16‑гадовая беларуска Тацяна Казыра абвергла інфармацыю аб тым, што амэрыканская сям’я гвалтоўна ўтрымлівае яе ў ЗША. Аб гэтым паведамляе газэта The Press Democrat.

У відэаінтэрвію, разьмешчаным на сайце выданьня, Т.Казыра заявіла, што яе ніхто не прымушае застацца ў ЗША. «Гэта мой выбар, — сказала яна. — Я люблю гэту сям’ю і хачу пабыць тут больш. Я адчуваю, што гэта мая сапраўдная сям’я і хачу застацца зь імі».

Т.Казыра таксама зазначыла, што ў Беларусі аб ёй клапацілася толькі бабуля, а «сябра майго бацькі прыходзіць з наркотыкамі ў наш дом».

Як раней паведамлялася, 5 жніўня група з 25 беларускіх дзяцей павінна была вылецець ў Мінск з Сан‑Францыска. Да прызначанага часу ў аэрапорт не прыбыла грамадзянка Беларусі 1991 года нараджэньня Тацяна Казыра. Пазьней стала вядома, што яна падала дакумэнты ў іміграцыйную службу, каб прадоўжыць гасьцявую візу, і можа заставацца ў ЗША, каб дачакацца рашэньня ўладаў.

Між тым на прэс‑канфэрэнцыі 7 жніўня міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў сказаў, што «дзяўчынка заявіла, што хоча вярнуцца ў Беларусь». Беларускае МЗС разглядае сытуацыю зь невяртаньнем Т.Казыра з ЗША як «недапушчальнае парушэньне дагаворных абавязацельстваў» у межах праграмы амэрыканскай арганізацыі Chernobyl Children’s Project.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?