеншчыны ў сярэдзіне XVIII ст. У якасці прыкладу можна разглядаць Траецкі касцёл у вёсцы Струбніца Мастоўскага раёна.

Вакол храма традыцыйна быў цвінтар, дзе хавалі ксяндзоў. Сёння ад тых магіл нічога не засталося. Падчас апошняй вайны помнікі скінулі ў раку для ўмацавання броду. Паводле словаў мясцовага краязнаўцы Мар'яна Гайдучэні, да нядаўняга часу захоўвалася адна надмагільная пліта, але і яна знікла. Па іроніі лёсу той апошні надгробак быў з магілы памерлага ў 1842 вікарыя Францішка Каранеўскага. Святара, які хрысціў Каліноўскага.

Спадар Мар'ян упэўнена паказвае месца, дзе стаяў колішні драўляны касцёл: праз дарогу ад сучаснага мураванага. Цяпер на тым месцы будынак плябаніі. Побач на маленькім пагорку стаіць скульптура Божай Маці. Магчыма, гэты пагорак — тое, што засталося ад падмурку старой бажніцы.

У сярэдзіне XIX ст. касцёл Міхала Арханёла ўжо знаходзіўся ў стане заняпаду. Стагадовы драўляны будынак патрабаваў значнага рамонту, і замест гэтага было вырашана пабудаваць новы мураваны храм. Стары касцёл, які памятаў хрост Каліноўскага, прастаяў як мінімум да 1866 г. і быў, паводле некаторых звестак, разабраны на гаспадарчыя пабудовы.

Прапаноўваем увазе чытачоў поўную публікацыю «Хронікі» ялоўскага парафіяльнага касцёла 1849 г. у перакладзе на беларускую мову. Першапачатковы друкаваны тэкст фармуляра-апытальніка падаецца намі тлустым, а звесткі, унесеныя ад рукі Віктарам Кулешам, — звычайным шрыфтам.

Аўтары выказваюць шчырую падзяку выкладчыку Вышэйшай духоўнай семінарыі, доктару гісторыі, а. Тадэвушу Крагелю (Беласток) за неацэнную дапамогу ў пошуку арыгінала «Хронікі», а таксама краязнаўцу Мар'яну Гайдучэню (Ялоўка) і архітэктару Андрэю Шулаеву (Менск) за карысныя звесткі і кансультацыі.

Зміцер Кузменка, Вольга Сямашка

Хроніка парафіяльнага касцёла ў мястэчку Ялоўка, размешчанага ў Віленскай дыяцэзіі, Гродзенскай губерні, Ваўкавыскім павеце і дэканаце.

Калі і кім закладзены, драўляны ці мураваны, і ў якім часе вымураваны, калі перад тым быў драўляны? Пад імем якога святога? Ці ёсць пры касцёле шпіталь і кім заснаваны? 

1. Ялоўскі драўляны парафіяльны касцёл, заснаваны невядома якім з польскіх каралёў, пасля зруйнавання першага [быў] за кошт ялоўскага старасты яснавяльможнага Казіміра Сапегі наноў адбудаваны ў 1747 з дрэва пад тытулам святога Міхала Арханёла.

Пры касцёле маецца драўляны шпіталь, заснаваны ў 1844 вяльможным ягамосцем, панам Леонам Златніцкім — паручнікам войскаў польскіх, парафіянінам ялоўскага касцёла.

2. Нараўкаўскі філіяльны касцёл, размешчаны над ракой Нараўкай у трох мілях ад ялоўскага парафіяльнага касцёла. Драўляны, на падмурку. Фундаваны ў 1777 г. пад тытулам святога Яна Хрысціцеля святой памяці найяснейшым Станіславам Аўгустам Панятоўскім, каралём польскім.

Якія касцёл мае зямельныя фундушы, у капіталах ці ануатах, кім і калі яны былі нададзеныя? Колькі ёсць філіяў, прыналежных да гэтай парафіі, і як [яны] называюцца? Якія былі і ёсць абавязкі парафіяльнага і філіяльнага касцёлу?

Фундушу зямельнага, [якім] валодаў гэты касцёл, і цяпер валодае, агулам зямлі 269 моргаў, 249 прутоў.

Ануаты былі наступныя.

1-я завешчаная сума рублёў ср.[эбрам]: сто пяць у 1702 г. ягамосцем ксяндзом Якулоўскім, плябанам ялоўскім адпісаная і заснаваная на фальварку Каласы ў Ваўкавыскім павеце абшарнікаў Буткевічаў, укладзеная імі ж у 1840 г. у гарадзенскі Прыказ.

2-я завешчаная сума рублёў ср.[эбрам]: сто дваццаць у 1736 г. Францішкам Лапатам адпісаная і на Мсцібаўскім кагале размешчаная.

3-я завешчаная сума рублёў ср.[эбрам]: шасцьсот яснавяльможным Сапегам, старастам ялоўскім, невядома ў якім годзе была адпісаная, размешчаная на спадчынных уладаннях яснавяльможнага Тымана [ў] Дзярэчыне ў Слонімскім павеце. З тога ўкладання ягамосць ксёндз Міхал Грабавецкі, плябан ялоўскі, [суму] зняў, не адклаў, і [яна] тым парадкам загінула.

4-я сума рублёў ср.[эбрам]: семдзясят пяць тэстаментам Міхала Адамовіча, дзедзіча фальварка Бліскоўшчына, тым жа [фальваркам] закладзеная.

5-я сума рублёў ср.[эбрам]: пятнаццаць на фальварку Клярынава шляхціца Грымянца заснаваная.

Усе гэтыя сумы адышлі да скарбу.

Абавязкі ялоўскага парафіяльнага касцёла: апроч нядзельных і святочных дзён, у якія святая спяваная Імша за жывых і памерлых парафіян павінна адпраўляцца, яшчэ ёсць фундушавых святых службаў сто пяцьдзясят дзевяць.

Нараўкаўскі філіяльны касцёл, як відаць з прывілею святой памяці. Станіслава Аўгуста, караля польскага, выданага 21 лістапада 1793 г., меў фундушам нададзеную вёску Заблочына, хаты чатыры, а таксама дзесяць валок і шэсць маргоў зямлі. Але ў пазнейшым часе ягамосць ксёндз Міхал Карповіч, учыніўшы 6 чэрвеня 1841 г. дамову з вяльможным ягамосцем панам Стэфанам Карчэўскім, паручнікам войск рас.[ейскіх], меў толькі забеспячальны фундуш рублёў ср.[эбрам]: сто дваццаць, а таксама шэсць шанкоў жыта, шэсць шанкоў аўсу, шанок грэчкі і паўшанку гароху. Абавязкаў жа нараўкаўскага філіяльнага касцёлу, апроч святой спяванай Імшы [адпраўлянай па днях] нядзельных і святочных за парафіян жывых і памерлых, ніякіх іншых няма.

Якія надгробкі ёсць у касцёле або найбольш адметныя на цвінтары? Надпісы [на надгробках] прадставіць у дакладных копіях. Дзе ёсць ці былі крыпты для фундатараў і якія, пазначыць.

Надгробкаў у касцёле і на цвінтары, а таксама крыптаў для фундатараў ніякіх няма. Пры самым нараўкаўскім філіяльным касцёле на цвінтары ёсць шэсць мураваных надгробкаў з цэглы, на якіх, хаця і былі надпісы, але з-за даўнасці яны сцёртыя. Крыптаў для фундатараў таксама ніякіх няма.

Колькі званоў? Якія на іх надпісы? Кім урачыстым абрадам або толькі святой вадой і малітвай асвечаныя і калі нададзеныя касцёлу? Колькі прыкладна важаць пудоў?

Званоў пры парафіяльным касцёле чатыры, надпісаў на іх няма, і невядома кім [яны] былі асвечаныя. Першы з іх важыць прыкладна пятнаццаць пудоў, другі, меншы — пудоў дзесяць. Абодва нададзеныя касцёлу яснавяльможным Антоніем Лапатам, лідскім лоўчым, 25 сакавіка 1738 г. Трэці і чацвёрты важаць пудоў па пяць, няма ніякіх звестак кім яны ахвяраваныя касцёлу.

Званоў пры філіяльным касцёле тры, першы з якіх важыць (паводле інвентара) пудоў дванаццаць. Іншыя два — па шэсць пудоў. Гэтыя званы асвечаныя ягамосцем ксяндзом Францішкам Дуброўскім, першым пробашчам нараўкаўскім, за кошт якога [і] былі вырабленыя ў 1770 г. Надпісаў на іх няма.

Гістарычныя памяткі, якія згадваюць гэты касцёл ад найдаўнейшых часоў да нашых дзён — ці з вусных паданняў, ці з дакументаў, ці ў памяці старых людзей захаваныя сабраць і апісаць.

Гістарычныя памяткі, якія згадваюць гэты касцёл ад найдаўнейшых часоў аж да нашых дзён, такія: што, як выяўляецца [з] вусных паданняў народа, перад гэтым драўляны касцёл быў меншы за цяперашні. А паданне аб існаванні папярэдняга касцёла пацвярджаюць парафіяльныя Акты хросных метрык, якія пачынаюцца ад 1635 г.

Якія прадметы, вартыя згадкі, мае скарбніца альбо закрысція?

Скарбніца альбо закрысція гэтага касцёла не мае такіх прадметаў, якія маглі б звярнуць [на сябе] асаблівую ўвагу. У скарбніцы ж нараўкаўскага філіяльнага касцёла знаходзіцца французскі ядвабны дыван незвычайнай прыгажосці — наўкруг кветкі, а пасярэдзіне персанажы, якія невядома што азначаюць. Мае даўжыні восем локцяў, а шырыні — пяць. Ахвяраваны яснавяльможным Гутоўскім з Варшавы.

Якія фэсты, святы і брацтвы звязаныя з гэтым касцёлам і якімі паўнамоцтвамі?

Фэстаў у гэтым касцёле — два: святога Антонія Падуанскага і святога Міхала Арханёла як патрона касцёла.

Брацтва да спявання святога Ружанца ў касцёле хаця і ёсць, але без ніякага [акрэсленага] паўнамоцтва.

У нараўкаўскім філіяльным касцёле ёсць толькі адзін фэст — святога Яна Хрысціцеля як патрона касцёла. Брацтва пры тым касцёле ніякага няма.

Пералічыць касцельнае аздабленне, якое можа звярнуць увагу з прычыны мастацкай ці гістарычнай адметнасці. Пазначыць найбольш выдатных пробашчаў, якія навукай, парадкаваннем касцёла або дабрачыннасцю славіліся.

Касцельнага аздаблення як ялоўскага парафіяльнага касцёла, так і нараўкаўскага філіяльнага касцёла, такога, якое магло б звярнуць [на сябе] ўвагу з прычыны мастацкай ці гістарычнай адметнасці, няма.

Прысяжных пробашчаў такіх, якія б навукай або парадкаваннем касцёла славіліся, як сведчаць касцельныя візіты, не было. Але было [ў] нядаўнім часе два адміністратары, а менавіта: вялебны ягамосць ксёндз Антоній Кіткевіч, былы капелан Свіслацкай гімназіі і разам [з тым] адміністратар ялоўскага касцёла, а цяперашні рэктар Віленскай дыяцэзіяльнай семінарыі, які навукай славіўся і дужа шмат садзейнічаў рамонту ялоўскага касцёла і адбудаванню наноў некаторых гаспадарчых будынкаў. А наступнік ягоны — святой памяці Францішак Каранеўскі ордэна камендулаў, планы свайго папярэдніка, як што да касцёла, так і [да] будоўлі гаспадарчай, давёў да поўнага ажыццяўлення.

Да чыйго ўладання належыць вёска або мястэчка, дзе знаходзіцца касцёл? Як і калі маёнтак гэты з рук у рукі пераходзіў?

Мястэчка Ялоўка, у якім знаходзіцца парафіяльны касцёл, сёння дзяржаўнае, але даўней мястэчка з маёнткам той жа назвы і сёламі, да яго прыналежнымі, належалі каралям польскім як сталовыя маёнткі, якія ўвесь час аддаваліся гэтымі ж каралямі ў 50-гадовае трыманне асобам за ваенныя і грамадзянскія заслугі ў краі, як то: спачатку Гараінам, потым Сапегам і, урэшце, Булгарыным.

Мястэчка Нараўка, дзе знаходзіцца філіяльны касцёл, сёння таксама дзяржаўнае, але папярэдне мястэчка з маёнткам той жа назвы і сёламі, да яго прыналежнымі, належалі каралям польскім як сталовыя ўладанні, якія ўвесь час аддаваліся гэтымі ж каралямі ў 50-гадовае трыманне асобам [за] ваенныя і грамадзянскія заслугі ў краі, як то: Бенкінам, а потым Карчэўскім. 

Колькасць парафіян абодвух палоў. Знешні выгляд будынка касцёла. Аблічча ваколіцы. Характарыстыка парафіян.

Агульная колькасць парафіян ялоўскага касцёла мужчынскага полу 2 436, жаночага — 2 280. Знешні выгляд парафіяльнага касцёла: даўжыні 45 локцяў, шырыні — 25. Звернуты на поўнач фронтам, на поўдзень — галоўным фасадам. Унутры пабелены, звонку наўкруг дошкамі ашаляваны.

Знешні выгляд нараўкаўскага філіяльнага касцёла: мае даўжыні 32 локці, шырыні — 18. Звернуты на поўнач фронтам, на поўдзень жа — галоўным фасадам. Унутры ўвесь пафарбаваны, звонку наўкруг дошкамі ашаляваны.

Аблічча ваколіцы — па большай частцы ўзгорыстае і пясчанае; шмат зарасніку і лясоў, прыдатных да будоўлі.

Характарыстыка парафіян ялоўскага касцёла: да касцёла свайго прыхільныя, набожныя і часта на набажэнства ў вялікай колькасці збіраюцца, а таксама прыстойныя і ў дамах сваіх простыя і гасцінныя.

Гэткія сведчанні, часткова з візітаў касцёла пазычаныя, а часткова з вусных паданняў народа, якія ёсць праўдзівыя і верныя, уласнаручным подпісам сцвярджаю.

Даў у плябаніі 1 снежня 1849 г. ксёндз Віктар Кулеша, адміністратар ялоўскага касцёла.

Фрагмент арыгінала ялоўскай «Хронікі»

Фрагмент арыгінала ялоўскай «Хронікі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0