Фота orda.of.by

Фота orda.of.by

У вёсцы Чахец, што пад Пружанай, не адно стагоддзе ляжыць камень у выглядзе крэсла. Ляжыць каля занядбанай сядзібы паноў Дзяконскіх.

Чахецкія вам раскажуць, што крэсла выцясалі «сто пяцьдзясят гадоў таму», бо так пажадала паненка. Яшчэ скажуць, што сам пан любіў у гэтым крэсле сядзець і глядзець на захад сонца.

Але вось якая гісторыя здарылася гэтай вясной з гэтым каменем. Адбылося гэта роўна дзень у дзень (вядома, выпадковасць) на раўнадзенне, 20 сакавіка.

«Прадсядацель» мясцовага «калхоза» Аляксандр Камінскі (цяпер гэта ААТ «Шані-Аграпрадукт», а ён там дырэктарам) захацеў, каб гэты камень ляжаў не на ўскрайку закінутай чахецкай сядзібы — а ля ягонага катэджа ў суседняй вёсцы Клятное.

Чахецкія далей распавядаюць так: 20 сакавіка, раніцай («у дзесяць часоў») прыгналі «анкадора» (пагрузчык) і камень звезлі. У той жа дзень з Чахца (за Саветамі гэтую частку Чахца пераназвалі ў Каштанаўку) узяліся званіць па ўсіх пружанскіх установах — ад райвыканкама да міліцыі — з алярмам: шанёўскі «прадсядацель» скраў наш камень.

Красавік 2017. Фота Юрыя Змітровіча

Красавік 2017. Фота Юрыя Змітровіча

Чым скончылася? Не даўжэй як праз два дні тым жа «анкадорам» камень паклалі на месца. Перавозка не пашкадавала камень: у двух месцах на ім цяпер заўважныя сколы, хоць істотна камень не пацярпеў. Праўда, цяпер стаіць няўтульна, выкарчаваны з зямлі.

У СМІ гэты выпадак не патрапіў. Расказваем вам пра яго першымі.

Як вядома, падобная гісторыя год таму адбылася пад Лагойскам. Тады з вёскі Мяхеды хацелі звезці камень пад царкоўны пастамент, але вяскоўцы абаранілі свой камень.

Дадамо, што ў нашым рэгіёне (Беларусь, Літва, Латвія) нямала «чортавых» камянёў, што маюць выгляд крэсла, ложка, стала (і так і называюцца). Дык там дзесь яны проста ёсць, а ў нас іх яшчэ і бароняць.

Чортава крэсла. Заходняя Літва

Чортава крэсла. Заходняя Літва

Чортава крэсла. Паміж Коўнам і Вільняй

Чортава крэсла. Паміж Коўнам і Вільняй

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?