9 жніўня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну ўстаноўлены помнік на магіле паэта Анатоля Сыса.
Анатоль Сыс
Помнік выраблены з чырвона‑чорнага граніту. У верхнім правым куце мэмарыялу — цярновае гняздо, у якім сядзіць птах — сымбаль «салаўінага сэрца Беларусі», як называлі паэта прыхільнікі яго творчасьці. Унізе — белы мармуровы камень у выглядзе чыстага аркуша, які азначае, што паэт шмат мог бы яшчэ напісаць. На тыльным баку помніку выбіта чатырохрадкоўе Сыса:
«Як па зорах, па расе
Твой апошні шлях праляжа.
Памірай, а жыта сей —
Рунь пра сейбіта раскажа».
Аўтар помніку — Генадзь Лойка. Ён больш як год працаваў над яго вырабам. Збор сродкаў правялі рок‑музыканты, пісьменьнікі, сябры і прыхільнікі таленту паэта.