Як стала вядома Tribuna.com, паліцыя Францыі правяла вобшук трэнерскага штаба зборнай Беларусі, а таксама некалькіх хакеістаў, у ліку якіх апынуліся Ягор Шаранговіч і Андрэй Касціцын.

Зборная Беларусі на цягніку пасля таварыскіх матчаў з гаспадарамі чэмпіянату свету пераязджала з Бардо ў Парыж. Па прыездзе ўсе пасажыры цягніка былі адпушчаныя, а паліцыя правяла пільны вобшук багажу галоўнага трэнера Дэйва Льюіса, яго памочнікаў Крэйга Вудкрафта і Алега Антоненкі. Таксама працэдуры ператрусу былі падвергнутыя форварды Ягор Шаранговіч і Андрэй Касціцын. Працэдура заняла каля паўгадзіны.

Пасля таго як паліцыянтам не ўдалося нічога знайсці, усе былі адпушчаныя.

— Калі цягнік прыбыў, нас, нібыта ў мэтах бяспекі, папрасілі затрымацца ў вагоне. Праз некалькі хвілін, калі быў дадзены дазвол на выхад, мы патрапілі ў паліцэйскае ачапленне, якое нечакана ператварылася ў імправізаваны пункт мытнага надгляду. Прычым даволі жорсткага: асабістыя рэчы гульцоў і трэнераў падвергліся вельмі стараннаму надгляду. Як здалося, з асаблівай стараннасцю даглядалі багаж узроставых трэнераў. Што тычыцца доктара нашай зборнай, то ў яго рэчах перагледзелі кожную таблетку і ампулу. Пры гэтым, што цікава, перакладчыкам выступаў французскі гід нашай каманды: відаць, ніхто з надглядчыкаў не валодаў кірыліцай.

Усе спробы высветліць, у чым справа, натыкаліся на жорсткае «не перашкаджайце працаваць». Надгляд доўжыўся каля 20 хвілін, і ўвесь гэты час мы знаходзіліся ў ачапленні людзей у форме. Здаецца, акрамя паліцыі, там былі і вайскоўцы. Скончылася гэта тым, што нам сказалі «добра, у вас усё ў парадку», — пракаментаваў інцыдэнт «Прессболу» адзін з відавочцаў падзеі.

Прэс-сакратар Федэрацыі хакея Беларусі Яўгенія Нікіціна у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Tut.by ад афіцыйных каментароў пакуль устрымалася. Яна адзначыла, што зборная Беларусі ўжо дабралася да месца дыслакацыі ў Парыжы, засялілася ў гатэль і павячэрала.

Міністэрства замежных спраў Беларусі ў афіцыйным твітары паведаміла, што пасольства ў Францыі падтрымлівае кантакт са зборнай па хакеі. У сувязі з ператрусам у французскага боку запытаны тлумачэнні.

Напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Рыа французская паліцыя правяла ператрус у размяшчэнні зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, якая праводзіла трэніровачны збор у Францыі. Па выніках расследавання зборная Беларусі была адхіленая ад удзелу ў Алімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанейра. Пазней беларускі бок выйграў суд і быў апраўданы.

Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Кёльне і Парыжы з 5 па 21 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?