Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па выніках перамоў са сваім турэцкім калегам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам заявіў, што бакі здолелі дамовіцца аб адмене практычна ўсіх эканамічных санкцый, уведзеных Расіяй у дачыненні да Турцыі, паведамляе ВВС.

Getty

Getty

Па яго словах, «можна казаць, што [гэтыя абмежаванні ўжо] знятыя». Пры гэтым пакуль захаваюцца абмежаванні на пастаўку ў Расію турэцкіх таматаў, а таксама уведзены Расіяй візавы рэжым для грамадзян Турцыі.

«Мы прасілі нашых турэцкіх партнёраў і сяброў зразумець, што пасля вядомых трагічных падзей, калі былі ўведзеныя гэтыя абмежаванні, жыццё развівалася і не стаяла на месцы. Гэта звязана з вытворчасцю тых самых таматаў», — сказаў Пуцін.

«Нашы сельгасвытворцы ўзялі значныя аб'ёмы крэдытаў і крэдытных рэсурсаў. Гэта дастаткова працяглы цыкл вытворчасці, звязаны ў нашых кліматычных умовах з будаўніцтвам цяплічных збудаванняў, і гэтак далей. Па гэтым відзе тавараў абмежаванні пакуль будуць заставацца», — растлумачыў ён.

Па словах Пуціна, Расія зацікаўленая ў тым, каб на паліцах крам з'яўляліся танныя і якасныя прадукты. «Але [ў той жа час] мы зацікаўленыя ў тым, каб наш сельскагаспадарчы сектар развіваўся, а тыя, хто ўзяў крэдыты, не аказаіся ля пабітага карыта», — дадаў ён.

Тлумачачы візавыя абмежаванні для турэцкіх грамадзян, Пуцін сказаў, што праблема заключаецца ў тым, каб палепшыць узаемадзеянне спецслужбаў у сувязі з тэрарыстычнай пагрозай. Пры гэтым для турэцкіх грамадзян, якія пастаянна бываюць па справах у Расіі, прадугледжаная некаторая лібералізацыя.

Эрдаган на супольнай з Пуціным прэс-канферэнцыі пацвердзіў прагрэс на шляху да поўнай адмены якіх-небудзь абмежаванняў. «Акрамя памідораў, мы прыйшлі да згоды па ўсіх пытаннях. Мы хочам, каб турэцкія памідоры аказаліся на расійскім рынку. Яны смачныя і танныя. І гэтыя часовыя абмежаванні», — сказаў ён.

У ходзе перамоў два прэзідэнты таксама абмеркавалі будаўніцтва турэцкай атамнай электрастанцыі «Акую» і сітуацыю ў Сірыі. Па словах Пуціна, Расія інвестуе ў будаўніцтва «Акую» 22 млрд даляраў. Раней праект ацэньваўся прыкладна ў 20 млрд даляраў.

Лідары закранулі таксама сірыйскую праблему.

«Ёсць адна руская прыказка: у каго што баліць, той аб тым і кажа. Для абедзвюх нашых краін Сірыя — крывацечная глыбокая рана. І калі ў іншых краінах дзеці гуляюць, радуюцца прыходу вясны, то сірыйскія дзеці кожны дзень сутыкаюцца са смерцю, і гэта наша агульнае гора», — заявіў на прэс-канферэнцыі Эрдаган.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?