Чым кіраваўся Саакашвілі, рушыўшы войскі на Цхінвалі? Няўжо ён усур’ёз лічыў, што Расея не зрэагуе? На што быў разьлік?

Ці мог Саакашвілі аддаць войскам загад пра атаку, не паставіўшы ў вядомасьць ЗША? Гэта малаімаверна, улічваючы асаблівыя адносіны Тбілісі і ЗША. Знакаміты рэпарцёр Войцех Ягельскі піша з Тбілісі, што плян удару быў распрацаваны прынамсі год таму. Нават калі з Вашынгтонам гэта не ўзгаднялася, цяжка сабе ўявіць, каб амэрыканская выведка таго ня ведала. У такім разе маўклівая падтрымка рэйду ў Асеціі кладзецца ў агульную канву саманадзейнае замежнай палітыкі адміністрацыі Буша. Вынік гэтай палітыкі — стабільна 100—150-даляравыя цэны на нафту і 50 тысяч ахвяраў у Іраку.

Ці была правакацыя Расеі? Ясна, што

150 танкаў проста так на мяжы напагатове не стаяць.
Можна заўважыць, што напярэдадні канфлікту ў Цхінвалі зьехаліся журналісты практычна ўсіх расейскіх СМІ і з Цхінвалі вывезьлі дзяцей. Але мастацтва палітыка ў тым і праяўляецца, каб не паддавацца на правакацыі. Аўстрыйская журналістка Крысьціна Курчаб-Рэдліх, якая доўгі час была карэспандэнткай у Чачэніі, з тонкім веданьнем кулісаў каўкаскае палітыкі і яе працягаў іншымі сродкамі, адзначае, што тую самую тактыку Пуцін ужываў для атак на чачэнцаў – падштурхнуць праціўніка да памылак і скарыстаць іх як падставу.

Чаго хацелі дабіцца грузіны? Яны хацелі справакаваць паніку сваім масіраваным ударам па асецінскіх пазыцыях і з налёту ўзяць усё. Той факт, што яны не перакрылі Рокскага тунэлю наводзіць на думку, што яны сапраўды правакавалі масавыя ўцёкі асяцінскага насельніцтва і перадусім вайскоўцаў, каб пачаць гандаль постфактум.

Ці сапраўды Цхінвалі сьцёрты з твару зямлі і ў ім загінула 2000 мірных жыхароў? Расійскія спэцслужбы спрабуюць зрабіць зраюіць кальку з асьвятленьня югаслаўскіх войнаў. Здаецца, расейская прапаганда нямала маніць, перабольшваючы адны і зьмяншаючы іншыя лічбы.

Чаго дабілася Грузія ў выніку сваёй авантуры? Грузіны паказалі, што гэта ня нацыя баязьліўцаў, што яны ўмеюць ваяваць, калі маюць зброю. Таксама яны паказалі,

як хутка можа зьмяніць краіну перабудова краіны на эўрапейскі лад
, бо яшчэ пяць гадоў таму Грузія была недадзяржавай. Яны паказалі асяцінам, што тым ня жыць спакойна ў сваіх цясьнінах бязь міру з Тбілісі. Але гадоў на 20, на пэрыяд памяці пакаленьня, Грузія страціла магчымасьць памірыцца з асяцінамі, вярнуць Асецію.
Калі Тбілісі хацеў такім чынам сарваць шырму з пазыцыі Расеі і справакаваць Маскву на ўвод войскаў, ён свайго дабіўся.
Саакашвілі мог кіравацца тым, што Асеція сыходзіла без варыянтаў, і важна было б хоць паказаць, што гэта расійская акупацыя, а ніякі там нацыянальны канфлікт. Толькі раней ён меў у Цхінвалі 500 расейскіх вайскоўцаў, якіх Грузія была здольная заблякаваць і ізаляваць на працягу некалькіх гадзінаў, як тое і зрабіла 8 жніўня, а зараз будзе мець цэлую 58-ю армію.

Ці ведала Расея пра рэйд загадзя? Выглядае, што так, але вычэквала. Міністар замежных справаў Швэцыі параўнаў дзеяньні Расеі з тактыкай Гітлера, які таксама ўмела выкарыстоўваў абарону «суайчыньнікаў» як падставу для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы суседзяў, а пасьля і для поўнага падпарадкаваньня іх, і ўсё гэта пры поўным нежаданьні заходніх дэмакратый умешвацца ў няясныя ўсходнія справы.

Бамбавікі над Марнэулі выклікалі злавесныя ўспаміны ў Хэльсынкі і Рызе і дрыжыкі ў Кіеве.

Пачвары вылезьлі з скрынкі Пандоры, і тая скрынка называлася Косава, і адкрыў яе Джордж Буш. Калі Амэрыцы можна адарваць Косава ад сувэрэннай дзяржавы, то чаму Расеі няможна зрабіць тое самае з Асеціяй? Так, у Косаве альбанцаў было 90%, а ў Асеціі асяцінаў дзьве траціны. Так, Косава было спэцыяльным выпадкам, але Косава можа аказацца і прэцэдэнтам.

Якое магло б быць выйсьце з сытуацыі? Вельмі простым: Тбілісі наступае на горла ўласнай песьні,

прызнае незалежнасьць Асеціі і Абхазіі
, абтрасае гэтыя ланцугі, якія замінаюць Грузіі далучыцца да НАТО і Эўрасаюзу. Пад парасонам НАТО і ЭС Грузія набыла б гарантыі сувэрэнітэту. Нічога фатальнага ў такой страце для Грузіі не было б. Затое Расея страціла б падставы для ўмяшаньня.

Ці рэальны такі варыянт? Не, не рэальны пасьля таго што што адбылося, калі ў Грузіі нагнеценыя ірэдэнтысцкія настроі. Зь іншага боку, так, рэальны — а чаму б не прызнаць рэчаіснасьць рэчаіснасьцю? — толькі не пры гэтым пакаленьні палітыкаў. Патрэбная іншая палітычная воля і інтэлектуальная прызма.

Якая навука для Беларусі? Першае — беларуская дыпляматыя даказала сваю здольнасьць да апэратыўнага рэагаваньня, ад пачатку заняўшы нэйтральную пазыцыю. Другое — магчымасьць атрыманьня падвойнага грамадзянства імплікуе стратэгічныя рызыкі для суседзяў Расеі. Трэцяе — Расея перайшла на новую стадыю імпэрыялізму, на якой гатовая да больш актыўнага ўжыцьця ваеннай сілы для прасоўваньня сваіх эканамічных інтарэсаў. Калі сёньня ў Горы і Цхінвалі, то чаму заўтра ня ў Крыме, а пазаўтра ня ўздоўж «Ямалу-Эўропы»? Чацьвёртае, крывавая сутычка на мікраскапічным лапіку нагадала, што чалавецтва можа лёгка скаціцца да новага сусьветнага канфлікту, і з ростам эканамічнай магутнасьці Расіі яе палітычныя прэтэнзіі і псыхалягічныя траўмы ствараюць для таго падставы. Асяцінская вайна паказала

неабходнасьць далейшае распрацоўкі дактрыны нэйтралітэту Беларусі
.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?